7 лютага ў Беларусь прыбывае зь візытам прэмʼер-міністар Латвіі Марыс Кучынскіс.
Цікава, што дэталі падрыхтоўкі гэтай паездкі кіраўнік ураду Латвіі абмеркаваў са сваім беларускім калегам Андрэем Кабяковым на нэўтральнай тэрыторыі — у Будапэшце. Менавіта ў сталіце Вугоршчыны напрыканцы лістапада 2017 году яны сустрэліся на паседжаньні кіраўнікоў урадаў краін Усходняй і Цэнтральнай Эўропы.
Тады спадар Кабякоў заявіў, што чакае ад гэтага візыту «сурʼёзнага напаўненьня». І дадаў, што ў цэнтры перамоваў будзе інвэстыцыйная супраца.
«Ёсьць пэрспэктывы для пашырэньня супрацы ў лягістычнай сфэры. Латвія мае выхад да мора і добрую партовую інфраструктуру, у кітайска-беларускім індустрыйным парку „Вялікі камень“ будуецца буйны лягістычны цэнтар (свайго роду „сухі порт“). Мы разьлічваем, што і латвійскі капітал прыйдзе ў парк. Думаю, будзе цікава ўвязаць партовую інфраструктуру з магчымасьцямі нашага „сухога порта“», — сказаў Кабякоў.
І раней латвійскі прэмʼер прыяжджаў у Беларусь
Марыс Кучынскіс ня першы кіраўнік ураду Латвіі, які наведвае Беларусь. У лютым 2009 году ў Менск прыяжджаў тагачасны прэмʼер-міністар Іварс Годманіс. Тады ён са сваім беларускім калегам Сяргеем Сідорскім падпісалі мэмарандум аб супрацы ў энэргетыцы. На той час дзьве краіны разам зь Літвой зьбіраліся прапанаваць Эўропе супольны энэргетычны праект. Аднак будаўніцтва Беларускай атамнай станцыі каля літоўскай мяжы парушыла гэтыя разьлікі.
У апошнія гады латвійскія палітыкі актыўна падтрымліваюць сувязі зь беларускімі ўладнымі структурамі. Працэс пачаўся ў 2015 годзе, калі Латвія рыхтавала рыскі саміт «Усходняга партнэрства». З таго часу і праходзяць рэгулярныя сустрэчы чыноўнікаў абедзьвюх краін. Асабліва актыўны тут міністар замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс.
У Латвіі пражываюць каля 70 тысяч беларусаў. Гэта другая (пасьля расейцаў) нацыянальная меншасьць краіны.