Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Букчын: Навошта Марціновіч мерае сябе Прылепіным?


Віктар Марціновіч
Віктар Марціновіч

Пісьменьнік Віктар Марціновіч, напісаўшы артыкул «Не хачу быць адной літаратуры з Прылепіным», узьняў спрэчнае пытаньне наконт магчымасьці беларускіх расейскамоўных літаратараў атаясамліваць сваю творчасьць з расейскім літаратурным працэсам, які, у сваю чаргу, зьвязаны з глябальным постсавецкім расейскамоўным рынкам літаратуры.

«Мы разьдзялялі нашую літаратуру з рускімі — і хай сабе яны ніколі ня ставіліся да нас асабліва сур’ёзна (уявіце сабе, як гэта гучала для маскоўскага вуха — „писатель из Белоруссии“), у нас былі прыкладна адны тэмы, адна нуда, адзін постсавецкі боль. Але ў апошнія гады ўсё зьмянілася. Прычым, падкрэсьлю, мяняцца пачало не з палітыкі, а з больш глыбінных рэчаў», — піша Віктар Марціновіч,

Радыё Свабода запыталася ў беларускіх расейскамоўных літаратараў, ці мае рацыю Віктар Марціновіч і якія «глыбінныя рэчы» разьдзяляюць беларускую і расейскую літаратуру.

«Беларускія камуністы супраць Прылепіна»

Андрэй Лазуткін
Андрэй Лазуткін

Малады пісьменьнік, камуніст Андрэй Лазуткін, аўтар аповесьці ў стылі «ост-мадэрн» «Палігон», кажа, што перамены, якія адбыліся ў творчасьці Захара Прылепіна, зьвязаныя з палітычнымі поглядамі гэтага аўтара і адсоўваюць яго творчасьць і ад літаратуры, і ад разумнага чытача.

«Агулам я згодны зь Віктарам Марціновічам. Калі браць таго ж Прылепіна, то я сам да нядаўняга часу меў да яго даволі цёплыя пачуцьці. Але пасьля раману „Обитель“ стала зразумела, што гэты аўтар займаецца прапагандай, катаючыся па Наваросіі. Прылепін быў цікавы ў 90-я гады, была выдатная аповесьць „Васьмёрка“, якую нядаўна экранізавалі. Але той Прылепін, які езьдзіць па Наваросіі, мяне напружвае. Для пісьменьніка гэта няправільна.

Што тычыцца мяне, то я сябра Камуністычнай партыі Беларусі, і мы не падзяляем пазыцыю, якую займаюць сэпаратысты і іх паплечнікі. Таму такія рэчы я асуджаю.

Калі гаварыць пра беларускую і расейскую літаратуры, то магу адзначыць, што я вырас на расейскай літаратуры, клясычнай і сучаснай. Я люблю і Сарокіна, і Пялевіна, і Прылепіна, і Венічку Ерафеева — бязь іх наш культурны пласт быў бы няпоўны. Але я думаю, што літаратура заўсёды будзе вышэй за палітыку, хачу, каб літаратура ніколі не ператваралася ў прапаганду, бо разумныя чытачы заўсёды адрозьняць адно ад аднаго».

«Марціновічу не хапае сьціпласьці, што ён мерае сябе Прылепіным»

Сямён Букчын
Сямён Букчын

Празаік і публіцыст Сямён Букчын лічыць, што артыкул Віктара Маціновіча ня ўдаўся — пісьменьніку ня варта лезьці ў палітыку, замест гэтага трэба грунтоўна тлумачыць, чаму не падабаецца канкрэтны твор.

«Марціновіч ня можа быць у адной літаратуры з Прылепіным. Марціновіч — у беларускай, незалежна ад таго, на якой мове ён піша, Прылепін — у расейскай. Марціновічу ня варта палітызаваць мастацтва і літаратуру як яго частку. Прадмет мастацтва — гэта чалавек. Таму як можна казаць, што нейкія тэмы далёкія для нас? А хіба тэмы, якія ўздымалі Хэмінгуэй і Кафка, блізкія? Гэта ўсё нейкая неразумная палітызацыя — маўляў, чытайце сваіх. Ставіцца да творчасьці Прылепіна ці каго іншага можна па-рознаму, чытач мае на гэта права. Дарэчы, няхай Марціновіч канкрэтна скажа, што яго не задавальняе ў творах Прылепіна, хай напіша крытыку на той жа раман „Обитель“, які атрымаў прэмію „Вялікая кніга“. Прылепін сёньня — вельмі вядомы пісьменьнік і публіцыст. Але казаць, што вось уздымаюцца ня тыя тэмы, што раней мы іх разумелі, а цяпер не разумеем, — гэта нешта няўцямнае. Марціновіч нешта хацеў сказаць, але сказаў непрымальна.

Віктар Марціновіч, як відаць зь яго прозы, таксама ў пошуку тэмаў, якія адлюстроўваюць беларускую рэчаіснасьць. Тое самае і ў расейскай літаратуры. Там, праўда, раздрай — падзяліліся на патрыётаў і лібэралаў. Гэта пачалося яшчэ да развалу СССР, але ў сувязі з падзеямі ва Ўкраіне шмат што абвастрылася. Гэта натуральна. І хоць лічыцца, што пісьменьнік не павінен быць сьціплым, найбольш мяне засмуціла, што Марціновіч выбраў сам такую мерку — Захара Прылепіна. Што ж ты, Віктар, робіш? Навошта ты мераесься Прылепіным? Можна ж і іншыя меркі выбраць — і ў беларускай, і ў расейскай літаратуры».

«Прылепін зьехаў з глузду, але Акунін не зьмяніў тэмаў — як пісаў крутую бэлетрыстыку, так і піша»

Антон Кашлікаў
Антон Кашлікаў

Пісьменьнік і журналіст Антон Кашлікаў зьвяртае ўвагу на тое, што ў сваім артыкуле Віктар Марціновіч спасылаецца на малавядомых шырокаму колу чытачоў расейскіх аўтараў, якія апошнім часам сапраўды сталі малазразумелыя патэнцыйнаму беларускаму аматару літаратуры. Што да самых растыражаваных — а гэта аўтары-бэлетрысты — то іх тэматыка ніякім чынам не зьмянілася.

«Беларуская і расейская літаратуры ўжо даўно розныя. Мне здаецца, што Віктар Марціновіч хацеў сказаць наступнае: тое, пра што апошнім часам пішуць расейскія аўтары, стала менш зразумелым для чалавека, які жыве, скажам, не ў Саратаве, а ў Менску. Першыя раманы Прылепіна ці Самсонава я чытаў зь вялікім задавальненьнем, але цяпер я заўважаю, што гэтыя аўтары становяцца мне ўсе менш і менш цікавыя. Магчыма, ёсьць каньюнктура рынку, калі выдавецтвам патрэбныя пэўныя тэмы, у выніку чаго зьявіліся тыя творы, пра якія гаворыць Віктар у сваім артыкуле. Але я перакананы, што ўся расейская літаратура нашмат больш рознабаковая, чым узгаданыя Віктарам творы. І ня варта мераць усю расейскую літаратуру Прылепіным, які зьехаў з глузду, ці Праханавым. Калі спытаць сярэднестатыстычнага чалавека, якога расейскага пісьменьніка ён ведае, то ён, дай Бог, назаве Акуніна. Дык вось з Акуніным усё ў парадку — ён як пісаў крутую бэлетрыстыку, так і піша, у яго не было ніякіх ідэалягічных перакосаў. Што тычыцца беларускай літаратуры, то тут, незалежна ад мовы — беларускай ці расейскай — тэматыка заўсёды была зусім іншая, прывязаная да тутэйшых праблемаў і тэрыторыяў».

«Для нас выдавацца ў Расеі — ужо не абавязкова»

Для беларускіх пісьменьнікаў расейскія выдавецтвы — гэта ня толькі выхад на постсавецкі кніжны рынак, але і добрая магчымасьць быць заўважанымі эўрапейскімі літагентамі, якія манітораць расейскамоўную літаратуру.

У сваім артыкуле Віктар Марціновіч адзначае: «Некалі, зусім яшчэ нядаўна, выдавацца ў Расеі, асабліва калі ты беларускі аўтар, што піша па-расейску, было нармальна. Не заганна. Ня сорамна». І дадае ў камэнтары:

Я не хачу больш быць датычным да той інфармацыйнай супольнасьці, якая ўзнагароджвае слабы тэкст Прылепіна — проста таму, што Прылепін цяпер — у фаварытах у Пуціна

«Я выдаваўся ў Расеі і ня супраць таго, каб мае беларускамоўныя кнігі перакладаліся на расейскую мову. Мне падабаецца тое, што пішуць Уліцкая, Вадалазкін, Сарокін, Белякоў і іншыя. Але я не хачу больш быць датычным да той інфармацыйнай супольнасьці, якая ўзнагароджвае слабы тэкст Прылепіна — проста таму, што Прылепін цяпер — у фаварытах у Пуціна. І сам Прылепін пры гэтым робіць прамову пра тое, што літаратура — гэта той жа спорт, і, нібыта, перамог наймацнейшы, хо хо. У нас цяпер розныя літаратуры, у Расеі і Беларусі — роўна гэтаксама, як у нас — ужо даўно! — розныя краіны і розныя грамадзтвы».

Антон Кашлікаў, першая кніга якога выйшла ў расейскім выдавецтве, кажа: цяпер, напісаўшы выбітны тэкст, беларускі і ўкраінскі аўтар можа наўпрост выйсьці на эўрапейскага чытача, абмінуўшы этап выданьня ў Расеі:

«Трэба ствараць шмат розных якасных тэкстаў, пра якія б спрачаліся. Цягам апошніх гадоў стала зразумелым, што для беларускай кнігі шлях да міжнароднага чытача ляжыць зусім не праз Расею. Аўтар павінен прагучаць і зацікавіць чытачоў менавіта ў сваёй краіне. Тут можна ўзгадаць ініцыятыву „Books from Belarus“ — яна аб’ядноўвае незалежных беларускіх выдаўцоў, якія езьдзяць па сусьветных кніжных кірмашах. Мэта гэтай ініцыятывы — сказаць сьвету, што ў нас ужо дастаткова аўтараў, кніг, якія цікавыя па-за беларускім кантэкстам, якія можна з прыемнасьцю пачытаць у любой краіне. Гэтая кампанія ўжо мае плён. Зь ёй часткова зьвязаны посьпех таго ж Віктара Марціновіча ў Нямеччыне. Цяпер на славацкую мову перакладзены Ігар Бабкоў, ва Ўкраіне, Польшчы і Нямеччыне выказваюць вялікую цікавасьць да кнігі Ромы Сьвечнікава „Рома едзе“».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG