Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей: Беларусь думае над адэкватным рэагаваньнем на разьмяшчэньне войскаў НАТО ў Польшчы


Уладзімер Макей
Уладзімер Макей

Кіраўнік беларускага зьнешнепалітычнага ведамства Ўладзімер Макей быў прыняты прэзыдэнтам Польшчы Анджэем Дудам падчас працоўнага візыту ў Варшаву.

«Адбыўся абмен думкамі пра пэрспэктывы пашырэньня беларуска-польскага ўзаемадзеяньня, у тым ліку па вострых пытаньнях, у духу добрасуседзтва і ўзаемнай павагі», — гаворыцца ў прэс-рэлізе МЗС Беларусі.

Раней сёньня Макей сустрэўся з кіраўніком МЗС Польшчы Вітольдам Вашчыкоўскім.

«У апошнія месяцы ў беларуска-польскіх адносінах назіралася збліжэньне, і мы будзем працаваць над тым, каб працягнуць гэты працэс», — заявіў па выніках Вашчыкоўскі, перадае БелаПАН.

Пасьля сустрэчы з Вашчыкоўскім Макей узяў удзел у прэс-канфэрэнцыі, дзе заявіў польскім журналістам, што не вітае разьмяшчэньне войскаў НАТО ў Польшчы.

«Мы не ўспрымаем тое, што адбываецца, як прамую вайсковую пагрозу для Беларусі, але лічым гэта выклікам і думаем пра мэтады адэкватнага рэагаваньня на гэтыя падзеі», — дадаў кіраўнік МЗС.

Менск спрабуе зразумець лёгіку сваіх партнэраў, адзначыў ён.

«Нам ня хочацца верыць, што НАТО плянуе зьдзейсьніць нейкую агрэсію ў дачыненьні да Беларусі», — заявіў Макей, паведамляе Бі-бі-сі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG