Адказваючы на пытаньне пра стаўленьне да подпісаў супроць вайсковых парадаў, начальнік управы інфармацыі — прэсавы сакратар галоўнай управы ідэалягічнай працы Мінабароны палкоўнік Уладзімер Макараў выказаў шмат думак, якія выклікалі цікаўнасьць у журналістаў. Свабода прыводзіць адказ палкоўніка Макарава ў тым выглядзе, як запісаў дыктафон.
1. За заклікамі стаіць «вельмі шмат»
«Усёй гісторыяй сувэрэннай незалежнай Беларусі, а дэ-юрэ гэта чвэрць стагодзьдзя зь невялікім, дэ-факта, калі выбар беларускага народу забясьпечыў абраньне прэзыдэнтам Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Усе мерапрыемствы, якія праводзяцца ў далейшым, у выніку рэфэрэндуму, стала сьвяткаваньне галоўнага дня беларускай дзяржаўнасьці, Дня Незалежнасьці менавіта 3 ліпеня — а ўпершыню Дзень Незалежнасьці сьвяткавалі 3 ліпеня дакладна 20 гадоў таму, у 1997 годзе. Цягам вось адпаведнага часу, калі праводзяцца парады ў галоўнае сьвята Дзень беларускай дзяржаўнасьці, а ў юбілейныя гады, калі 9 траўня праводзім, гучаць заклікі не праводзіць, ня ў горадзе Менску і гэтак далей. Разумееце, за гэтымі заклікамі і вось гэтымі зваротамі, якія штогод тыражуюць, стаіць вельмі шмат».
2. Дзень Незалежнасьці — ня сьвята беларускіх радыкалаў
«Справа ў тым, што гэта тычыцца і кошту параду ды іншых пытаньняў.
Справа не ў эканамічнай праблематыцы, не ў цане паліва і сродках, якія выдзяляюць на абарону. І нават не ў часовых нязручнасьцях, калі, прыкладам, праводзяць начныя трэніроўкі. Некаторыя вуліцы закрываюць і гэтак далей. Дзень Незалежнасьці, які адзначаецца паводле жаданьня беларускага народу, гэта сьвятое сьвята, якое напоўнена высокім сэнсам, але, на жаль, гэта ня сьвята беларускіх радыкалаў».
3. Духоўны папярэднік беларускіх радыкалаў — Вільгельм фон Кубэ
«Гэта ня сьвята тых, для каго духоўнымі папярэднікамі былі Вільгельм фон Кубэ. Вы, пэўна, чыталі спадара прафэсара Лыча пра тое, што калі падумаць, каго абраць ганаровым кіраўніком таварыства імя Францыска Скарыны, дык Вільгельм фон Кубэ быў бы першым сярод кіраўнікоў нашай дзяржавы. Ці трэба казаць, што на гэтым нацысцкім злачынцы, адным з самых небясьпечных са сваімі дʼябальскімі праектамі, якія рэалізавалі тут, „каб ісьці разам у Эўропу пад правадырствам вялікай Нямеччыны Адольфа Гітлера супроць жыдоўства і бальшавізму“. Мы ведаем, чым гэта скончылася».
4. Як абыходзіцца зь лічбамі
«Таму гэта ня сьвята тых, для каго гэта зьяўляецца духоўным папярэднікам і якія хочуць адзначаць Дзень Незалежнасьці ў нейкі іншы дзень. Хаця для іх Дзень Незалежнасьці і мера незалежнасьці, стабільнасьць і бясьпека на фоне напужанага чалавецтва, на фоне тэрарызму і ўсяго астатняга, што робіцца. Для іх, на жаль, гэта ня сьвята. Таму вельмі шкада, што асобныя ўражлівыя грамадзяне пасылаюць свае меркаваньні, хай вы кажаце, іх 2,5 тысячы чалавек...»
Карэспандэнт: «3,5 тысячы».
«Ну што ж. Амаль з 10 мільёнаў грамадзян — 2,5 тысячы».
5. Калі б не партызанка, беларусаў бы не было
«Нешта такое ж было ў гады вайны. Некалькі дзясяткаў тысяч калябарантаў і мільёны патрыётаў. Калі б не 60% тэрыторыі Беларусі кантраляваліся партызанскімі фармаваньнямі, дык беларускай нацыі проста б не было к пачатку 44 году. Бо гэта была ня проста сапраўдная палітыка генацыду, а выпаленай зямлі».
6. Што чытаць замест маргінальных рэсурсаў?
«Ну, а тым, хто падпісвае вось гэтыя патрабаваньні, просьбы спыніць праводзіць парады ў горадзе-героі Менску, а праводзіць іх недзе на «лініі Сталіна» ці за межамі менскага гарнізону, я адзінае, што магу параіць — чытаць не маргінальныя інфармацыйныя рэсурсы кшталту «Хартыіʼ97» ці «Беларускі партызан», а чытаць інтэрнэт-партал прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, БелТА, «СБ — Беларусь сегодня», канечне, беларускую вайсковую газэту «Во славу Родины».
7. Як трэба выкрываць ідэйных здраднікаў
«Адначасова вельмі акуратна трэба прыслухоўвацца да былых певуноў камунізму, як, прыкладам, Валодзя Някляеў. „Плыви, плыви, эпохи ледокол, греми в ЦК, вставай в полёт хлебами“ — гэта Валодзя Някляеў, ягонае вітаньне 27 зьезду КПСС. Кажуць, Міхаіл Сяргеевіч Гарбачоў ускочыў пасьля гэтага: „Вось яна, будучая камуністычная моладзь! Вось яна, будучыня нашага Савецкага Саюзу!“ Таму вельмі акуратна да ўсяго гэтага трэба ставіцца».
8. Як можна было не дапусьціць развалу СССР
«Такое бывае. На навуковай мове гэта завецца трансфармацыяй сьвядомасьці. Бо з пункту гледжаньня фэнамэналягічнай думкі зьява ці працэс існуе ў тым сэнсе, які ў яго ўкладаецца. У 60-я гады — дзяржава сяброўства і братэрства народаў, у канцы 80-х — імпэрыя зла. Калі ў сьвядомасьці значнай часткі эліты гэта становіцца імпэрыяй зла, дык да зьнішчэньня дзяржавы застаюцца лічаныя гады ці нават месяцы. Таму парады ў нас былі і будуць праводзіцца. Гэта галоўнае сьвята беларускай дзяржаўнасьці ў горадзе-героі Менску».