Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік Мінабароны: экіпаж аварыйнага танка ў парадзе браць удзелу ня будзе


Танк зьбіў слуп у час рэпэтыцыі параду ў Менску 24 чэрвеня, кадар зь відэа відавочца на Youtube
Танк зьбіў слуп у час рэпэтыцыі параду ў Менску 24 чэрвеня, кадар зь відэа відавочца на Youtube

Галоўнай прычынай інцыдэнту з танкам на праспэкце Незалежнасьці ў Менску ў Міністэрстве абароны Беларусі называюць сьлізкую дарогу. Так адрэагаваў на здарэньне прэсавы сакратар ведамства Ўладзімер Макараў:

«Факт меў месца. Пацярпелых няма. Праверка паказала, што машына была спраўная. Шмат у чым аказаліся вінаватыя ўмовы надвор’я. Цяпер праводзіцца дадатковыя інструктажы ў навучаньні кіраваньню тэхнікай ў складаных дарожных умовах ў горадзе. Праверка яшчэ працягваецца. Улічваючы, што ёсьць спэкуляцыі на гэтую тэму (нібыта той салдацік трапіў на гаўпвахту), скажу так. Занос адбыўся яшчэ да таго, як ён пачаў манэўраваць. Магчыма, дзеяньні мэханіка-кіроўцы засьведчылі тое, што ніхто не загінуў. Праводзіцца расьсьледаваньне. Усе здаровыя, і ён таксама. Што да кампэнсацыі, дык вайсковае ведамства ліквідуе наступствы. Гаворка пра апору электраперадачы ды іншае. Але гэты экіпаж прымаць удзел у парадзе ня будзе».

Пры гэтым прэсавы сакратар Мінабароны не назваў хуткасьць, зь якой танк рухаўся па праспэкце Незалежнасьці.

«На парадзе хуткасьць мусіць быць ня болей за 20 кілямэтраў, але пры праходжаньні калёны можа быць у 1,5-2 разы большай. Зь якой хуткасьцю ехаў танк і чаму, высьвятляецца», — падкрэсьліў Макараў.

Пра фінансаваньне параду Ўладзімер Макараў сказаў, што яно «праводзіцца з грошай, якія вылучаюцца зь бюджэту на ўтрыманьне Ўзброеных сілаў Беларусі. Гэта крыху больш за 1% ад валавога ўнутранага прадукту. Праз жорсткую эканомію сродкаў хапае як на закупліваньне ўзбраеньня, так і на правядзеньне парадаў і манэўраў».

Аднак суму, у якую абыдзецца парад бюджэту, палкоўнік Макараў не назваў.

24 чэрвеня ў сталіцы адбывалася рэпэтыцыя параду да Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. Падчас руху калёны адзін з танкаў нечакана страціў кіраваньне, яго занесла і ён на ўсёй хуткасьці ўрэзаўся ў слуп каля станцыі мэтро «Маскоўская». Мінакі зьнялі мамант аварыі на відэа.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG