Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўцам раздавалі цукеркі за беларускае слова


Цукерку зарабіў! Справа — Сяргей Дымкоў
Цукерку зарабіў! Справа — Сяргей Дымкоў

У Дзень роднай мовы мінакі магілёўскіх вуліц за цукеркі згадвалі свае ўлюблёныя беларускія словы. Дапамагалі ім у гэтым мясцовыя актывісты ТБМ і супрацоўнікі камэрцыйнай арганізацыі «Cukerki.by». Разам яны ня першы год ладзяць для магілёўцаў салодкую імпрэзу, каб нагадаць, што беларусы таксама маюць сваю родную мову.

Каб атрымаць цукерку, мінаку варта было напісаць у нататніку беларускае слова. Яшчэ адну цукерку давалі тым, хто распазнае на плякаце Францыска Скарыну. З абодвума заданьнямі амаль усе магілёўцы спраўляліся.

Па словах кіраўніка камэрцыйнай арганізацыі «Cukerki.by» Сяргея Дымкова, на Дзень роднай мовы такі падарунак магілёўцам уздымае настрой і дорыць усьмешку. На думку бізнэсоўца, сытуацыя зь беларускай мовай цяпер у замарожаным стане.

«Яна вельмі падобная да ледавіка, які во-во гатовы крануцца зь месца, але для гэтага яму нечага не хапае. Мне падаецца, што тое, чаго не хапае, прыйдзе зьверху. Мне падаецца, што простыя людзі не наважацца на валявы моўны ўчынак», — выказваў свой погляд на сытуацыю зь беларускай мовай Сяргей Дымкоў.

Бальшыня магілёўцаў, якія ўзгадвалі свае ўлюбёныя беларускія словы, сытуацыю з мовай характарызавалі як крытычную, але з павольным пасоўваньнем да зьменаў у лепшы бок.

Галіна Турандзіна (справа) экзамэнуе разам з Алегам Дзьячковым міначку на веданьне беларускай мовы
Галіна Турандзіна (справа) экзамэнуе разам з Алегам Дзьячковым міначку на веданьне беларускай мовы

«Па-беларуску мала хто гаворыць. Усе аддаюць перавагу расейскай, таму беларуская мова не разьвіваецца і не пашырае, як хацелася б, кола носьбітаў, — сказалі дзьве студэнткі. — Мы б не сказалі, што гаварыць па-беларуску становіцца модна. Мы, аднак, пагодзімся, што ёсьць людзі, якія гавораць па-беларуску, і сярод знаёмцаў такіх маем. Нашы бацькі пражылі жыцьцё — не сустракалі беларускамоўных, а мы ўжо сустракаем. І сёньня раздаюць цукеркі таксама беларускамоўныя людзі».

Мінакі на раздачу цукерак за беларускае слова рэагавалі пазытыўна. Жывей на крэатыўную акцыю рэагавала моладзь.

«Вядома ж, людзі прыгадваюць простыя словы са школы, і зразумела, што па-беларуску ў жыцьці не гавораць, — падзялілася ўражаньнямі ўдзельніца акцыі Галіна Турандзіна. — Дзеці жывей ідуць на кантакт. Больш ведаюць беларускіх словаў. Дарослыя ж больш панурыя, скаваныя і даўжэй прыгадваюць слова і як яно пішацца».

Улюблёныя беларускія словы магілёўцаў
Улюблёныя беларускія словы магілёўцаў

Калі б мы жылі ў іншай краіне зь іншай моўнай сытуацыяй, кажа кіраўнік магілёўскай суполкі ТБМ Алег Дзьячкоў, то Дзень мовы ня быў бы настолькі для нас актуальны.

«Зразумела, калі ёсьць нагода напомніць пра беларускую мову і культуру, то мы яе не марнуем, — кажа Дзьячкоў. — Беларусам варта казаць, што ў нас ёсьць свая мова. Мала таго, сёньня ёсьць магчымасьць пагаварыць па-беларуску і атрымаць за гэта цукерку. Урэшце, зразумець, што беларусаў свая мова аб’ядноўвае».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG