Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта мая мова, бо я сам яе выбраў», — тры беларускамоўныя старшаклясьнікі распавядаюць пра сябе


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Аліна, Ксенія, Ільля — пераможцы інтэлектуальнага спаборніцтва «Беларускае пяціборства», якое шаснаццаць гадоў ладзяць магілёўскія актывісты ТБМ разам з унівэрсытэтам імя Куляшова. Яны мараць пра будучыню, разважаюць пра патрыятызм.

Ксенія: «Заклікамі моладзь не падахвоціш вывучаць мову. Той час мінуў»

Ксеніі Сітнік шаснаццаць. Яна зь мястэчка Дараганава, што ў Асіповіцкім раёне. Вучыцца дзяўчына ў мясцовай школе па-беларуску. Апроч яе ў клясе яшчэ два хлопцы. Апошняя кніга, якую яна прачытала, — апавяданьні Конана Дойла пра Шэрлака Холмса ў арыгінале.

Ксенія Сітнік
Ксенія Сітнік

Маці Ксеніі, Тацяна Іванаўна, пэдагог. Тата з інжынэрнай адукацыяй працуе майстрам на мясцовай кацельні. Старэйшы брат працуе ў Менску масажыстам. Іхны сямейны дом стаіць на ўскрайку бору. Непадалёк школа, школьны музэй ды музычная школа.

На сёлетнім пяціборстве Ксенія паказала найлепшы вынік у беларускай мове. Авалодаць ёю дапамаглі школьныя настаўнікі. Дзяўчына прыгадала Мікалая Тамашова, Жану Караленю ды Алу Паходаву. Гэтыя пэдагогі, адзначыла суразмоўца, дужа патрабавальныя да веданьня вучнямі роднай мовы. «З намі яны гавораць толькі па-беларуску і ад нас патрабуюць таго ж», — кажа Ксенія.

Беларускія падручнікі змушаюць вучняў таксама гаварыць па-беларуску, прынамсі ў школе.

Сям’я Ксеніі
Сям’я Ксеніі

Ад трэцяй клясы Ксенія разам з маці адшуквае зьвесткі пра сваіх сваякоў. Радавод яны аднавілі да восьмага калена.

«Мае продкі гаварылі па-беларуску, — расказвала Ксенія. — Я гэта не адразу зразумела. Разуменьне прыйшло з часам, ад сэрца. Радавод і літаратура мяне пераканалі, што беларуская мова — мая родная. Мне здаецца, што праз мову я адчула сакральную сувязь з продкамі, і мне ня хочацца, каб яна перарывалася».

«Я ня ведаю, кім стану, але я перакананая, што і мая ў тым ліку задача, каб вакол мяне людзі гаварылі па-беларуску, — казала Ксенія. — Можа, мне пашчасьціць і вакол мяне будуць такія людзі. Можа, мне пашчасьціць мець блізкіх сяброў, зь якімі можна будзе гаварыць па-беларуску».

Суразмоўца пасьпела пабываць на адным з маскоўскіх конкурсаў, у складзе дэлегацыі з удзельнікаў беларускага конкурсу «Жыву ў Беларусі і тым ганаруся». «Памятаю, мы зь цюменскай дэлегацыяй хадзілі па Арбаце і некаторыя з нас даймалі расейцаў пытаньнямі: „А ці ведаеце, як у нас завецца „ковёр“? Дыван! А як „диван“? Канапа!“. Расейцы ж гэтага не разумелі і зь цікавасьцю на нас пазіралі, — з усьмешкай прыгадвала паездку дзяўчына. — Пра Беларусь расейцы ведаюць няшмат. Яны ўспрымаюць нашу краіну як край, дзе жывуць бульбашы. Безумоўна, лічаць нас братамі-славянамі, але першыя асацыяцыі пра нас — што ў Беларусі чыста, гатуюць дранікі і ёсьць, вядома ж, прэзыдэнт. Наш прэзыдэнт не застаецца там без увагі».

Ксенія лічыць, што Беларусі да беларускай будучыні яшчэ далёка. На яе думку, беларушчыну варта прышчапляць з маленства. Каб моладзь загаварыла па-беларуску, варта, каб у яе былі беларускамоўныя аўтарытэты з аднагодкаў.

Беларускамоўная руплівасьць адзначаная граматамі
Беларускамоўная руплівасьць адзначаная граматамі

«Трэба, каб маладыя цягнулі маладых, — тлумачыла дзяўчына. — Калі зьявяцца сучасныя, скажам, „Песьняры“, якія пакажуць, што беларускія песьні — гэта клясна, то ад гэтага будзе плён. Можа, у крамах варта рабіць зьніжкі для беларускамоўных. Спачатку яны зразумеюць, што гэта выгадна, а далей болей. Так беларуская мова стане іхнай. Заклікамі моладзь не падахвоціш вывучаць мову. Думаю, што той час мінуў».

«Нямала людзей успрымаюць беларускую мову як мову рэвалюцыянэраў, таму і баяцца яе, — дадавала Ксенія. — Ім варта зразумець, што беларуская мова — іхная мова. Проста ім трэба адважыцца гаварыць на ёй, і ўсё стане на месца. Але задача зрабіць беларускую мову штодзённай няпростая».

У Ксеніі ёсьць знаёмец зь Менску. Прыяжджаючы ў Дараганава, ён прывозіць нязвыклыя для дзяўчыны словы. Адно зь іх яна прыгадала: «прывідкі», аналяг «прывітаньня». Суразмоўца кажа, што ня супраць беларускага моладзевага слэнгу, але ёй самой больш падабаецца мова беларускіх літаратараў.

Пакой гераіні рэпартажу Свабоды з Дараганава
Пакой гераіні рэпартажу Свабоды з Дараганава

«Мне ўсё ж здаецца, што моладзевы слэнг разам з моваю Караткевіча будзе няблага гучаць. Мне пакуль цяжка пра гэта казаць, бо шмат слоў з моладзевага слэнгу я ня ведаю. Калі б ведала, то мова мая, напэўна, была б больш сучаснай, а не клясычнай, як у кніжках», — з усьмешкай заўважала дзяўчына.

На думку маці дзяўчыны, яе беларускамоўнасьць набыла характар незваротнасьці. «Я перакананая, якую б прафэсію ня выбрала Ксенія, месца для беларускай мовы ў яе знойдзецца», — запэўніла Тацяна Іванаўна.

Паводле яе, прыклад беларускамоўнасьці надзвычай дзейсны ў папулярызацыі мовы.

«У нашым родзе брат майго дзеда рабіў бібліятэкарам і быў носьбітам беларускай мовы, — апавядала Тацяна Іванаўна. — Жыў ён у Хоцімскім раёне. Калі да яго прыяжджалі родныя, якія цяжка разумелі беларускую мову, ён ім тлумачыў незразумелае, але ўсё адно гаварыў па-беларуску. Ксеніі не давялося сустрэцца зь ім. Я ж лічу, што ягоная беларускамоўнасьць перадалася ёй».

Канан Дойль беларускамоўнасьці не перашкода
Канан Дойль беларускамоўнасьці не перашкода

Бацька Аляксандар Генадзевіч прызнаецца, што мова дачкі стала сыгналам для яго, што час вывучаць беларускую мову.

«Я задаволены ейным выбарам і хацеў бы, каб яна і далей ішла гэтым шляхам, — адзначыў ён. — Што да лёсу беларускай мовы, то ён залежыць ад усіх нас. І той невялікі агеньчык, якім уяўляецца цяперашні стан мовы, не зальеш вадой. Гэты агеньчык будзе прабівацца з-пад усяго і паказваць шлях, якім нам трэба ісьці да беларускасьці».

Аліна. «Беларусам мала нарадзіцца, ім яшчэ варта стаць»

Аліне Палагінай сямнаццаць гадоў. У сям’і яна найстарэйшая зь дзяцей, мае брата і сястру. Бацькі, Кацярына і Вячаслаў, — бізнэсоўцы.

Аліна Палагіна
Аліна Палагіна

Аліна — спакойная і разважлівая дзяўчына. Сваю будучыню зьвязвае з вывучэньнем моваў. На пытаньні журналіста адказвала не сьпяшаючыся, абдумваючы кожны сказ.

Вучыцца Аліна ў адзінаццатай клясе 43 магілёўскай школы. Мова навучаньня ў ёй — расейская. На сёлетнім пяціборстве Аліна паказала найлепшы вынік у літаратуры.

«Моладзь толькі пачынае свой шлях да беларускасьці. Многія беларусы пакуль не зразумелі, наколькі важная і дарагая моўная спадчына», — сказала Аліна, атрымаўшы за перамогу на пяціборстве заслужаныя ўзнагароды.

З Алінай гутарым у яе дома. «Беларуская мова патрэбная, каб адчуваць сябе часткай сваёй краіны», — гаворыць дзяўчына.

Сям’я Аліны
Сям’я Аліны

«Сама я толькі на шляху да беларускамоўнасьці. Паволі станаўлюся беларускай, — пасьля паўзы дадала Аліна. — Як слушна было заўважана на пяціборстве, калі чалавек нарадзіўся ў Францыі, то ён ужо француз, а беларусам мала нарадзіцца, ім яшчэ трэба стаць».

Аліна прыгадала, што ўзьбіцца на шлях беларускамоўнасьці ёй дапамагла настаўніца Алена Асіповіч. Але, кажа дзяўчына, цяпер многія ў школе беларускую мову ўспрымаюць выключна як школьны прадмет.

«Задача школы ў тым, каб падахвоціць вучняў гаварыць па-беларуску, — лічыць Аліна. — Растлумачыць, чаму гэта важна. На жаль, для моладзі беларуская мова, беларуская культура ня сталі пакуль самі па сабе каштоўнасьцю. І гэта вялікая праблема, якую варта найхутчэй адольваць».

Аліна кажа, што ў яе ёсьць сябры, зь якімі яны размаўляюць па-беларуску. Прызнаецца, што часам для паўнавартасных стасункаў ім не хапае слоўнікавага запасу, тады выручаюць адно аднаго.

Кнігазбор школьніцы
Кнігазбор школьніцы

«Мы шмат чытаем і гэтым узбагачаемся. Удасканальваем у гутарках сваё маўленьне, выпраўляем памылкі. Дзелімся сваімі пачуцьцямі, адкрыцьцямі», — казала Аліна.

«У мяне ёсьць сяброўка Наста Падрабінкіна, яна для мяне ўзор беларускамоўнасьці. Калі я даведалася, што Наста з усімі гаворыць па-беларуску, то і я не ўтрымалася, каб не загаварыць гэтак жа зь ёю, — працягвала яна. — Я хачу сказаць, што прыклад іншых дужа важны ў тым, каб наважыцца гаварыць па-беларуску. Да беларускай мовы цяжка дайсьці толькі словамі, а вось пераймаючы чыйсьці досьвед — лягчэй. Ёсьць за кім цягнуцца».

Аліна ўпэўненая, што здолее ў расейскамоўным асяродзьдзі захаваць сваю мову. Спадзяецца на супрацоўніцтва зь беларускамоўнымі выданьнямі. «Беларускамоўныя людзі адчуваюць адказнасьць за лёс сваёй краіны. Яны прагнуць пераменаў дзеля таго, каб іхная будучыня і будучыня іхнай краіны была найлепшай. Я веру, што зь цягам часу мае стасункі зь людзьмі будуць толькі на роднай мове, а беларускамоўнае асяродзьдзе пашырыцца», — кажа Аліна.

Ёсьць у Алініным кнігазборы і свабодаўскае выданьне
Ёсьць у Алініным кнігазборы і свабодаўскае выданьне

Цяпер жа, прызнаецца яна, цалкам перайсьці на беларускую мову не гатовая. «Афіцыйнае асяродзьдзе», кажа, вымагае расейскай мовы. «Трэба здаваць экзамэны, а яны па-расейску».

Тое, што беларусы не гавораць па-беларуску, на яе думку, зьвязана з умовамі, у якіх ім даводзілася жыць.

«Расейская мова доўгі час была дзяржаўнай, і дасягнуць нечага вартага беларусы маглі, толькі гаворачы па-расейску. Гэта прычына вельмі нізкага ўзроўню самасьвядомасьці», — падсумавала Аліна.

Бацькі Аліны не гавораць па-беларуску, аднак захопленасьць дачкі роднай мовай ухваляюць.

Алініна беларускамоўнасць, заўважае бацька, патрабуе асяродзьдзя, у якім яна б разьвівалася. Калі ўмовы будуць неспрыяльнымі для беларускай мовы, то і яе моўнасьць можа зьнікнуць, бо ня будзе дачцэ з кім гаварыць, лічыць Вячаслаў. Тым ня менш бацька Аліны ўсё ж верыць, што сытуацыя зь беларускай мовай у Беларусі зьменіцца да лепшага.

Аліна падчас гутаркі
Аліна падчас гутаркі

«Мы верым, што Беларусь будзе эўрапейскай, — кажа Вячаслаў. — Па меры таго, як мы будзем адыходзіць ад Расеі, беларуская мова будзе станавіцца ўсё больш запатрабаванай. Будзе нават выгадна гаварыць па-беларуску. Беларусаў ня будзе палохаць патрэба вывучаць сваю мову. Запатрабаванасьць будзе стымулам. У Эўропе беларускамоўнага беларуса будуць паважаць. Зразумела, ня толькі за мову, але і за тое, як адбудуюць беларусы сваю краіну».

Ільля: «Няма моваў слабейшых ці мацнейшых»

Ільлі Касакову сямнаццаць. Ён вучань 10 клясы магілёўскай школы. Хлопец піша вершы і захапляецца дыялектнай беларускай мовай.

«Пакуль жыеме наша мова — Мы будзем жыць! Такі прысуд!» Гэта радкі з аднаго зь ягоных вершаў. Разважае хлопец па-філязоўску загадкава. Ён ня супраць паспрачацца з мовазнаўцам Янкам Станкевічам, які, на ягоную думку, прапаноўваў дужа радыкальны варыянт мовы беларусаў.

Ільля Касакоў
Ільля Касакоў

«Ілья вельмі добры літаратуразнаўца. Ягоным ведам могуць пазайздросьціць настаўнікі беларускай літаратуры», —так казаў пра героя свабодаўскага рэпартажу падчас уручэньня ўзнагароды за другое месцы ў сёлетнім «Беларускім пяціборстве» ягоны арганізатар Міхась Булавацкі. Летась Ільля быў пераможцам спаборніцтва.

«Прыхільнікам беларускай мовы я быў з маленства, — кажа сам Ільля. — Гэта тая мова, на якой я думаю. Яна дае мне адчуваньне сувязі з продкамі, якія прычыніліся да яе стварэньня. Гэта тая мова, якую я сам выбраў, не пад чыімсьці ціскам, таму яна мая».

Хлопец адзначае, што адчуваньне таго, што беларуская мова ягоная родная, прыйшло праз уплыў сям’і.

«Зразумела, былі і беларускія кніжкі, якія ўплывалі на мяне. Калі ж казаць пра школу, то там падтрымка ў набыцьці ведаў беларускай мовы, культуры наагул калі і была, то ад настаўнікаў, якіх я ўспрымаю як творцаў думкі. На жаль, беларуская школа пазьбягае выхаваньня сьвядомасьці і не зьвяртае ўвагі на гэта. Дзеці вучаць правілы, але не разумеюць, навошта яны іх вучаць», — адзначыў Ільля.

Ільля з мамай і сястрой
Ільля з мамай і сястрой

«Калі ж казаць пра маю школу, то прыхільнасьць да беларускай мовы ў ёй ёсьць, — казаў ён, — Але яна прыхаваная і адчуць яе часам немагчыма».

«У малодшых клясах я і не чакаў, што ў мяне будзе магчымасьць з кімсьці гаварыць па-беларуску, — працягвае суразмоўца. — Але цяпер у мяне ёсьць сябры, зь якімі я гавару. Цікава, што гэта ня толькі беларусы, але прадстаўнікі іншых нацыянальнасьцяў. Мая беларускамоўнасьць ніякім чынам мне не перашкаджае пераходзіць пры патрэбе на расейскую мову».

Ільля прызнаецца, што тая беларуская мова, на якой ён прызвычаіўся выказваць свае думкі, не зусім літаратурная. Кажа, што ягоная мова — гэта твор, які зьявіўся ў выніку пошукаў.

«Мне здаецца, што на самым пачатку гаварыць на літаратурнай беларускай мове чалавеку будзе не зусім зручна, — тлумачыў суразмоўца свой загадкавы пасыл. — Каб з большай аддачай папулярызаваць беларускую мову, трэба ўжываць дыялектныя словы, уласьцівыя для той мясцовасьці, дзе жыве чалавек. Такія словы (якія не губляюцца нават сярод расейскіх) больш звыклыя для яго. Гэтыя словы будуць надаваць яму ўпэўненасьці і падказваць, што беларуская мова яму родная. Наагул гаворкі і асобныя дыялектныя словы — гэта прыкметная адзнака тутэйшасьці. Вядома ж, з часам чалавек узбагаціць слоўнікавы запас і літаратурная мова стане для яго нормай».

Мэдалі за перамогі ў Пяціборстве
Мэдалі за перамогі ў Пяціборстве

Ільля прызнаецца, што перабольшваць ужываньне дыялектных слоў ня варта. Як адмоўны прыклад такога перабольшваньня ён называе вынаходкі мовазнаўцы Яна Станкевіча.

«Ён быў спадкаемцам Францішка Скарыны і выдаў адзін зь беларускіх перакладаў Бібліі. Яго крытыкавалі раней, крытыкуюць і цяпер за празьмернае ўжываньне адметных формаў, якія робяць ягоную мову проста незразумелай, — крытыкуе знанага мовазнаўцу Ільля. — Можа, такі падыход і карысны для выпрацоўкі розных стыляў, але гэтыя стылі варта фармаваць натуральным шляхам. Праз узгадненьне, дамоўленасьць з іншымі мовазнаўцамі-наватарамі, з чытачамі. Станкевіч жа, калі рабіў сваю справу, не абапіраўся ні на кога, апроч сябе. Можа, у гэтым і прычына не асаблівай папулярнасьці ягонага варыянту беларускай мовы».

Прыгадваючы свой удзел у «Беларускім пяціборстве», Ільля адзначыў: яно дае магчымасьць далучыцца да беларускага космасу. «Выйсьці за межы беларускай мовы і літаратуры, пры гэтым пакідаючы ўспамін пра іх», — зноў па-філязоўску выказаўся суразмоўца.

Магілёўскі аблвыканкам таксама адзначыў адоранага хлопца
Магілёўскі аблвыканкам таксама адзначыў адоранага хлопца

«Гаворачы пра космас, я меў на ўвазе, што любая мова імкнецца да бясконцасьці. Няма моваў слабейшых ці мацнейшых. На кожнай можна выказаць якія заўгодна пачуцьці, думкі, але дзеля гэтага іх трэба ўзбагачаць словамі. Ёсьць шмат слоў, якія ў тлумачальных слоўніках савецкіх часоў адсутнічалі, а ў цяперашніх слоўніках прызнаюцца нормай. Гэтыя словы нарадзіліся ў сьвядомым беларускім асяродзьдзі. Можа, яны для кагосьці не зусім жывыя, але яны ёсьць», — вытлумачыў сваю пазыцыю Ільля.

У Ільлі ёсьць малодшая сястра Дарка. Маці Сьвятлана Валер’еўна працуе кантралёркай швейнай вытворчасьці, тата Уладзімер Пятровіч — электрыкам на заводзе «Страммашына».

Расьце беларускі філёзаф Ільля Касакоў
Расьце беларускі філёзаф Ільля Касакоў

«Як жа беларусу быць без сваёй мовы?» — сказаў Касакоў-старэйшы пра сынаву беларускамоўнасьць.

«Тое, што ў Беларусі пануе ня наша мова, а расейская — гэта ня правільна, — адзначыў ён, — Я перакананы, што ўкладзенае ў дзяцінстве сыну застаецца ягоным на ўсё жыцьцё. Ільля ня адрачэцца ад сваёй мовы. Цяпер ён захоплены яе навуковым вывучэньнем: дыялектамі, марфалёгіяй. Летась быў у ліку пераможцаў на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды ў беларускай мове і літаратуры».

Як і сын, бацька перакананы, што беларуская мова ня зьнікне.

«Наша мова закладзеная ў генах беларуса. Тое, што адбываецца з моваю цяпер — гэта часовая зьява. Надыдуць часы, і сытуацыя зьменіцца да лепшага».

Максім Танк — адзін з улюбёных пісьменьнікаў Ільлі
Максім Танк — адзін з улюбёных пісьменьнікаў Ільлі

На «Беларускім пяціборстве» спаборнікі правяраюць свае веды ў пяці школьных дысцыплінах — матэматыцы, прыродазнаўстве, гісторыі, а таксама ў літаратуры і мове. Свае адказы яны падаюць на беларускай мове, якасьць якой улічваецца падчас падвядзеньня вынікаў.

У такім фармаце пяціборства ладзіцца ад 2001 году. Прыдумаў яго Міхась Булавацкі. Ён высьветліў, што заданьні алімпіядаў па матэматыцы прапануюцца школьнікам толькі па-расейску і паспрабаваў арганізаваць нефармальную алімпіяду па-беларуску. Першая адбылася ў 1999 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG