Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Полацку стартуе культурна-адукацыйны праект «Жывая мова»


Ініцыятары распрацоўваюць лягатып праекту да першых заняткаў
Ініцыятары распрацоўваюць лягатып праекту да першых заняткаў

Новы праект будзе прадстаўлены палачанам увечары 21 лютага, у Дзень роднай мовы.

«Жывая мова» — адмысловы праект для жыхароў Полацку

«Жывая мова» — гэта супольная ініцыятыва полацкай гарадзкой суполкі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны і інфармацыйна-культурніцкага цэнтру «ІніцыАрт». Праект, які ўключае ў сябе творчыя сустрэчы і заняткі роднай мовай, прымеркаваны да 500-годзьдзя беларускага кнігадрукаваньня.

Галоўная мэта праекту — прадэманстраваць, што беларуская мова насамрэч жывая, гаворыць кіраўніца нядаўна створанага полацкага цэнтру «ІніцыАрт» Вольга Дамаскіна:

Вольга Дамаскіна
Вольга Дамаскіна

«Ідэя зладзіць для жыхароў Полацку нешта адмысловае да 500-х угодкаў кнігадрукаваньня нарадзілася падчас нашых размоў з двума тутэйшымі хлопцамі — музыкам і журналістам Ігарам Палынскім і яшчэ адным музыкам, таксама маладым, але ўжо вядомым Стасем Сілкам. Вырашылі, што зробім нешта на ўзор курсаў культурніцкага кірунку. Штотыдзень будзем запрашаць ахвотных гаварыць паміж сабой па-беларуску. Тэмы гутарак будуць розныя. Напрыклад, раз на месяц будуць адбывацца сустрэчы зь вядомымі цікавымі людзьмі, чые лёсы зьвязаныя з Полацкам. Яшчэ раз на месяц будзем праводзіць майстар-клясы або творчыя майстэрні — хэндмэйду, народных сьпеваў ці яшчэ чагось такога, чаму можна навучыцца ў нашым горадзе. Апрача гэтага, плянуецца, што два разы на месяц будуць праходзіць проста заняткі беларускай мовай».

«Ня столькі размаўляць па-беларуску, колькі паказаць, як па-беларуску жыць»

Ігар Палынскі, якога летась выбралі кіраўніком мясцовай філіі ТБМ, падкрэсьлівае розьніцу паміж полацкай «Жывой мовай» і вядомымі на ўсю Беларусь курсамі «Мова нанова»:

Ігар Палынскі
Ігар Палынскі

«Мы хочам ня столькі навучаць людзей размаўляць па-беларуску, колькі паказаць, як можна па-беларуску жыць. Прадэманстраваць пасьпяховыя прыклады выдатных людзей, якім беларуская мова ня толькі не была перашкодай у жыцьці, але яшчэ й паспрыяла — у кар’еры ці ў творчасьці. Наш праект не падмяняе сабою курсаў „Мова нанова“. Я колькі разоў выступаў на такіх курсах у розных гарадах у якасьці выканаўцы, і заўжды лічыў, што ў Полацку таксама варта ладзіць падобныя заняткі. Мы імкнёмся да гэтага ўжо два гады, ды, на жаль, пакуль не атрымліваецца».

Лягатып праекту
Лягатып праекту

Праект «Жывая мова» — не альтэрнатыва і не апанэнт «Мове нанова»

Галоўная праблема паўстала з памяшканьнем: не знашлося такога, дзе гаспадары былі б гатовыя прыняць «курсантаў». У Полацку нават зьбіралі подпісы, каб «Мову нанова» дазволілі ладзіць у якой-небудзь зь бібліятэк. Але і гэта плёну не прынесла.

Мінулай восеньню была спроба правесьці нарэшце першыя заняткі ў рэстаране «Росквіт». Гэтая рэстарацыя прэзэнтавала сябе як беларуская ўстанова з нацыянальным калярытам. Аднак дэбют «Мовы нанова» быў тэрмінова адменены з прычыны, якую ахвотнікам вучыцца не патлумачылі. Уладальнікі проста выбачыліся, а неўзабаве й сама рэстарацыя зьмяніла імідж: цяпер ад нацыянальнага калярыту засталася адна толькі назва — зьнікла і беларускамоўнае мэню, і стравы паводле народных рэцэптаў...

Малады сьпявак Стась Сілка, які будзе вядоўцам сустрэч на праекце «Жывая мова», лічыць, што менавіта знаёмства з разнастайнымі зьявамі беларускай культуры разьвівае пазытыўнае стаўленьне да мовы:

Стась Сілка
Стась Сілка

«Мы запачаткоўваем культурніцкі, адукацыйны праект, а ня курсы як такія. У нас няма строга акрэсьленага пляну заняткаў або канкрэтных задач, якія неабходна выканаць. Ня будзе вывучэньня нейкіх правілаў або граматыкі беларускай мовы. Мова тут будзе хутчэй ня мэтай, а сродкам. Сродкам, які распавядзе наведнікам найперш пра культуру Полаччыны, бо наш праект рэгіянальна арыентаваны. У нас плянуюцца сустрэчы, кінапрагляды, маленькія канцэрты. Праект будзе працягвацца да сярэдзіны лета. Будзем імкнуцца ўсё рабіць цікава, каб людзі, выбіраючы паміж шашлыком у лесе і нашымі заняткамі, рабілі выбар на карысьць «Жывой мовы».

Полацкі праект «Жывая мова» распачнецца 21-га лютага сустрэчай з Уладзімерам Арловым. Пісьменьнік прэзэнтуе сваю апошнюю кнігу «Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касьцюшкі», багата аздобленую выдатным беларускім мастаком Паўлам Татарнікавым.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG