Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зрабіце, каб абанэмэнт у спартзалю каштаваў таньней за спайс», — «Маці-328» селі за круглы стол з чыноўнікамі і дэпутатамі


Удзельнікі круглага стала. Фота Ірыны Ермаковай
Удзельнікі круглага стала. Фота Ірыны Ермаковай

Дзяржава дагэтуль адмаўляе ў рэгістрацыі арганізацыі «Маці-328» — супольнасьці бацькоў, чые дзеці асуджаныя паводле артыкула 328 КК «Незаконны абарот наркатычных сродкаў». 22 лютага ў Менску прайшоў круглы стол, на якім яны абмяркоўвалі свае праблемы разам са спэцыялістамі-нарколягамі, прадстаўнікамі Мытнага камітэту, камітэту судовых экспэртыз і дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Ганнай Канапацкай і Максімам Місько. Суарганізатарам выступіў аргкамітэт па стварэньні партыі БХД.

Шматтысячная статыстыка, зьмены ў заканадаўстве, дзясяткі старонак дакумэнтаў, сьлёзы, роспач і надзея — большую частку невялікай залі, выдзеленай пад круглы стол, займалі ўдзельніцы арганізацыі «Маці-328».

328 артыкул Крымінальнага кодэксу быў значна зьменены пасьля зьяўленьня так званага «антынаркатычнага» дэкрэту № 6, падпісанага Аляксандрам Лукашэнкам 28 сьнежня 2014 году. Пасьля яго ўзрост адказнасьці па артыкуле зьнізілі да 14 гадоў, а тэрміны зьняволеньня паднялі да 25. Так, па словах «Маці-328», дзяржава адрэагавала на распаўсюд сынтэтычных наркотыкаў.

Антынаркатычны дэкрэт меўся быць скіраваны на «буйных вараціл наркабізнэсу», — казала ў сваім выступе кіраўніца арганізацыі Ларыса Жыгар. — Але на лаву падсудных сталі трапляць юнакі 14–15 гадоў зь нязначнымі абʼёмамі наркарэчываў.

Жыгар сказала, што пік распаўсюду сынтэтычных наркотыкаў прыпаў на 2014 год.

«Улады забілі трывогу. Абвінавачваюць у гэтым найперш бацькоў, але хочацца спытаць: а дзе былі ўлады, калі наркотыкі пад выглядам легальных і напаўлегальных курыльных сумесяў запаўнялі нашу краіну? — кажа яна. — Заканадаўча дзяржава спрацавала хутка, але ці прызнала дзяржава сваю памылку ў тым, што дапусьціла запаланіць усю рэспубліку гэтым дурам і заразай?»

Ларыса Хацінская кажа, што ў краіне ўжо некалькі «наркаманскіх» калёніяў, у якіх адмыслова зьбіраюць зьняволеных, асуджаных паводле 328 артыкула. Апісваючы жорсткія, «нечалавечыя» ўмовы, зь якімі сутыкаюцца зьняволеныя ў СІЗА і калёніях, яна зьвяртае ўвагу на спэцыфічнае стаўленьне да такіх вязьняў. Асуджаных па 328-м артыкуле не вызваляюць умоўна-датэрмінова, хоць заканадаўства такой забароны не прадугледжвае.

Хацінская прыводзіць статыстычныя дадзеныя, згодна зь якімі ў 2016 годзе ў Менску было ўчынена 4101 злачынства. Зь іх 2799 — тымі, хто раней парушаў закон.

«Турма не выпраўляе. Яна толькі робіць яшчэ больш жорсткім і штурхае на новыя злачынствы, — кажа Ларыса Хацінская. — Многім нашым дзецям далі і восем, і дванаццаць, і больш гадоў. Мне проста страшна, што будзе, калі яны вернуцца».

Ліяна Шуба выказала меркаваньне «ўсіх прысутных»: асноўны прабел у заканадаўстве — гэта неадпаведнасьць ступені віны нашых родных ступені пакараньня.

«Вось гэта „пыл у кішэні“ майго сына», — кажа жанчына, паказваючы аркуш зь лічбамі: «Захоўваньне курыльнай сумесі — 217 дзесяцітысячных грама. Яшчэ 27 сотых грама — гэта псыхатропы».

Ліяна кажа, што захоўваньне гэтых рэчываў — адзінае, што ўдалося давесьці на судзе над сынам. Яшчэ пяць сотых грама рэчыва суд залічыў у «збыт наркатычнага рэчыва», якое, лічыць маці, не было даказана.

«Калі ўсё гэта скласьці — гэта паўграма. Мой сын атрымаў 10 гадоў 3 месяцы, — кажа жанчына. І прыводзіць у прыклад «Справу 17», паводле якой была асуджаная група распаўсюднікаў наркатычных рэчываў.

«У нас такіх спраў адзінкі, калі выкрываюць сапраўды наркагандляроў, — кажа Ліяна Шуба. — І ў іх тэрміны абсалютна супастаўныя з тэрмінамі майго сына і шмат якіх нашых хлапцоў».

Паводле Ліяны, тэрміны штучна фабрыкуюцца апэратыўнікамі наркакантролю.

«Раскрыць злачынства па першай частцы [арт. 328] — гэта шараговае, на жаль, для нашай краіны злачынства, — кажа Ліяна. — Але калі па трэцяй частцы [учыненае групай асобаў], то за раскрыцьцё асабліва небясьпечнага злачынства [можна] атрымаць нейкія матэрыяльныя выгады, прасоўваньне па карʼернай лесьвіцы, зорачкі на пагоны... Я, на жаль, магу пра гэта казаць...»

«Усе тут могуць гэта казаць», — падтрымліваюць яе ў залі.

Супрацоўнік РНПЦ псыхічнага здароўя Аляксей Кралько сказаў, што на ўліку цяпер 8600 нарказалежных. Яшчэ 5000 чалавек маюць прафіляктычны нагляд. Аднак, кажа ён, спасылаючыся на досьвед экспэртаў, такую лічбу можна памножыць на 5 ці 8, каб уявіць сабе рэальную сытуацыю.

За ня надта доўгі пэрыяд існаваньня «Маці-328» пасьпелі падрыхтаваць уласныя зьмены ў антынаркатычнае заканадаўства, расьсьледаваць дзейнасьць інтэрнэт-сайтаў, на якіх прадаюцца наркатычныя рэчывы, маніторыць умовы ў калёніях. У суд Гродна, сказала Ларыса Жыгар, паступіў іхны пазоў супраць двух буйных беларускіх банкаў, у якіх, лічаць у арганізацыі, знаходзяцца рахункі гандляроў наркотыкамі.

Заканадаўчыя прапановы ад «Маці-328» паступілі і ў Пастаянную камісію па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў. Паводле Ігара Лапекі, загадчыка аддзелу па забесьпячэньні дзейнасьці камісіі, у Палаце прадстаўнікоў праблему ведаюць і займаюцца ёю амаль год. Правялі там і свой маніторынг.

«Па выніках нашага маніторынгу мы накіравалі яго дадзеныя і ў Генэральную пракуратуру, і ў Вярхоўны суд, у МУС, у Сьледчы камітэт, — кажа Лапека. — Шмат якія пытаньні падтрыманыя».

Дэпутат Максім Місько сказаў, што праведзены імі маніторынг выявіў, што «грамадзяне Рэспублікі Беларусь у цэлым падтрымліваюць і ўхваляюць намаганьні, якія прыкладаюцца ў краіне па стабілізацыі сытуацыі ў дадзенай сфэры, і з разуменьнем ставяцца да таго, што пакараньні за зьдзяйсьненьне цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, зьвязаных з распаўсюдам наркотыкаў, робяцца больш жорсткімі».

Пры гэтым дэпутат прызнае, што грамадзтва ўражанае тэрмінамі, якія атрымліваюць людзі, упершыню абвінавачаныя ў разавым збыце нязначнага абʼёму забароненых рэчываў.

«У выніку на тэрміны ад 5 да 15 асуджаюцца як прафэсійныя збытчыкі наркотыкаў, рэцыдывісты, чальцы арганізаванай злачыннай групы, так і побытавыя, а часам і непаўналетнія, раней не судзімыя, якія ня маюць аніякай карысьлівай зацікаўленасьці ў гэтым», — кажа Місько.

На бліжэйшым паседжаньні Савету міністраў 28 лютага будуць абмяркоўвацца прапановы скарэктаваць дзейнае заканадаўства. У прыватнасьці, унесьці ў артыкул 328 характарыстыку «у карысьлівых мэтах» і зьнізіць у частках другой і трэцяй артыкула ніжнюю мяжу тэрміну пазбаўленьня волі.

Дэпутатка палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая кажа, што праблема наркотыкаў абʼядноўвае ўсіх:

«Усе мы тут бацькі. Я ўдзячная бацькам, якія абʼядналіся ў рух і ўзьнялі гэтую праблему. Наркотыкі — гэта зло, якое павінна быць выкаранена. Але і тут усё робіцца так, як у нашай краіне: прэзыдэнт сказаў, усе пад казырок, ламаем, крышым лёсы, лёсы нашых дзяцей. І гэта немагчыма перажыць, проста стоячы ўбаку».

Выслухаўшы ўсе выступы, дыскусіі і прапановы, адна з маці, зьвяртаючыся да чыноўнікаў, сказала:

«Вы будавалі лядовыя палацы за нашыя грошы, у нас не пыталіся. Няхай. Але зрабіце ўжо так, каб абанэмэнт у спартзалю каштаваў таньней за спайс!»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG