Пасьля ўскладаньня вянкоў да абэліска на плошчы Перамогі ў Менску Аляксандар Лукашэнка выступіў з кароткай віншавальнай прамовай.
Сярод іншага Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь «заўжды змагалася за недапушчэньне скажэньня гісторыі».
«Але мы ня думалі, што нам давядзецца змагацца зь іншай бядой — прыватызацыяй нашай перамогі», — дадаў ён.
Хто канкрэтна прыватызуе перамогу ў Другой усясьветнай вайне, Лукашэнка не сказаў, затое працытаваў «нашага сябра» амбасадара Расеі Аляксандра Сурыкава пра тое, што менавіта ўвесь савецкі народ перамог у гэтай жорсткай і страшнай вайне.
«І дзяліць сёньня гэтую перамогу недарэчы», — заявіў Лукашэнка.
Афіцыйная цырымонія на плошчы Перамогі прайшла без «георгіеўскіх» стужак і амаль без савецкіх сьцягоў. Лукашэнка ўсклаў вянок з трыма сынамі: Віктарам, Дзьмітрыем і Мікалаем. Былі вянкі ад ураду, Узброеных сілаў, Каталіцкай і Праваслаўнай цэркваў.
Раней ад імя Лукашэнкі былі разасланыя афіцыйныя віншаваньні кіраўнікам іншых дзяржаваў з Днём Перамогі — у тым ліку Ўладзіміру Пуціну і Пятру Парашэнку, але новаму кіраўніку Армэніі Ніколу Пашыньяну віншаваньні не накіравалі.
Напярэдадні афіцыйных сьвяткаваньняў у Менску прайшла расейская акцыя «Несьмяротны полк» з «георгіеўскімі» стужкамі і партрэтамі Сталіна.
***
У сьвеце адзначаюць перамогу над нацысцкай Нямеччынай у Другой усясьветнай вайне 8 траўня, у дзень, калі ў 1945 годзе набыў сілу акт аб капітуляцыі нацыстаў. На постсавецкай прасторы Дзень Перамогі адзначаецца 9 траўня праз розьніцу ў часавых паясах. Таксама на постсавецкай прасторы 9 траўня звычайна гавораць не пра Другую ўсясьветную вайну (яна працягвалася ад 1 верасьня 1939-га, калі нацысты, якія тады былі саюзьнікамі СССР, увайшлі ў Польшчу, да 2 верасьня 1945-га – да капітуляцыі Японіі), а пра «Вялікую Айчынную» (ад нападу нацыстаў на СССР да капітуляцыі Нямеччыны, без уліку савецка-фінскай вайны, разьдзелу Польшчы між Нямеччынай і СССР, акупацыі СССР балтыйскіх дзяржаваў і іншых падзеяў, што папярэднічалі нападу нацыстаў на СССР).
У Другой усясьветнай вайне загінула больш за 70 млн чалавек, у тым ліку 2,5–3 млн беларусаў (паводле розных ацэнак, толькі ў часы сталінскага тэрору — а рэпрэсіі былі і да яго, і пасьля — ахвярамі бальшавісцкіх рэпрэсіяў сталі ад 600 тысяч да 1,4 мільёна беларусаў).