На вежу, што на менскай вуліцы Чырвоназорнай, да 9 траўня не павесілі савецкі сьцяг — паводле Tut.by, гэта адбылося ўпершыню за больш як 10 гадоў, а паводле «Нашай Нівы», рэдакцыя якой працяглы час месьцілася на суседняй вуліцы, — упершыню за 20 гадоў.
Дырэктар прыватнага прадпрыемства «Мачта» Ўладзімер Рабаў, які «каля 20 гадоў» падымаў на вежу сьцяг плошчай 50 м², расказаў Tut.by, што раней распараджэньні наконт сьцяга прыходзілі зь міністэрстваў, пазьней — з гарвыканкаму, цяпер жа распараджэньняў і просьбаў ні ад кога не было. Сам ён вырашыў не вывешваць сьцяг без загаду «зьверху».
У вежы ў савецкі час разьмяшчалася абсталяваньне для глушэньня замежных радыёстанцыяў. «Глушылкі» ў свой час хацеў узарваць дысыдэнт Сяргей Ханжанкоў, за гэта ён быў асуджаны і адбыў 10 гадоў зьняволеньня ў мардоўскіх лягерах.
Неўзабаве замест былых «глушылак» на Залатой Горцы зьявіцца каталіцкі адукацыйны цэнтар.
Цяпер у Беларусі на афіцыйных сьвяткаваньнях Дня Перамогі выкарыстоўваецца сучасная дзяржаўная сымболіка (мадыфікаваная бээсэсэраўская), сымбалем дзяржаўнага сьвята зрабілі чырвона-зялёную стужку са стылізаванай кветкай яблыні. Ад расейскай «георгіеўскай» стужкі ўлады адмовіліся пасьля таго, як яна стала асацыявацца з расейскай агрэсіяй супраць Украіны. Напярэдадні афіцыйных сьвяткаваньняў у Менску прайшла расейская акцыя «Несьмяротны полк» з «георгіеўскімі» стужкамі і партрэтамі Сталіна.