Аляксандар Лукашэнка падпісаў 2 жніўня ўказ № 274 пра дзяржаўную падтрымку маладым і шматдзетным сем’ям у будаўніцтве жытла. Сам указ яшчэ не апублікаваны, пра яго зьмест вядома толькі з паведамленьня прэс-службы Лукашэнкі.
Так, паводле прэс-службы, шматдзетныя сем’і, якія заключылі дамовы на няльготныя камэрцыйныя крэдыты на будаўніцтва жытла да 6 жніўня 2017 году і стаялі ў чарзе як тыя, хто «мае патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоваў», змогуць скарыстацца дзяржаўнай падтрымкай на ўмовах ранейшага ўказу № 585 ад 2007 году (PDF).
Раней аказалася, што ліпеньскі ўказ № 240, скасаваўшы ўказ 2007 году, пакінуў маладыя і шматдзетныя сем’і, якія распачалі будаўніцтва ў 2016–2017 гадах, без падтрымкі дзяржавы. Міністар архітэктуры прызнаў, што адмена ўказу № 585 «была дачаснай», і заявіў, што адправіў Аляксандру Лукашэнку просьбу перагледзець заканадаўства.
Паводле зьвестак ураду, на падтрымку паводле новага ўказу № 274 могуць разьлічваць 2814 маладых сем’яў і 148 шматдзетных.
На падтрымку жа паводле ўказу № 585 можа разьлічваць прыблізна траціна з 700 тысяч сем’яў, якія стаяць у чарзе на жытло. Маладым сем’ям за першае дзіця кампэнсуюць 10% асноўнай запазычанасьці па крэдыце на жытло, за другое дзіця — 20%, за трэцяе — 95%, за чацьвёртае — 100%, дзецям-сіротам кампэнсуюць 35% асноўнай запазычанасьці.