Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ініцыяваў рэфэрэндум 1995 году, каб стаць кіраўніком «саюзнай дзяржавы»


21 год таму, 14 траўня 1995 году, у Беларусі адбыўся рэфэрэндум, у выніку якога расейскай мове быў нададзены статус дзяржаўнай. Паводле якіх палітычных ды іншых матываў Аляксандар Лукашэнка ініцыяваў гэты рэфэрэндум? Якія наступствы ён меў для стану і дзяржаўнасьці беларускай мовы? Ці сапраўды ўлады праводзяць сёньня ў краіне “мяккую беларусізацыю”? На гэтыя пытаньні ў перадачы Экспэртыза Свабоды адказваюць Старшыня ТБМ Алег Трусаў і экспэрт па культуры “Лібэральнага клюбу” Вадзім Мажэйка. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: 14 траўня 1995 году, у Беларусі адбыўся рэфэрэндум, ініцыяваны кіраўніком дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам, у выніку якога была зьмененая дзяржаўная сымболіка і зьліквідаваны статус беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай. Дзяржаўнай таксама стала і расейская мова. Спадар Трусаў, вы тады былі дэпутатам Вярхоўнага Савету, сябрам апазыцыі БНФ, і актыўна пратэставалі, у тым ліку шляхам галадоўкі, супраць гэтага рэфэрэндуму. Праз 21 год як вам бачыцца — якія палітычныя і іншыя мэты ставіў перад сабой Лукашэнка, ініцыюючы гэты рэфэрэндум?

Алег Трусаў
Алег Трусаў

Трусаў: Мы былі такія — за адмову ад мовы ўзяць танныя крэдыты, нафту і газ. То бок абмен культуры і мовы на эканоміку. Ну а Расея думала, што гэта будзе крокам да інкарпарацыі Беларусі.

Цыганкоў: То бок мэта была спадабацца Расеі, якая за гэта павінна была даць пэўныя эканамічныя прэфэрэнцыі?

Трусаў: Ну дык яна і дала. Наша мова каштуе мільярды даляраў.

Цыганкоў: А ці не было тут таксама матыву змаганьня з палітычнымі апанэнтамі? Бо апазыцыя Лукашэнку была пераважна беларускамоўнай, і, абмяжоўваючы беларускую мову, Лукашэнка наносіў удар і па апазыцыі?

Трусаў: Гэта было другаснай мэтай. Галоўнай мэтай была не апазыцыя, а танныя энэрганосьбіты і грошы з Расеі.

Вадзім Мажэйка
Вадзім Мажэйка

Мажэйка: Трэба разумець, што палітыка Лукашэнкі 20 гадоў таму і цяпер — зусім розныя рэчы. Тады для Лукашэнкі ідэя ягонага прэзыдэнцтва ў нейкай сумеснай саюзнай Дзяржаве Беларусі і Расеі здавалася яму цалкам рэалістычнай. Гэты чыньнік шмат у чым уплываў на ягоныя дзеяньні — да таго моманту, калі ў Расеі да ўлады прыйшоў Пуцін. Але пасьля прыходу Пуціна стала відавочна, што гэта праект стаў нерэалістычны. Ад таго моманту чыньнік гэтага рэфэрэндуму быў для ўлады страчаны.

Далёка ня толькі Лукашэнка ставіў эканамічныя пытаньні вышэй за моўныя і агульнанацыянальныя.​

Цыганкоў: То бок Аляксандар Лукашэнка зрабіў разьвіцьцё і лёс беларускай мовы ахвярай сваіх палітычных амбіцыяў?

Мажэйка: Калі казаць шчыра, то справа яшчэ была і ў тым, што нацыянальная і моўная сытуацыя ў Беларусі вельмі адрозьнівалася ад, напрыклад, краінаў Балтыі. Далёка ня толькі Лукашэнка ставіў эканамічныя пытаньні вышэй за моўныя і агульнанацыянальныя. На жаль, для значнай часткі насельніцтва было ўласьцівае такое ж стаўленьне. І далейшая рэакцыя грамадзтва, як выглядае, гэта толькі пацьвярджала.

Цыганкоў: Можна нагадаць, што тады супраць дзяржаўнасьці выключна беларускай мовы тады выступалі ня толькі Лукашэнка, але і некаторыя палітыкі, якія называлі сябе дэмакратычнымі — Абрамава, Злотнікаў, Букчын.

Трусаў: Абрамава не была дэпутатам, яе спроба стварыць ў Беларусі філію расейскага «Яблока» скончылася правалам. Букчын таксама ня быў ніякім палітыкам. Тады, як і цяпер, дарэчы, большасьці насельніцтва было абыякава. Загадаюць вучыцца па-беларуску — будуць вучыцца. Зацятых ворагаў дзяржаўнасьці беларускай мовы было некалькі чалавек.

Слава Богу, і зараз у нас няма такога процістаяньня беларускай мове, як у Данецку — украінскай. У 95-м годзе 70 працэнтаў людзей вучылася ў беларускамоўных клясах — і пратэстаў фактычна не было.

Цыганкоў: Ініцыятары рэфэрэндуму тады казалі, што патрэбная роўнасьць моваў, і што прызнаньне расейскай мовы дзяржаўнай ніяк не пашкодзіць беларускай. А як выйшла ў рэальнасьці?

Трусаў: Выйшла, як і папярэджваў Гілевіч — наадварот. Бо ніякай роўнасьці яны не хацелі. Гэта быў звычайны падман насельніцтва.

Бо юрыдычна ўмовы для роўнасьці ёсьць. Але, на жаль, імі мала хто карыстаецца. І гэта ня нейкія патаемныя ўказы ўлады, але вынік недасьведчанасьці і непрасунутасьці грамадзкай думкі.

Мажэйка: Тое, што цяпер няма роўнасьці ў выкарыстаньні беларускай і расейскай моваў, і што дамінуе расейская — гэта відавочна кожнаму. Але, на жаль, тут вельмі важны момант, што няма (ці прынамсі, не было да апошніх гадоў) значнага грамадзкага запыту на беларускую мову. Таму, калі разважаць пра наступствы рэфэрэндуму, то тут вялікае пытаньне, які адсотак гэтых наступстваў — гэта мэтанакіраваная палітыка дзяржавы, а які — гэта вынік грамадзкай думкі.

Бо юрыдычна ўмовы для роўнасьці ёсьць. Але, на жаль, імі мала хто карыстаецца. І гэта ня нейкія патаемныя ўказы ўлады, але вынік недасьведчанасьці і непрасунутасьці грамадзкай думкі.

І тут, мне здаецца, ёсьць параза той палітыкі, якая адбывалася да рэфэрэндуму. Бо адна справа проста сказаць, што ў нас у краіне адна дзяржаўная мова. І зусім іншая — зрабіць такія захады, каб яна стала для ўсёй краіны адзінай і каб большасьць хацела ёй карыстацца.

Дзень вышыванкі ў Менску
Дзень вышыванкі ў Менску

Цыганкоў: Асаблівасьць сёньняшняй сытуацыі ў тым, што расейскую мову беларускія грамадзяне атрымліваюць «аўтаматычна», а для беларускай увесь час патрэбна пісаць нейкія заявы, патрабаваньні, праяўляць «грамадзянскую актыўнасьць». Ня кожнаму гэта хочацца і па сілах рабіць.

Мажэйка: Так, сапраўды. Але адкуль гэта зьявіліся. Гэтыя расейскамоўныя формы і паперы нам не даслалі нейкія іншаплянэтнікі. Гэта робяць нашы ўласныя грамадзяне, якія працуюць чыноўнікамі. І гэта ідзе, мне здаецца. не таму, што ідуць нейкія загады з Адміністрацыі прэзыдэнта — маўляў, усе фармуляры пішыце па-расейску. А таму што там склалася грамадзкая думка. І зьмяніць гэтую думку — самае цяжкае. Зьмяніць яе — задача вельмі цяжкая, але менавіта такія захады толькі і могуць быць пасьпяховымі.

Цыганкоў: Апошнія гады загаварылі, што ўлада на фоне падзеяў ва Ўкраіне стала па-іншаму ставіцца да беларускай мовы. Калі вы згодны з тым, што ідзе «мяккая беларусізацыя» — то чаму яна ідзе так сьціпла і асьцярожна, непасьлядоўна?

Па-другое, улада, спыніла татальную русыфікацыю — пасьля акупацыі Крыму і Данбасу, нават не прымае георгіеўскія стужкі.​

Трусаў: За 20 гадоў адбыліся вялікія зьмены ў нашым грамадзтве. Папулярнасьць беларускай мовы, асабліва ў Менску, кардынальна вырасла. Я выкладаю ва ўнівэрсытэце, і з кожным першым курсам папулярнасьць мовы расьце на вачах. Гэтыя дзеці прыходзяць з расейскамоўных школаў, але імкнуцца мне па-беларуску адказваць. У Менску беларуская стала мовай эліты, яна перастала ўспрымацца як калгасная.

Курсы "Мова нанова" ў Менску
Курсы "Мова нанова" ў Менску

Па-другое, улада, спыніла татальную русыфікацыю — пасьля акупацыі Крыму і Данбасу, нават не прымае георгіеўскія стужкі.

Сапраўды, дзяржава цяпер ня тое, каб нешта робіць сама, а проста не замінае грамадзкасьці. І магчыма, гэта і някепска.

Па-трэцяе, да ўлады ў рэгіёнах прыйшло новае пакаленьне, 40-гадовыя. Дзеці адраджэньня пачатку 90-х. Яны хадзілі ў беларускамоўныя школы, ведаюць пра гістарычную сымболіку. Адносіны да мовы ў грамадзтве палепшыліся, справа ідзе паступова на нашу карысьць, гэта і Лукашэнка адчувае.

Мажэйка: Калі нехта скажа, што пасьля Крыму нічога не зьмянілася ў моўнай і культурнай палітыцы ўлады, — то гэта проста нейкае заплюшчваньне вачэй. Чаму гэтая «мяккая беларусізацыя» ідзе вельмі павольна? Тут шэраг чыньнікаў. Па-першае, нейкія жорсткія захады па прымусовым прасоўваньні беларускай мовы тут не прадугледжаныя. Па-другое, усе чыноўнікі шмат гадоў працавалі ва ўмовах, што беларускасьць — гэта апазыцыя, ворагі, а цяпер нібыта трэба разварочвацца, і яны не заўсёды ведаюць, што рабіць.

Сапраўды, дзяржава цяпер ня тое, каб нешта робіць сама, а проста не замінае грамадзкасьці. І магчыма, гэта і някепска.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG