На сустрэчы з кіраўнікамі дэлегацыяў сэсіі Савету кіраўнікоў вышэйшых органаў фінансавага кантролю краінаў СНД Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «Беларусь і Расея адэкватна рэагуюць на ўзмацненьне NATO ля межаў Саюзнай дзяржавы», перадае БЕЛТА.
«Расейцы часта кажуць пра тое, што ля межаў Расеі разгортваюцца новыя кантынгенты NATO, — казаў Лукашэнка. — Трэба падкрэсьліць, што перш за ўсё — каля нашых межаў, беларускіх межаў. Мы гэта бачым і прымаем бяз гвалту, бяз шуму адэкватныя меры.
«У выпадку канфлікту часткі беларускай арміі першымі ўступаюць у бой»
Бачу, што і расейскае кіраўніцтва сёньня дзейнічае ў гэтым жа ключы ў заходнім напрамку, маю на ўвазе, што ў нас супольная групоўка ўзброеных сілаў на захадзе, якая забясьпечвае бясьпеку нашай бацькаўшчыны — Беларусі і Расеі. І ў аснове гэтай групоўкі — часткі беларускай арміі. У выпадку канфлікту яны першымі ўступаюць у бой і на працягу кароткага часу сюды падцягваюцца часткі, засяроджаныя на захадзе Расейскай Фэдэрацыі».
Тым часам Расея перакідвае танкі да межаў Беларусі, на тэрыторыі Смаленскай і Бранскай абласьцей мяркуецца сфармаваць дзьве мотастралковыя дывізіі.
Ваенны экспэрт Аляксандар Алесін запэўнівае, што гэта наўрад ці можа быць наступальнай апэрацыяй, а толькі палітычнай. Аўтар дасьледаваньняў InformNapalm Дзяніс Івашын жа перакананы: гэтыя сілы скіраваныя на Беларусь і гэтых сілаў дастаткова для дэстабілізацыі краіны. Прэс-сакратар Мінабароны Беларусі адмовіўся камэнтаваць Свабодзе інфармацыю пра расейскія танкі пад беларускімі межамі ды параіў чытаць Канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі і вайсковую дактрыну Беларусі.