Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка не спачувае блізкім Нямцова, а Нямцоў прадракаў Лукашэнку фінал Чаўшэску


Барыс Нямцоў
Барыс Нямцоў

Што казалі адзін пра аднаго Нямцоў і Лукашэнка – Радыё Свабода сабрала найбольш яскравыя выказваньні.

Аляксандар Лукашэнка дагэтуль ня выказаў спачуваньня з нагоды забойства ў Маскве Барыса Нямцова ў ноч на 28 лютага.

Асабістая няпрыязь паміж імі налічвае ці не паўтара дзесяцігодзьдзі. На пачатку 2000-х Нямцову забаранілі ўезд у Беларусь, а сам расейскі палітык у апошнія гады свае пачуцьці да кіраўніка Беларусі выказваў ва ўласьцівай яму жорсткай манеры.

Нямцоў пра Лукашэнку

Лукашэнка нічога ня робіць для аб’яднаньня Расеі і Беларусі. 25 жніўня 2003 году

Яшчэ ў 2003 годзе Барыс Нямцоў, тады лідэр францыі СПС у Думе, абвінаваціў Аляксандра Лукашэнку ў сабатаваньні дамовы пра саюзную дзяржаву і ў вядзеньні падвойнай гульні.

«...Расея ў асобе прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна... шчыра жадае аб’яднаньня Расеі і Беларусі. У той жа час прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка вядзе падвойную гульню... На словах Аляксандар Лукашэнка кажа пра братэрства і сяброўства, а насамрэч ані эканамічна, ані палітычна для аб’яднаньня Расеі і Беларусі нічога ня робіць».

Пуцін — галоўны вораг Лукашэнкі. 22 ліпеня 2010 году

Калі перад выбарамі 2010 году Расея вырашыла прымусіць Аляксандра Лукашэнку нэрвавацца і выпусьціла ў эфір выкрывальніцкага «Хроснага бацьку», праўладная газэта «Рэспубліка» раптоўна апублікавала даклад Барыса Нямцова «Пуцін. Вынікі. 10 год».

«Хай карыстаюцца», — заўважыў Нямцоў, спакойна ўспрыняўшы сытуацыю з публікацыяй дакладу безь ягонага дазволу, але не прапусьціў нагоды жорстка выказацца наконт кіраўнікоў абедзьвюх краінаў у інтэрвію выданьню «Свободная пресса».

«...розьніцы паміж Пуціным і Лукашэнкам асаблівай няма. Сутыкненьне паміж імі — гэта такая міжвідавая барацьба. Абодва зьнішчаюць апазыцыю, абодва затыкаюць рот прэсе, абодва выкарыстоўваюць АМАП і спэцслужбы ў барацьбе з апанэнтамі, абодва фальсыфікуюць выбары. Гэта браты-блізьняты...»

Лукашэнка скончыць як Чаўшэску. 31 сакавіка 2011 году

Барыс Нямцоў заявіў, што Аляксандар Лукашэнка прайграў выбары 2010 году, а ўсіх сваіх палітычных апанэнтаў пасадзіў за краты.

«Ён дакладна скончыць як Чаўшэску, у лепшым выпадку — як Мубарак. Падонкі, раней ці пазьней, за свае ўчынкі адказваюць. Лукашэнка не выключэньне».

Румынскі дыктатар Нікалае Чаўшэску (1918–1989) быў расстраляны разам са сваёй жонкай Гэленай па прысудзе трыбуналу ў выніку антыкамуністычнай рэвалюцыі.

Лукашэнка неадэкватны. 24 красавіка 2013 году

Такімі словамі Нямцоў пракамэнтаваў сытуацыю, калі ў Менску адразу некалькі пляцовак адмовіліся даць яму памяшканьне для супольнай з АГП прэс-канфэрэнцыі. Нямцоў згадаў, што на пачатку 2000-х быў пэрсонай нон-грата ў Беларусі і ўезд у краіну быў яму забаронены. Палітык меркаваў, што падчас візыту ў Менск давядзецца падпісваць дакумэнты, «як партызаны ў лесе».

Быў час, калі ў Маскве лічылі Лукашэнку тупарылым калгасьнікам і ўвесь час зь яго зьдзекаваліся. 22 кастрычніка 2014 году

«Бацька і лохі» — назваў свой пост у Фэйсбуку Барыс Нямцоў 22 кастрычніка.

«Ён (Лукашэнка. — РС) ведае, што нікуды крамлёўскія лашары не падзенуцца. Усё праглынуць, усё прабачаць з-за пагрозы ўцёкаў Бацькі ў Брусэль...»

«Лука ставіцца да Расеі як да дойнай каровы». 22 сьнежня 2014 году

Пару месяцаў таму Нямцоў запатрабаваў спыніць расейскую падтрымку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі:

«Падтрымка складае 5 млрд даляраў у год, уключаючы газ таньнейшы за 200 даляраў і залічэньне мытных пошлін за экспарт нафтапрадуктаў у бюджэт Беларусі. Лука ставіцца да Расеі як да дойнай каровы, а ў нас саміх няма грошай нават на лекі і мэдыцыну»...

Лукашэнка пра Нямцова

У лістападзе 2002 году Барыса Нямцова затрымалі ў менскім аэрапорце і выдварылі зь Беларусі. Прычыны дэпартацыі агучыў тады яшчэ прэс-сакратар МЗС Павал Латушка: «... неаднаразовыя факты ўмяшаньня Нямцова ў справы Рэспублікі Беларусь, а таксама яго дзейнасьць, накіраваная на нанясеньне шкоды дзяржаўным інтарэсам Беларусі».

Беларускія ўлады абвінавачвалі Нямцова ў тым, што ён вёз у Беларусь 50 тысяч даляраў, хоць палітык заяўляў, што да грошай, якія нібыта знайшлі пры ім, ня мае дачыненьня. «Беларусь Сегодня» наўпрост напісала, што Нямцоў вёз грошы для падтрымкі апазыцыі.

«Небясьпечныя для Расеі». 2003 год

Такім чынам кіраўнік Беларусі ахарактарызаваў Барыса Нямцова, Рыгора Яўлінскага і Сяргея Кірыенку на прэс-канфэрэнцыі ў Санкт-Пецярбургу. Аляксандар Лукашэнка лічыў, што гэтыя людзі — «праваднікі палітыкі тых краін, каму не патрэбны саюз Беларусі і Расеі».

«Барыс Нямцоў прыслаў дзьве групы ў Менск з 12 чалавек, двое засталіся». 18 сакавіка 2011 году

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году Аляксандар Лукашэнка абвінаваціў Барыса Нямцова ў адпраўцы ў Беларусь дзьвюх групаў расейскай моладзі для ўдзелу ў масавых непарадках. Да гэтых групаў, па словах кіраўніка Беларусі, належалі затрыманыя тады на Кастрычніцкай плошчы Арцём Брэўс і Іван Гапонаў.

Лукашэнка патлумачыў, чаму расейцам не прысудзілі турэмныя тэрміны: «Навошта яны нам? Для Беларусі гэта было б як дзесяць спраў Хадаркоўскага для Расеі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG