Продажы алькаголю ў літоўскіх гандлёвых сетках працягнулі зьніжацца ў студзені 2018 году, піша Delfi. За мінулы год продажы алькаголю зьнізіліся ў аб’ёмным вымярэньні, але вырасьлі ў грашовым.
Так, у гандлёвай сетцы Maxima за студзень 2018 году прадалі алькаголю на 14% меней аб’ёмам, чым у студзені 2016-га, у сетцы Norfa — на 10%. Сеткі Iki і Rimi таксама адзначылі зьніжэньне аб’ёмаў продажу алькаголю, але не паведамілі дакладных лічбаў.
За цэлы 2017 год, паводле зьвестак міжнароднай кампаніі Nielsen, продаж алькаголю ў літоўскіх гандлёвых сетках упаў у аб’ёмах на 11% (мінус 23,4% віна, мінус 10,3% піва, мінус 10,2% слабага алькаголю, мінус 13,8% моцнага), але вырас у грашовым вымярэньні на 5%.
Паводле Літоўскай асацыяцыі гандлёвых кампаніяў, гэтыя зьмены, верагодна, зьвязаныя з падвышэньнем акцызаў на алькаголь (раней павышаліся паступова, у сакавіку 2017 году рэзка павялічыліся: на 112% на віно і піва, на 23% на моцны алькаголь) і больш жорсткімі правіламі продажу: алькаголь цяпер прадаюць не з 18 год, а з 20; толькі з 10 гадзін дня да 20 гадзін па буднях, а па выходных — з 10 да 15.
Але адзначаецца, што некаторыя жыхары Літвы цяпер купляюць алькаголь у суседніх Польшчы і Латвіі або на «чорным рынку». Nielsen зьвяртае ўвагу на тое, што ў рэгіёнах па-ранейшаму прадаюць шмат таннага алькаголю — сытуацыя там не мяняецца радыкальна.
Літва і Беларусь — у ліку самых пітушчых. І ў Беларусі продаж алькаголю расьце
У 2016 годзе Усясьветная арганізацыя аховы здароўя назвала Літву самай пітушчай краінай Эўропы з 18,2 літра ўмоўнага сьпірту на чалавека за год, на другое месца паставілі Беларусь з 16,4 літра. У рэйтынгу самых нездаровых нацыяў сьвету Беларусь нават абагнала Літву (4-е месца супраць 10-га).
За 2017 год беларусы сталі купляць толькі больш алькаголю. вырасьлі продажы вінаградных вінаў на 2,9%, пеністых вінаў — на 3,8%, гарэлкі — на 0,5%, каньяку — на 18,0%, піва — на 3,4%, лікёраў і лікёра-гарэлачных вырабаў — на 10,2%, слабаалькагольных напояў — на 8,6%. Упаў толькі продаж пладовых вінаў — на 8,4%. У суседняй Расеі сытуацыя адваротная, сталі купляць меней усяго алькаголю акрамя пладовых вінаў.
У Беларусі будзе разглядацца абмежаваньне продажу алькаголю з 21 году (цяпер не прадаюць да 18) і іншыя антыалькагольныя захады, але Аляксандар Лукашэнка казаў, што «ў барацьбе з п’янствам нельга пераціснуць». Тым часам выпуск айчынных вінаў у 2018 годзе павялічаць на 80%.