Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіста Леаніда Кулакова будуць судзіць 5 студзеня


Леанід Кулакоў
Леанід Кулакоў

Актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Леанід Кулакоў атрымаў позву з Першамайскага раённага суду. Леаніда Кулакова выклікаюць у суд 5 студзеня 2016 году на разгляд адміністрацыйнай справы аб правядзеньні несанкцыянаванага пікету ў Менску на бульвары Талбухіна 10 сьнежня, у міжнародны дзень правоў чалавека.

«У позьве пазначана, што судзіць мяне будзе судзьдзя Юры Гарбатоўскі. Адразу скажу, што на судзе я буду заяўляць яму адвод, бо давяраць гэтаму судзьдзі не магу. Год таму ён судзіў мяне нібыта за зьнявагу міліцыянтаў і прысудзіў 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Гэта быў яўны палітычны заказ, бо ў суду не было ніякіх доказаў, што я сапраўды зьневажаў міліцыянтаў, якія ўварваліся ў маю кватэру, каб мяне арыштаваць. Суд спаслаўся толькі на іх словы, а мае доказы не прыняў да ўвагі. Гэтак, відаць, будзе і цяпер: за тое, што выйшаў з плякатам і павіншаваў праваабаронцаў з міжнародным днём абароны правоў чалавека мяне асудзяць, а калі б павіншаваў судзьдзяў зь іх прафэсійным сьвятам — дык нічога б не было», — сказаў Леанід Кулакоў карэспандэнту Свабоды.

Леанід Кулакоў — менскі таксіст, актывіст «Эўрапейскай Беларусі». За ўдзел у акцыях салідарнасьці ў беларускімі палітвязьнямі Леаніда Кулакова шмат разоў прысуджалі да штрафаў і адміністрацыйных арыштаў, звольнілі з працы, аднак ён працягвае сваю грамадзкую дзейнасьць. У тым ліку праз скаргі Леанід Кулакоў дамогся рамонту ў Смалявіцкім раённым ізалятары, дзе яму давялося адбываць адзін з арыштаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG