14 верасьня сваё 95-годзьдзе сьвяткуе Нацыянальны акадэмічны тэатар імя Янкі Купалы. Да гэтай даты прымеркаваны шэраг імпрэзаў, уключна з паказам спэктакляў, якія былі прадстаўлены гледачам у гэтыя дні амаль стагодзьдзе таму.
Днём свайго нараджэньня купалаўцы лічаць 14 верасьня 1920 году, калі ў будынку Гарадзкога тэатру на тагачаснай вуліцы Петрапаўлаўскай (цяпер Энгельса, а яшчэ даўней Дамініканскай) запрацаваў Беларускі дзяржаўны тэатар. Імя клясыка беларускай літаратуры тэатру прысвоілі нашмат пазьней — у 1944-м, калі трупа была ў эвакуацыі ў Томску.
У паваенныя гады ў тэатры адбылося багата гучных прэм’ераў, а прозьвішчы майстроў сцэны назаўсёды ўнесеныя ў залаты фонд тэатральнага мастацтва Беларусі: акторы Стэфанія Станюта, Зьдзіслаў Стома, Галіна Макарава, Зінаіда Браварская, Генадзь Гарбук, Генадзь Аўсяньнікаў, Лілія Давідовіч, Віктар Тарасаў, Марыя Захарэвіч, Аўгуст Мілаванаў, Сяргей Журавель, галоўны рэжысэр і мастацкі кіраўнік Валеры Раеўскі, мастак Барыс Герлаван ды многія іншыя.
Раман Падаляка хоць і адносіцца да прадстаўнікоў новай хвалі маладых і таленавітых гадаванцаў Купалаўскага, але ўжо лічыцца вядучым артыстам тэатру. У яго актыве — рознаплянавыя ролі, ён заняты ў знакавых пастаноўках апошняга часу. А ці абмяжоўваюцца прафэсійныя інтарэсы адным толькі тэатрам?
«Як бы там ні было, гэта галоўная сцэна краіны — у сэнсе таго, падабаецца нам спэктакль як акторам ці не падабаецца. На дадзены момант гэта брэнд, які працуе, і Янка Купала — наш адзін з найбольш улюбёных паэтаў, адзін з прарокаў нацыі, калі казаць высакамоўна. Таму мы трымаем гэтую марку, гэтую якасьць. Але я б не абмяжоўваў сябе толькі рамкамі аднаго тэатру, таму што актор павінен разьвівацца. І калі ў цябе няма магчымасьці па поўнай разьвівацца ў адным тэатры ці ты разьвіваесься, як мяркуеш, недастаткова, то няма ніякіх праблемаў, каб удзельнічаць у прыватных ініцыятывах — скажам, у тым жа „Тэатры Ч“ ці ў любым іншым культурніцкім праекце, які табе па душы».
Раман Падаляка ладзіць невялікую экскурсію па адноўленым будынку. У 2010-м тут пачалася маштабная рэканструкцыя, якая доўжылася амаль тры гады. Яе мэтай было вярнуць фасад і ўнутраны дэкор на ўзор 1890 году — менавіта тады ў Менску адкрыўся Губэрнскі тэатар. У выніку перабудовы ў глядзельнай залі паменела месцаў, але стала больш камфортна — паставілі зручныя крэслы, праходы сталі шырэйшыя.
Замест рэпэтыцыйнай залі зьявілася патаснае фае з двума камінамі і крышталёвымі жырандолямі, а гардэроб перамясьціўся ў цокальнае памяшканьне. На бэльэтажы па старых чарцяжах узнавілі фігурныя перагародкі паміж лёжамі, аднавілі нават шэра-блакітную гаму інтэр’ераў. Істотна павялічылася сцэна, цалкам заменена тэхнічнае абсталяваньне. Але грымёрка, у якой мы спыніліся для невялікай гутаркі, мякка кажучы, не ідэальная — ажно на дзесяць чалавек. Ёсьць праблемы і з «дастаўкай» гуку са сцэны ў залю:
«Заўсёды ёсьць хібы, якія ці даводзіцца дапрацоўваць, ці застаецца прыняць як дадзенасьць. Але тут ёсьць як аб’ектыўныя перадумовы, так і суб’ектыўныя. Аб’ектыўна, канечне, тэатар патрабаваў рамонту і з гэтым не паспрачаесься. Трэба было абнаўляць, перш за ўсё, тэхнічнае насычэньне — сьвятло, гук і г.д. У гэтым мы, несумненна, выйгралі — у нас цяпер самае лепшае сьвятло, самы лепшы гук. Але таксама і страцілі. Скажам, раней у залі можна было пачуць кожнае слова, сказанае ў любым месцы сцэны. Цяпер, як сцэна павялічылася ў аб’ёмах — і ў шырыню, і, самае галоўнае, у глыбіню — безумоўна, страціўся той гук, які быў. Таму, само сабой, нешта мы губляем. Але ўмовы для пастаноўкі і прагляду спэктакляў аб’ектыўна лепшыя».
Нягледзячы на тое, што тэатар некалькі гадоў заставаўся без уласнай сцэны, працуючы на арандаваных пляцоўках (Палац культуры прафсаюзаў, Дом афіцэраў, канцэртная заля «Мінск»), у актыве купалаўцаў ажно тузін прэм’ераў. З прыходам у 2009-м на пасаду мастацкага кіраўніка рэжысэра Мікалая Пінігіна ўвага скіраваная на знаёмства гледачоў з малавядомымі пластамі беларускай культуры. Пастаноўкі маюць справу з заснавальніцай беларускага прафэсійнага тэатру Францішкай Уршуляй Радзівіл, гісторыяй Беларусі — праз паэму Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш», заходнебеларускім кабарэ і г.д. Новы сэзон пачынаецца з запуску Камэрнай сцэны — экспэрымэнтальнай пляцоўкі крыху менш як на 100 месцаў. Рыхтуецца некалькі прэм’ераў: «Шабаны» Альгерда Бахарэвіча, «Антыгона» Жана Ануя, «АРТ» Ясьміны Рэзы.
Тым ня меней кантынгент тэатралаў досыць кансэрватыўны, новых людзей ня так шмат. І перадусім моладзі, якая выхоўваецца зусім на іншых тэхналягічных каштоўнасьцях. Чым прывабіць людзей у тэатар? Раман Падаляка лічыць, што ня трэба баяцца экспэрымэнтаваць, і ў гэтым сэнсе ўскладае немалыя спадзяваньні менавіта на Камэрную сцэну:
«Мне падаецца, што ўсё ж патрэбны экспэрымэнт. У нас ёсьць вялікая пляцоўка, але цяпер мы маем яшчэ спадзяваньні і на Камэрную сцэну. Справа ў тым, што ня можа кожны спэктакль заўсёды быць насычаны дэкарацыямі, дарагімі касьцюмамі. Насычаны, скажам так, па-багатаму, бо гэта першая нацыянальная сцэна. Усё ж трэба, каб былі экспэрымэнтальныя формы, каб была магчымасьць рэалізоўвацца ў маладых цікавых рэжысэраў. Цяпер іх аб’ектыўна ня так шмат, але ім трэба даць такую пляцоўку. Бо як мы ўзгадуем будучых рэжысэраў, калі ня будзем даваць ім магчымасьць паспрабаваць сябе нават на экспэрымэнтальнай сцэне? Я з насьцярогай стаўлюся да сучаснай драматургіі, але калі не даваць гэтай плыні выйсьця, то гэта будзе застой, будзе тэатар-музэй, у які прыцягнуць публіку сапраўды складана».
У гонар юбілею вядучай тэатральнай установы краіны прадпрыемства «Белпошта» падрыхтавала да выпуску паштовую марку «Нацыянальны акадэмічны тэатар імя Янкі Купалы» ў сэрыі «Тэатры Беларусі». Урачыстая цырымонія гашэньня маркі ў прысутнасьці кіраўніцтва і артыстаў распачне шэраг сьвяточных мерапрыемстваў з нагоды 95-годзьдзя тэатру. Увечары 15 верасьня на Вялікай сцэне адбудзецца юбілейная вечарына ў двух актах. Як расказаў мастацкі кіраўнік Мікалай Пінігін, спачатку пакажуць спэктакль «Сфінкс» Актава Фэлье, які першым зьявіўся на сцэне яшчэ Гарадзкога тэатру ў 1890 годзе. У другой частцы купалаўцы ўзгадаюць легендарныя спэктаклі, якіх ужо няма ў рэпэртуары — урыўкі з «Трыбуналу», «Памінальнай малітвы», «Тутэйшых», «Гаральда і Мод» ды іншых.