Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Купалаўскі ставіць «Шабаны». Бахарэвіч: «Хай робяць, што хочуць»


Пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч (фота Юліі Цімафеевай)
Пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч (фота Юліі Цімафеевай)

Купалаўскі тэатар рыхтуе да пастаноўкі спэктакаль «Шабаны» паводле аднайменнага раману Альгерда Бахарэвіча. Рэжысэр пастаноўкі — Алена Ганум, якая ўжо ставіла спэктакаль «Шабаны. Гiсторыя аднаго зьнiкненьня» летась у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. І вось цяпер «Шабаны» перанясуцца на камэрную сцэну Купалаўскага, якая сёлета адкрыецца на чацьвёртым паверсе тэатра.

Альгерд Бахарэвіч пацьвердзіў Радыё Свабода, што сапраўды ён даў згоду на пастаноўку, але ў творчы працэс ня ўмешваецца:

«Я, па шчырасьці, не валодаю, што канкрэтна будуць ставіць, ведаю толькі, што вось-вось пачнуцца рэпэтыцыі. Я проста даў згоду на пастаноўку, але ў мяне ніякіх прэтэнзій да тэатру ня будзе. У нас вельмі мала спэктакляў ставіцца паводле твораў сучаснай беларускай літаратуры. Таму трэба гэта ўспрымаць як маленькую перамогу, няхай яны робяць з раманам, што хочуць. Цікавы сам факт, што тэатар нарэшце паварочваецца тварам да сучаснай беларускамоўнай прозы, зьбіраюцца ставіць ня клясыку, а літаратараў майго пакаленьня, вось гэта важна. Калі гэта стане ўжо правілам, калі з гэтым усе звыкнуцца, калі гэта будзе ўспрымацца як нешта нармальнае, тады можна будзе ўжо спрачацца, раіць, уплываць на творчы працэс. А пакуль няхай робяць што хочуць.

Я цудоўна разумею, што тэатар — гэта не літаратура, там свае законы, там свая драматургія павінна быць, а я сябе не лічу настолькі кампэтэнтным, каб указваць тэатральным рэжысэрам, што і як яны павінны ставіць. Адзінае — мне, як аўтару, важна, каб там нічога свайго асабліва не дадавалася, каб яны неяк ішлі за сюжэтам, каб не ўкладалі ў спэктакаль таго, чаго ў рамане няма.

У пастаноўцы, што адбылася летась, акцэнт быў зроблены на любоўную лінію, якая ў рамане ня самая важная. Я быў зьдзіўлены, што у тым спэктаклі акцэнт зроблены на той частцы раману, дзе гаворка ідзе пра зьнікненьне мужа, любоўнай лініі, а не эсэістычнай частцы, дзе я распавядаю пра сябе, пра сваю маладосьць, непасрэдна пра самі Шабаны. Але гэта права рэжысэра на інтэрпрэтацыю. І я нармальна паставіўся да гэтага. Мне самому страшэнна цікава, што атрымаецца».

Летась Рэспубліканскі тэатар беларускай драматургіі зрабіў пастаноўку паводле гэтага раману Альгерда Бахарэвіча. Спэктакаль называецца «Шабаны. Гiсторыя аднаго зьнiкненьня». Ролю пісьменьніка выконваў Анатоль Лагуценкаў, Сафіі — Вольга Дзятлоўская, брата Данілы — Эрык Абрамовіч, брата Юркі — Аляксандр Гялейша, маці — Дыяна Камінская, бацькі — Георгі Пятрэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG