Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памежны пераход на Аўгустоўскім канале адкрылі таксама для пешаходаў і раварыстаў


Маршалак Ежы Ляшчынскі і старшыня аблвыканкаму Ўладзімер Краўцоў падчас падпісаньня дамовы аб супрацоўніцтве
Маршалак Ежы Ляшчынскі і старшыня аблвыканкаму Ўладзімер Краўцоў падчас падпісаньня дамовы аб супрацоўніцтве

Падляскі маршалак Ежы Ляшчынскі і старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму падпісалі ў польскім Аўгустове пагадненьне паміж Падляскім ваяводзтвам і Гарадзенскай вобласьцю.

Сёньня ж маршалак і старшыня аблвыканкаму адкрылі для руху пешаходаў і раварыстаў памежны пераход на Аўгустоўскім канале «Лясная» («Рудаўка»). Гэтыя падзеі ваявода і старшыня аблвыканкаму назвалі гістарычнымі.

Падляскі маршалак Ежы Ляшчынскі сказаў журналістам, што падпісанае пагадненьне аб узаемным супрацоўніцтве — гэта вынік сумеснага цеснага супрацоўніцтва, і яно вызначае агульны шлях у будучыню.

Старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімер Краўцоў зазначыў, што за апошнія гады супрацоўніцтва паміж Гарадзенскай вобласьцю і Падляскім ваяводзтвам заўважна вырасла. За 2016 год таваразварот паміж Гарадзенскай вобласьцю і Польшчай павялічыўся на 106%.

Памежны пераход «Лясная» («Рудаўка») дзейнічаў дагэтуль для водных турыстаў. Цяпер тут можна будзе перасякаць мяжу пешшу і на роварах. Паводле ваяводы Ляшчынскага, беларускі і польскі бакі пастараліся і на некалькі дзён прысьпешылі адкрыцьцё пераходу.

Падляскі маршалак Ежы Ляшчынскі
Падляскі маршалак Ежы Ляшчынскі

— Гэта было зроблена дзеля таго, — сказаў маршалак Свабодзе, — каб ужо бліжэйшыя некалькі дзён выходных турысты з абедзьвюх краін маглі правесьці свае выходныя на Аўгустоўскім канале.

Сябра Падляскай Рады Богдан Дыюш сказаў Свабодзе, што ў плянах абодвух бакоў адкрыць яшчэ адзін памежны пераход «Сафіева» («Ліпшчаны»). Плянуецца, што гэты памежны пераход стане самай кароткай дарогай з Горадні да Аўгустова. Дыюш кажа, што яго змогуць выкарыстоўваць турысты і ён будзе разьлічаны на праезд легкавых і грузавых аўтамабіляў да трох з паловай тон.

Спадар Дыюш сказаў Свабодзе, што такой супрацы жадаюць мясцовыя ўлады і ў Польшчы, і ў Беларусі.

— Мы пачалі працоўныя сустрэчы, перамовы вяла і наша амбасада ў Менску. Мы ішлі да гэтага крок за крокам. Мы зразумелі, што Белавеская пушча адна, хоць дзеліцца мяжою, і Аўгустоўскі канал таксама адзін, хоць таксама дзеліцца мяжою. Мы зразумелі, што нам выгодна выкарыстоўваць і рэклямаваць гэтыя мясьціны разам, і цяпер мы спрабуем гэта рабіць.

Дэлегацыя Гарадзенскай вобласьці на перамовах падчас падпісаньня дамовы аб супрацоўніцтве Гарадзенскай вобласьці і Падляскага ваяводзтва, 28 красавіка 2017 году
Дэлегацыя Гарадзенскай вобласьці на перамовах падчас падпісаньня дамовы аб супрацоўніцтве Гарадзенскай вобласьці і Падляскага ваяводзтва, 28 красавіка 2017 году

Адказваючы на пытаньні Свабоды, старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімер Краўцоў заўважыў, што апошнім часам яны назіраюць цікавасьць польскага боку да супрацы і самі рыхтуюць адпаведныя праекты. Прыкладам, на Аўгустоўскім канале пачаў дзейнічаць музэй канала, вядзецца рэканструкцыя палаца Валовічаў у Сьвяцку, рэалізуюцца іншыя праекты.

— Што датычыць больш глябальных эканамічных праектаў, то апошнім часам пачалі актыўна сустракацца і абмяркоўваць канкрэтныя праекты бізнэсмэны з Падлясься і Горадні. На другім этапе разьвіцьця бязьвізавага рэжыму мы плянуем уключыць у бязьвізавую зону наш аэрапорт і чыгуначны вакзал. Ёсьць праект пашырэньня пераходу «Брузгі» («Кузьніца Беластоцкая»). У нас цяпер вядзецца рэканструкцыя трасы М6, і ў межах гэтага праекту мы плянуем да канца 2018 году гэтую рэканструкцыю скончыць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG