12 сакавіка ў кватэры магілёўскага журналіста Ігара Барысава адбыўся ператрус. Супрацоўнікі міліцыі забралі кампутары, мадэм і нататнік. Паводле журналіста, нагодай «для агляду месца меркаванага правапарушэньня» сталася заява ў міліцыю кіраўніка аднаго зь мясцовых прадпрыемстваў, які ўгледзеў у публікацыі на рэдагаваным Барысавым сайце «Наш Магілёў» непраўдзівыя зьвесткі пра сябе. Па той жа справе міліцыянты забралі кампутары з прыватнай кватэры, дзе зьбіраюцца магілёўскія праваабаронцы. У іх таксама будуць шукаць доказы віны Барысава.
Ігар Барысаў кажа, што два месяцы таму, як вынікае з санкцыі пракурора, у міліцыю паскардзіўся генэральны дырэктар акцыянэрнага таварыства «Стужка» з абвінавачаньнямі на рэдактара газэты «Наш Магілёў» у паклёпе. Паводле журналіста, справа супраць яго яшчэ не распачата — вядзецца праверка.
«У інтэрнэце пра яго была разьмешчаная інфармацыя, — пераказвае сутнасьць абвінавачваньня Ігар Барысаў, — што ён нібыта ў казіно прайграў сваю кватэру і акцыі прадпрыемства. І гэта паклёп. Падазраваным у разьмяшчэньні інфармацыі ён пазначыў газэту „Наш Магілёў“ і канкрэтна мяне як рэдактара».
Ігар Барысаў зазначае, што публікацыя, якая стала нагодай для ператрусу, разышлася па інтэрнэце. Яе разьмясьцілі некалькі недзяржаўных сайтаў.
«Таму, у прынцыпе, яна магла нанесьці шкоду яму. Будзем шукаць крыніцу, якая пацьвердзіць, што такія факты. Пісаў журналіст. Будзем зь ім размаўляць. Казаць пра тое, што гэта ўсё зьвязана з выбарамі, я пакуль не бяруся. Дапускаю, што гэта супадзеньне. Я, аднак, ня буду цалкам адмаўляць такую сытуацыю. Цяпер жа прэса пад пэўным кантролем».
Чацьвёра міліцыянтаў і двое панятых зьявіліся, як кажа журналіст, раніцай. Падчас ператрусу паводзілі сябе карэктна. Копіяў дакумэнтаў на ператрус і пратаколу журналісту не пакінулі. Паабяцалі, што праз два тыдні, магчыма, аргтэхніку вернуць.
Па заканчэньні ператрусу ў Барысава тыя ж міліцыянты з тымі ж панятымі наведаліся да праваабаронцаў. Адзін зь іх, Барыс Бухель, кажа, што падставы для агляду памяшканьня былі тыя самыя, што і ў журналіста — заява генэральнага дырэктара акцыянэрнага таварыства «Стужка» пра паклёп на яго. У праваабаронцаў забралі тры кампутары.
Актывісты пакуль асьцярожна камэнтуюць падзеі сёньняшняга дня.
Праваабаронца Аляксей Колчын дапускае, што ператрус, які правялі ў іх на кватэры, сапраўды можа быць зьвязаны са справай Барысава, бо той карыстаўся тамтэйшай тэхнікай. Аднак праваабаронцу дзівіць маштаб міліцэйскай апэрацыі:
«Па-мойму, асабістых кампутараў журналіста было дастаткова. Пры чым тут тэхніка іншых людзей?» — разважае Колчын і ставіць пытаньні, на якія пакуль няма адказаў:
«Мо ў іх была цікавасьць да тэхнікі праваабаронцаў? Паглядзім, як будуць разьвівацца падзеі далей. Ці спыняцца гэтыя выманьні толькі на нас, ці працягнуцца? Як хутка вернуць тэхніку? Пакуль цяжка што-небудзь канкрэтнае казаць».