Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Генпракуратуры не камэнтуюць зьвесткі пра ціск на блогера Лапшына, выдачы якога дамагаецца Азэрбайджан


Аляксандар Лапшын
Аляксандар Лапшын

Пра тое, што ад арыштаванага ізраільска-расейскага блогера Аляксандра Лапшына на «Валадарцы» дамагаюцца згоды на экстрадыцыю ў Азэрбайджан, напісаў у інтэрнэце блогер Максім Міровіч. Паводле ягоных зьвестак, Лапшына наўмысна зьмясьцілі ў адну з самых халодных камэр сьледчага ізалятара і праводзяць зь ім гутаркі, каб падпісаў дакумэнт аб экстрадыцыі.

«Калі ён дасьць згоду на экстрадыцыю, чаго дамагаліся сілавікі, дык адразу зьнікае права на абскарджваньне рашэньня аб экстрадыцыі», — тлумачыць Максім Міровіч. Паводле ягоных зьвестак, рашэньне аб экстрадыцыі Аляксандра Лапшына ўжо прынятае. Пра гэта Лапшын нібыта паведаміў сваёй знаёмай Кацярыне. Якім чынам дзяўчына атрымала гэтыя зьвесткі, не паведамляецца.

Паводле допісу Максіма Міровіча, знаёмая Лапшына Кацярына мяркуе, што рашэньне аб экстрадыцыі ў Беларусі прымае суд. Гэтыя зьвесткі карэспандэнту Свабоды абверг прэсавы сакратар пракуратуры Беларусі Пётар Кісялёў.

У Беларусі рашэньне аб экстрадыцыі прымае пракуратура, а ня суд

«У Беларусі рашэньне аб экстрадыцыі прымае пракуратура, а ня суд. У іншых краінах можа быць гэтак. Альбо бывае, што такое рашэньне прымае Мінʼюст, але ў нас гэта кампэтэнцыя пракуратуры. Прычым гэта службовая інфармацыя, якая не падлягае апублічваньню. Калі адпаведны аддзел пракуратуры прыме рашэньне, што варта гэта апублічыць, тады і паведамім. А пакуль на пытаньне, ці прынятае рашэньне аб экстрадыцыі Аляксандра Лапшына ў Азэрбайджан, нічога камэнтаваць не магу», — сказаў Пётар Кісялёў.

Блогер з грамадзянствам Ізраілю і Расеі Аляксандар Лапшын быў затрыманы ў Менску 14 сьнежня як асоба, абвешчаная ў міжнародны вышук. Менскі суд арыштаваў яго на 2 месяцы. Азэрбайджан дамагаецца выдачы Лапшына з той прычыны, што ён неаднаразова без узгадненьня з уладамі гэтай краіны бываў у Нагорным Карабаху — а з пункту гледжаньня Баку гэта тэрыторыя, акупаваная Армэніяй. Паводле Генпракуратуры Азэрбайджану, у Баку Аляксандра Лапшына чакаюць абвінавачаньні ў шэрагу злачынстваў, у тым ліку ў закліках да гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага ладу і ў парушэньні дзяржаўнай мяжы. У Генпракуратуры Азэрбайджану кажуць, што выслалі ў Менск дакумэнты на экстрадыцыю Аляксандра Лапшына, але ў пракуратуры Беларусі яшчэ 9 студзеня адказвалі, што «такіх дакумэнтаў не атрымлівалі».

Зьвесткі пра тое, што на Аляксандра Лапшына на «Валадарцы» нібыта чыніцца ціск, у прэсавай службе пракуратуры Беларусі не пракамэнтавалі.

Вядома, што Аляксандар Лапшын спрабаваў зьвярнуцца па дапамогу ў консульскія службы амбасадаў Расеі і Ізраілю ў Беларусі. Сяброўка Лапшына Кацярына сьцьвярджае, што, паводле яе зьвестак, гэтыя звароты да адрасатаў не дайшлі.

Блогер Максім Міровіч мяркуе, што Аляксандра Лапшына падманваюць, калі абяцаюць яму, што пасьля добраахвотнага прылёту ў Баку яго адразу перададуць дыпляматам Ізраілю.

«Маё меркаваньне — Сашу хочуць схіліць падпісаць згоду, потым выслаць у Азэрбайджан, а там нешта нібыта пойдзе інакш, і ён апынецца ў руках азэрбайджанскіх уладаў», — кажа Максім Міровіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG