Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З Баку паслалі ў Менск запыт на экстрадыцыю ізраільскага блогера


Аляксандар Лапшын
Аляксандар Лапшын

У пракуратуры Беларусі запыт пакуль не атрымалі і ня ўпэўненыя, што выканаюць яго.

У пракуратуры Беларусі паведамілі, што там дагэтуль не атрымалі дакумэнтаў з Азэрбайджану наконт выдачы Аляксандра Лапшына, блогера, які ў сьнежні быў затрыманы ў Менску. Пры гэтым азэрбайджанскі бок заяўляе, што адправіў у Менск адпаведныя дакумэнты.

Пра гэта 9 студзеня паведаміла азэрбайджанскае агенцтва Trend са спасылкай на прэсавага сакратара генпракуратуры Азэрбайджану Эльдара Салтанава.

«У дадзены час вядзецца афармленьне дакумэнтаў, неабходных для перадачы гэтай асобы азэрбайджанскаму боку», — цытуе азэрбайджанскае агенцтва Trend прэсавага сакратара генпракуратуры Азэрбайджану.

У Генпракуратуры Беларусі запэўніваюць, што дакумэнтаў не атрымлівалі. Прэсавы сакратар Пётар Кісялёў:

«Так, Лапшын быў арыштаваны Менскім гарадзкім судом на 2 месяцы як асоба, якая абвешчаная ў міжнародны вышук. Гэтак робіцца заўсёды паводле міжнародных пагадненьняў. Але дакумэнтаў на яго выдачу ў Азэрбайджан мы яшчэ не атрымалі, адпаведна, працэдура не пачыналася. Будуць дакумэнты, справа будзе разглядацца», — сказаў Пётар Кісялёў.

Супрацоўнік пракуратуры не адказаў на пытаньне, колькі часу спатрэбіцца на разгляд дакумэнтаў, калі тыя паступяць. Ня ўзяўся Пётар Кісялёў прагназаваць і вынік запыту на экстрадыцыю.

«Не абавязкова, што Лапшына выдадуць у Азэрбайджан, як гэтая краіна дамагаецца. Памятаеце, быў затрыманы расеец, якога ў Саудаўскай Арабіі абвінавачвалі ў забойстве і дамагаліся яго выдачы. Але наш суд вырашыў, што яго нельга выдаваць, і таму паехаў ён дамоў. Ня ведаю, як будзе з Лапшыным, пытаньне будзе разглядацца з усіх бакоў», — сказаў Пётар Кісялёў.

Блогер Аляксандар Лапшын неаднаразова без узгадненьня з азэрбайджанскімі ўладамі наведваў Нагорны Карабах. Цяпер генпракуратура Азэрбайджану абвінавачвае яго ў закліках да гвалтоўнай зьмены ўлады і парушэньня тэрытарыяльнай цэласнасьці гэтай краіны, а таксама ў незаконным перасячэньні дзяржаўнай мяжы.

Блогер быў затрыманы ў Менску 14 сьнежня і арыштаваны паводле рашэньня суду на 2 месяцы. 6 студзеня менскі гарадзкі суд адмовіў Лапшыну ў зьмене меры стрыманьня. Суд праходзіў у закрытым рэжыме, паведаміў БелаПАН.

Аляксандар Лапшын мае грамадзянства Ізраілю і Расеі. Ад сяброўкі Лапшына Кацярыны стала вядома, што ён зьвяртаўся па дапамогу ў консульствы гэтых краін у Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG