Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігар Кузьняцоў: «Для новай эксгумацыі ў Курапатах навуковых абгрунтаваньняў няма»


Кіраўнік міжнароднай праваабарончай арганізацыі «Мэмарыял» Ігар Кузьняцоў зладзіў у Курапатах прэсавую канфэрэнцыю з нагоды плянаў эксгумацыі, прапанавай уладамі Польшчы і Беларусі.

Ігар Кузьняцоў: «Да 90% пахаваных у Курапатах (а гэта 510 упадзінаў і магілаў) прыпадае на 1937–38 гады. Пра гэта сьведчаць дзьве эксгумацыі, якія праводзілі дзяржаўныя ўрадавыя камісіі ў 1988 і 1997 гадах. Навуковыя высновы гэтых эксгумацый такія, што ў гэтых магілах пахаваныя цывільныя беларускія грамадзяне. Таму выклікае непаразуменьне ініцыятыва ўладаў Польшчы правесьці чарговую эксгумацыю ў Курапатах з мэтай пошуку пахаваньняў людзей з так званага „Беларускага катынскага сьпісу“».

Паводле Ігара Кузьняцова, спачатку неабходна правесьці навуковую дасьледчую працу. Ня выключана, што ахвяры катынскага сьпісу пахаваныя ў іншых месцах расстрэлаў, напрыклад, у Лошыцы ці Парку Чалюскінцаў.

Падчас папярэдніх дзьвюх эксгумацый у Курапатах рэштак жыхароў Заходняй Беларусі і Польшчы, якія маглі б быць зь Беларускага катынскага сьпісу, ня выявілі. Таму, лічыць Ігар Кузьняцоў, новая эксгумацыя можна даць падставу ўладам Беларусі назаўжды закрыць тэму Беларускага катынскага сьпісу.

Подобнае меркаваньне і ў прадстаўніцы ініцыятывы «За ўратаваньне Курапатаў» Ганна Шапуцька:

«Пры цяпершняй уладзе праўды пра Курапаты, пра Беларускі катынскі сьпіс дамагчыся будзе немагчыма. І таму зараз гэта рабіць ня мае сэнсу і нават небясьпечна».

Правядзеньне новай эксгумацыі абмяркоўвалася на сустрэчы польскай урадавай камісіі «Рада аховы памяці барацьбы і пакутніцтва» з прадстаўнікамі ўлады Беларусі і грамадзкімі арганізацыямі. Пры гэтым, паводле Ігара Кузьняцова, на сустрэчу не запрасілі беларускіх навукоўцаў, што праводзілі папярэднія эксгумацыі.

«Гэтыя акалічнасьці выклікаюць непаразуменьні і пытаньні. Мы, навукоўцы, якія шмат гадоў вывучаем гісторыю сталінскіх рэпрэсій у Беларусі, дасьледуем курапацкія пахаваньні, ня супраць ініцыятывы польскага боку, — мы таксама зацікаўленыя ў пошуках праўды. Таму лічым, што спярша трэба ўшанаваць памяць загінулых у Курапатах мэмарыялам і пачаць навукова-дасьледчую працу», — лічыць Ігар Кузьняцоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG