Старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Ўладзімер Даманеўскі паабяцаў падтрымку працаўнікам з крычаўскага ўчастку па вырабе цэмэнту мокрым спосабам. Гэты ўчастак не працуе больш за паўгода. Да ўзьвядзеньня пад Крычавам новага цэмэнтнага заводу паводле кітайскіх тэхналёгіяў гэта было асобнае прадпрыемства, якое фармавала бюджэт раёну. Цяпер жа састарэлая тэхналёгія не дазваляе вырабляць на ім канкурэнтаздольную прадукцыю.
Заява кіраўніка абласной вэртыкалі прагучала 1 верасьня. Дагэтуль афіaцыйных зьвестак пра крытычную сытуацыю на вытворчым участку не было. Са слоў чыноўніка, аднак, не было зразумела, што ж адбываецца на прадпрыемстве.
«Да мяне даходзяць чуткі, што людзі пасьля выбараў застануцца бяз працы. Сытуацыя на „Цэмэнтнашыфэры“, а менавіта на ўчастку, які вырабляе мокрым спосабам, вядомая ўраду, аблвыканкаму, і мы ні ў якім разе не пакінем гэтых людзей без заробку і працы», — запэўніў крычаўцаў кіраўнік абласной вэртыкалі.
Паводле жыхароў Крычава, з комінаў прадпрыемства не відаць белага цэмэнтнага дыму больш за паўгода. Ля прахадных няма звыклай мітусьні. На тэрыторыі пануе цішыня.
«Пакуль працуе толькі шыфэрны цэх. Яшчэ зь месяц ён пратрымаецца», — апавядае пра сытуацыю адзін з працаўнікоў.
«Сыравіна — азбэст, які закупляецца ў Расеі, — яго на месяц хопіць. А на будучыя закупы грошай няма. Што да вырабу цэмэнту, то нічога не працуе. Стары кар’ер, які абслугоўваў завод мокрага спосабу, стаіць. Плянуецца яго закансэрваваць», — зазначае працаўнік.
«Будуць спрабаваць да канца працоўнага кантракту людзей дацягваць, а потым зь імі расставацца, — дадае суразмоўца. — Цяпер дзе якое месца ёсьць на прадпрыемстве, туды і рассоўваюць людзей. Людзі ні ўва што ня вераць. Наперадзе — туман. Ніхто нічога не разумее і ня ведае, што будзе далей. Цэмзавод — гэта ж было найлепшае месца для працы», — кажа працаўнік прадпрыемства.
Уладзімер Кудраўцаў адпрацаваў на цэмзаводзе больш як сорак гадоў. Жыве за некалькі сот мэтраў ад яго.
«Цяпер завод не працуе. Кажуць, што яго закансэрвуюць, бо дарагі спосаб гэты мокры, нерэнтабэльны», — выказваецца вэтэран цэмэнтнай вытворчасьці.
«Завод мог бы яшчэ працягнуць, але, вядома ж, ён састарэў фізычна. Акрамя таго, „бацьку“ справакавалі на ўзьвядзеньне новых цэмэнтных заводаў паводле кітайскай схемы, і ён кінуўся, спадзеючыся, што грошы ад цэмэнту паплывуць. Аднак у суседняй дзяржаве цэмэнт вырабляюць таньней, а ў нас выходзіць нерэнтабэльна», — даводзіць сваё бачаньне сытуацыі Ўладзімер Кудраўцаў.
У кіраўніцтве акцыянэрнага таварыства «Крычаўцэмэнтнашыфэр» даведацца пра стан вытворчасьці на ўчастку, пра які казаў старшыня аблвыканкаму, не ўдалося. Генэральны дырэктар быў у камандзіроўцы. Іншыя ж прадстаўнікі адміністрацыі казалі, што безь яго камэнтаваць сытуацыю ня маюць права:
«Я, вядома ж, мог бы адказаць на вашы пытаньні, але я на гэта ня маю права. Нам забаронена пра гэта выказвацца», — адказаў журналісту адзін з прадстаўнікоў адміністрацыі.
Крычаўскі журналіст Сяргей Няроўны ня дзівіцца, што адказныя асобы на прадпрыемстве ўхіляюцца ад камэнтароў. Ён зазначае: пасьля суду над былым кіраўніком заводу Леанідам Скоцкім, якога зьвінавацілі ў карупцыі і асудзілі на дзесяць год калёніі, знайсьці сьмельчакоў, каб пракамэнтаваць сытуацыю, у адміністрацыі ня знойдзецца.
Што да заявы Ўладзімера Даманеўскага, то журналіст лічыць яе палітычнай.
«Вядома ж, выбары дыктуюць чыноўнікам гаварыць так, каб супакоіць сацыяльную напружанасьць, якая ў Крычаве на сёньня ёсьць. Каб людзі прагаласавалі ці хаця б прыйшлі на выбарчыя ўчасткі», — лічыць Сяргей Няроўны.
«Калі мы тут гаворым зь людзьмі, то яны ня вераць абяцаньням ужо. Мо і ёсьць тыя, хто верыць, але іх няшмат. Абяцаньні гэтыя ж ня першыя. Наагул вельмі складаная фінансавая сытуацыя і на новым заводзе. Прыбытку няма дагэтуль. Хоць новае кіраўніцтва цэмэнтнай кампаніі і абяцала выправіць сытуацыю і выйсьці на прыбытак».
Паводле Сяргея Няроўнага, крычаўскі цэмэнт на асноўным, расейскім рынку збыту не вытрымлівае канкурэнцыі з расейскім.
«Тут працуе жорсткая эканоміка. Расея ж сама ў цяжкой фінансавай сытуацыі, і тут не да саюзьніцкіх адносінаў, на якія разьлічваюць беларусы. У суседняй Бранскай вобласьці таксама цэмэнтны завод уведзены, і таксама паводле кітайскай тэхналёгіі. Расея вырашае свае цэмэнтныя пытаньні сама і ня будзе чакаць, пакуль нешта прапануе Беларусь».
«Раней крычаўцы казалі: „Ай, паедзем у Расею на заробкі, там заробім“. Але там дужа звузіўся рынак. І заробкі ўпалі, цяжэй знайсьці месца працы. І цяпер невядома, што будзе ў гэтым Крычаве», — выказваецца журналіст Сяргей Няроўны.
Што да асуджанага Леаніда Скоцкага, то ў ягонай працоўнай біяграфіі значыцца і супраца з кітайцамі. Кіраваў рэалізацыяй беларуска-кітайскага інвэстпраекту — будаваў новую лінію па выпуску цэмэнту. Кіраўніком акцыянэрнага таварыства «Крычаўцэмэнтнашыфэр» Леаніда Скоцкага прызначылі 30 сьнежня 2011 году. У 2013 годзе ён прымаў Аляксандра Лукашэнку, які сымбалічна запусьціў лінію па вырабе цэмэнту паводле кітайскай тэхналёгіі. Застаўся нібыта задаволены, але празь месяц Скоцкага арыштавалі.