Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крычаўская гімназія пасьля абрушэньня: навучальны год «адкватаравалі»


Крычаўская гімназія. Ад абрынулага будынка – груд друзу
Крычаўская гімназія. Ад абрынулага будынка – груд друзу

Навучэнцам Крычаўскай гімназіі давядзецца прынамсі яшчэ год спасьцігаць навукі ў розных навучальных установах райцэнтру. Летась 30 жніўня частка будынка гімназіі абрынулася.

Амаль увесь прамінулы навучальны год улады вырашалі: аднаўляць пашкоджаны будынак, ці ўзводзіць новы? Пастанавілі пабудаваць новы, абяцаюць пачаць працы сёлетнім жніўнем. Дарэчы, дагэтуль невядома, што сталася прычынай абрушэньня сьцяны цэнтральнай часткі комплексу.

Цяпер на месцы абрынулага будынка пустое месца, застаўся толькі вялізны груд друзу. Ён звалены тут жа — на школьным двары. Праход на яго забаронены. Дзяцей цягам году адвозілі на заняткі ў іншыя школы аўтобусамі.

«Наступны навучальны год будзем вучыцца гэтак, як і вучыліся ў мінулым, — адзначае маці адной з крычаўскіх гімназістак. — На ўрачыстай лінейцы па сканчэньні навучальнага году старшыня райвыканкаму Сысоеў казаў, што ўсіх зьбярэ ў жніўні на закладку новай гімназіі. Спадзяемся, што яе ўзьвядуць цягам году».

Паводле суразмоўніцы, нараканьняў па дастаўцы дзяцей да месца іх навучаньня ў бацькоў не было. Жанчына, аднак, прызнае, што гэта ня дужа зручна для дзяцей і бацькоў.

«Дзеці сумуюць па сваёй гімназіі. Чужая школа, зразумела, чужая. Былі выпадкі, калі гімназістаў і цьвялілі, бо яны чужакі. У нас жа гімназія лічыцца элітнай, дык школьнікі і з гэтага кпілі. Гімназісты дагэтуль трымаюцца адзін аднаго», — апавядае суразмоўніца.

Школьны двор без часткі будынка
Школьны двор без часткі будынка

«Настаўнікі таксама выказваюць незадаволенасьць умовамі навучаньня, але хто іх слухаць будзе, — працягвае маці гімназісткі. — Асабліва цяжка настаўнікам-прадметнікам, якім даводзіцца з аднае школы хадзіць у другія, каб правесьці заняткі для гімназістаў. Іншым разам праходзяць па некалькі кілямэтраў, калі не пашанцуе з транспартам».

Калі чыноўнікі схіляліся да аднаўленьня пашкоджанага будынка, то бацькі былі супраць. Казалі: калі абрынулася адна частка, то хто гарантуе, што не абрынецца другая?

«Многія ў выпадку адбудовы старога будынка гатовыя былі перавесьці дзяцей у іншыя школы, бо баяліся за жыцьці сваіх дзяцей. Мы пад страхам хадзілі б: адправілі б дзіця вучыцца, і думалі б, ці вернецца. Да таго, што засталося ад гімназіі, страшна падыходзіць. А чаму абрынулася — дагэтуль маўчаць», — выказваецца маці яшчэ адной гімназісткі.

Гімназію наведвалі 543 вучні. Калі абрынулася сьцяна ў навучальнай установе, там нікога, акрамя вартаўніка, не было. Ён таксама пасьпеў выскачыць з аварыйнага будынка. Жыхары Крычава былі шакаваныя здарэньнем.

Новую гімназію зьбіраюцца ўзьвесьці на 1020 месцаў. У райвыканкаме пацьвярджаюць, што будаўніцтва пачнецца пры канцы жніўня — на старым школьным двары. Тое, што засталося ад разбуранага будынка, разьбяруць і вывезуць.

«Ёсьць пастанова Савету міністраў аб выдзяленьні 2 мільярдаў рублёў на дэмантаж старой гімназіі», — каротка патлумачылі сытуацыю ў райвыканкаме.

Гэтак выглядала гімназія, калі абрынулася сьцяна
Гэтак выглядала гімназія, калі абрынулася сьцяна

Па факце абрушэньня будынка гімназіі была распачата крымінальная справа паводле артыкулу «Службовая нядбайнасьць». Калі адбылося здарэньне, навучальная ўстанова мела пашпарт гатоўнасьці.

Гімназію ўзьвялі ў 1979 годзе. Спэцыялісты адзначаюць, што на цэгле абрынулай сьцяны не трымалася цэмэнтная рошчына. З гэтага зрабілі выснову, што раствор быў няякасным.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG