100-гадовы юбілей ад пачатку Першай усясьветнай вайны заўважна падвысіў грамадзкі інтарэс да падзеяў векавой даўніны — для многіх сталі сапраўдным адкрыцьцём маштабы кровапралітнага супрацьстаяньня, у якім на беларускай зямлі высьвятлялі адносіны ваяўнічыя імпэрыі. Статус «невядомай вайны» спрычыніўся да таго, што спэцыялізаваных музэйных установаў у Беларусі так і не зьявілася і скласьці паўнавартаснае ўяўленьне пра тагачасны побыт варагуючых арміяў проста няма дзе. Тым ня меней у прыватных калекцыях энтузіястаў нямала экспанатаў, якія маглі б стаць упрыгожаньнем любога музэя.
Мянчук Аляксандар Ачарэтні — калекцыянэр і рэстаўратар сталёвых шлемаў і касак ваенных часоў. Сярод дзясяткаў жалезных галаўных убораў самай рознай формы і геаграфічнага паходжаньня асабліва адметныя тыя, што выкарыстоўваліся на франтах Першай усясьветнай вайны. На адной паліцы мірна прыстроіліся шлемы салдата расейскай імпэратарскай і аўстра-вугорскай арміяў:
«Вось гэта расейскі пяхотны шлем. Інакш яшчэ яго называюць стальны шлем „Sollberg“ (Зольберг — гэта, здаецца, па прозьвішчы ўладальніка заводу.) Знойдзены ў Менску, ва Ўруччы — проста вывернула экскаватарам, калі капалі катлаван пад новы будынак. Быў у вельмі дрэнным стане. Наколькі мне гэта ўдалося, адноўлены і нават крыху „застараны“ (дасягнуты эфэкт старэньня. — РС). Дзеля справядлівасьці, такія шлемы ў Першую ўсясьветную вайну насілі ня ўсе расейскія салдаты: перадусім імі былі экіпіраваныя часьці, якія знаходзіліся на перадавой. Тым ня меней, калі нам у кіно паказваюць, што салдаты расейскай імпэратарскай арміі хадзілі выключна ў папахах ды фуражках, дык гэта не зусім так. У баях значная частка салдатаў расейскай арміі хадзіла менавіта ў такіх шлемах».
Іншая знаходка досыць экзатычная. Калі, дзякуючы таму ж кіно, кайзэраўскі шлем лёгка пазнаюць нават дылетанты, і гэта досыць распаўсюджаная знаходка, то каска нямецкіх хаўрусьнікаў аўстра-вугорцаў — рарытэт. Пакуль экспанат у працэсе рэстаўрацыі:
«Яшчэ адзін надзвычай цікавы шлем — так званы „рагач“, ці, калі інакш — М17. Гэта не нямецкі шлем, як можна падумаць, гэта шлем салдата ці афіцэра Аўстра-вугорскай арміі. Можа, мадзьяра, а можа, і аўстрыйца. Знойдзены ў лесе пад Вязынкай. Я потым спрабаваў падняць дакумэнты, але так і не знайшоў, каб падчас Першай усясьветнай вайны ў тым месцы стаялі нейкія падразьдзяленьні Аўстра-вугорскай арміі. Дый нейкіх вялікіх ваенных дзеяньняў у тым баку нібыта не было. Але вось шлем быў: дзесьці на глыбіні паўмэтра, адзін, без усялякай так званай „сопутки“, калі спадарожна ідуць іншыя знаходкі — гузікі, спражкі, цюбікі ад крэму (салдаты карысталіся вазэлінам, каб берагчы нос і вушы ад марозу). Паколькі не было „сопутки“, такое адчуваньне, што яго там нехта калісьці папросту прыкапаў. Можа быць і такое».
У калекцыі Аляксандра Ачарэтняга — і іншыя салдацкія атрыбуты, якія цяпер мірна ўжываюцца ў адной бляшанцы. Найперш — самыя разнастайныя гузікі, знакі ўганараваньня («За выдатную стральбу»), а таксама бляхі ад салдацкіх папруг:
«Вось гузікі часоў Першай усясьветнай вайны. Тут, як у братэрскай магіле, ляжаць разам і нямецкія гузікі, і гузікі расейскай імпэратарскай арміі. Досыць часта сустракаюцца так званыя „арлянкі“, таксама трапляюцца, нейкім чынам заляцеўшы да нас, гузікі антантаўскія. Такіх экспанатаў досыць шмат у беларускай зямлі. Ва ўсялякім разе, нашмат больш, чым звыклых нам гузікаў з зоркай, якія мы мелі ў войску. Ці вось спражкі, якія непасрэдна адносяцца да Першай усясьветнай вайны. Прыкладам, спражка нямецкага салдата са знакамітым прускім дэвізам, які потым быў напісаны і на спражках салдатаў Трэцяга рэйху, то бок застаўся ранейшы — „Gott mit uns“ („Бог з намі“). Альбо спражкі салдатаў расейскай арміі: адна — агульнавайсковая, другая — артылерыйская, на ёй арол на гарматах. Дарэчы, досыць частая знаходка ў Беларусі яшчэ і з той прычыны, што іх шмат потым выкарыстоўвалі і пасьля вайны — сяляне падпярэзваліся рамянямі з такімі бляхамі. То бок знайшлося ім цывільнае ўжываньне. Дакладна гэтаксама, як на мірную службу перайшлі і гузікі».
У іншай скрыні — круглыя шарыкі шрапнэлі, якія дажджавыя воды дагэтуль вымываюць на паверхню. Як кажа Аляксандар, цяпер забойчы мэтал знаходзіць цалкам мірнае ўжываньне:
«Практычна ўся наша зямля забіта вось такой дрэньню. Але цяпер гэтая дрэнь знаходзіць цалкам мірнае выкарыстаньне: нашы аматары дайвінгу пераплаўляюць гэтую шрапнэль пад грузікі на паясы, якія яны называюць ці то разгрузачнымі, ці то пагрузачнымі, баюся памыліцца. Адным словам, вельмі добра ідзе ў справу. За год актыўных пошукаў набіраецца кіляграмаў дзесяць такой дрэні, якая, дзякуй Богу, ужо знаходзіць другое жыцьцё не ў забойстве чалавека, а ў хобі на карысьць таго ж чалавека».
У Беларусі няма дзяржаўнага музэя, адмыслова прысьвечанага падзеям Першай усясьветнай вайны. У лепшым выпадку лікбез абмяжоўваецца стэндам у нейкім мясцовым краязнаўчым музэі. Цікаўлюся ў суразмоўцы — ці ўдалося пабачыць аналягічныя экспанаты?
«Так, я бачыў такога пляну экспанаты ў правінцыйных музэях. Паколькі я шмат ежджу па Беларусі па сваёй працы, то абавязкова, калі дазваляе час, у райцэнтрах заскокваю ў краязнаўчыя музэі. Там часам можна наткнуцца на сапраўды цікавыя рэчы. Але пры гэтым менавіта такіх шлемаў, якія я паказваў, няма нідзе. У асноўным толькі нямецкія, аўстрыйскіх няма дакладна. Па-мойму, ён увогуле ёсьць толькі ў мяне, нават ня ведаю, у каго яшчэ можа быць. Цяжка сказаць, павінен быць асобны музэй Першай усясьветнай вайны ці не, але ў экспазыцыі хоць нейкага музэя гэты пэрыяд павінен быць адлюстраваны вельмі выразна. Хоць бы таму, што тая вайна пакінула на нашай зямлі вельмі цяжкі, трагічны сьлед, які чамусьці ў нас — спэцыяльна ці не спэцыяльна — замазваецца тоўстым пластом фарбы. Перадусім чырвонай».
Тая вайна пакінула на нашай зямлі вельмі цяжкі, трагічны сьлед, які чамусьці ў нас — спэцыяльна ці не спэцыяльна — замазваецца тоўстым пластом фарбы. Перадусім чырвонай
Ці ёсьць патэнцыял для пошуку гістарычных сьведчаньняў, пахаваных у беларускай зямлі разам з удзельнікамі тагачасных падзеяў? Аляксандар Ачарэтні нагадвае, што манаполія на такі від раскопаў належыць выключна спэцыялізаванаму батальёну пры Міністэрстве абароны. Усім астатнім доступ з рыдлёўкай на месцы баявых дзеяньняў забаронены:
«Няма патэнцыялу для пошуку. Дазвол на ўсялякі пошук ёсьць толькі ў людзей, якія прафэсійна гэтым займаюцца. Гэта наш 52-гі пошукавы батальён. Усім іншым пошук у месцах баявых дзеяньняў у Беларусі забаронены. Мае знаходкі — выпадковыя. Як я ўжо казаў, адна — падчас рыцьця катлавану, другая — выпадковая ў лесе. Там, дзе вяліся баявыя дзеяньні, я не шукаю, гэта забаронена. Але гэта настолькі паняцьце адноснае — месцы баявых дзеяньняў. Не пералічваецца нават, якіх канкрэтна войнаў. Прыкладам, я вось нарваўся на россып наканечнікаў стрэлаў. Па сутнасьці, гэта таксама месца баявых дзеяньняў, гадоў тысячу таму. Прычым адны стрэлы былі скіфскага тыпу, а іншыя — хутчэй крыўскія, бо моцна адрозьніваюцца. Тут увогуле куды ні ступі — усюды былі баявыя дзеяньні».
У змаганьнях на тэрыторыі Беларусі палеглі дзясяткі тысяч салдат і афіцэраў з абодвух бакоў — прычым у склад расейскай імпэратарскай арміі было мабілізавана нямала этнічных беларусаў. Былі шматлікія ахвяры і сярод мірнага насельніцтва, якое апыналася ў разгары супрацьстаяньня. Магіламі многіх ахвяраў дагэтуль служаць лясныя траншэі, вясковыя пагосты, безыменныя братэрскія пахаваньні.