Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: Антыбеларускія публікацыі ў расейскіх СМІ — гаручы матэрыял


Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі

Расейская прапаганда — гэта зброя масавага зьнішчэньня, якая пры пэўных умовах можа быць павернута супраць незалежнасьці Беларусі.

Цяперашнія антыбеларускія публікацыі ў расейскай прэсе, дзе Беларусь абвінавачваюць у росьце нацыяналістычных настрояў і русафобіі па аналёгіі з Украінай, — гэта гатовая «мэтадычка» для поўнамаштабнай прапагандысцкай апэрацыі супраць Беларусі.

Такое меркаваньне ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў палітычны аналітык і мэдыяэкспэрт Аляксандар Класкоўскі.

Ён упэўнены, што падобныя публікацыі — зьява небясьпечная:

Цяжка сказаць, ці можа гэтая тэндэнцыя ўзмацніцца і быць падтрыманая на высокім узроўні ў Расеі. Але гэта відавочная небясьпека для Беларусі, для нашай незалежнасьці.

«Пакуль цяжка сказаць, ці можа гэтая тэндэнцыя ўзмацніцца і быць падтрыманая на высокім узроўні ў Расеі. Але гэта відавочная небясьпека для Беларусі, для нашай незалежнасьці», — падкрэсьліў Класкоўскі.

Экспэрт канстатуе, што для некаторых выданьняў паказваць нібыта небясьпеку антырасейскіх настрояў у Беларусі — гэта амаль што «генэральная лінія».

«Прычым фактура і аргумэнтацыя, якая там фігуруе, яна сьмеху вартая. Бо калі, напрыклад, нейкія сьвяты вышыванкі ці моўныя курсы, ці працы гісторыкаў, дзе абвяргаецца мітычная канцэпцыя „трыадзінага народу“, выдаюцца за нейкія праявы антырасейскасьці, то гэта выглядае абсалютна высмактаным з пальца матэрыялам. Але, мяркуючы па тым, як хутка расейскай прапагандзе, якая грунтавалася на падобных узорах мысьленьня, удалося зрабіць ворагаў з украінцаў, я думаю, што гэта такі небясьпечны, гаручы матэрыял», — упэўнены ён.

Класкоўскі прызнае, што такога кшталту публікацыі зьяўляюцца пераважна ў маргінальных выданьнях, і іхнія аўтары — гэта таксама збольшага ідэалягічныя маргіналы. Але да пары да часу тое ж самае назіралася і адносна Ўкраіны.

Колькі б мы ні абураліся зьместам, тым, што там былі адкінутыя ўсе маральныя тармазы і вытворчасьць фэйкаў была пастаўлена проста на канвэер, — разам з тым мы ўбачылі, што гэтае ядавітае зерне падала на вельмі спрыяльную глебу.

«То бок, калі ўявіць сябе сытуацыю, што недзе ў высокіх палітычных колах Расеі высьпявае авантурная думка разабрацца зь Беларусьсю так, як у свой час вырашылі разабрацца з Украінай, бо яна з гледзішча Масквы ня ў той бок пайшла, — то вось вам, калі ласка, гатовая мэтадычка, дзеля таго каб разгортваць прапагандысцкую апэрацыю па поўнай праграме і біць з прапагандысцкіх гармат самага буйнога калібру. А расейская прапаганда на тэлеканалах і ў іншых мэдыях падчас „украінскай эпапэі“ паказала сябе сапраўды зброяй масавага зьнішчэньня. І колькі б мы ні абураліся зьместам, тым, што там былі адкінутыя ўсе маральныя тармазы і вытворчасьць фэйкаў была пастаўлена проста на канвэер, — разам з тым мы ўбачылі, што гэтае ядавітае зерне падала на вельмі спрыяльную глебу. Таму што ў расейскім грамадзтве вельмі моцныя вялікадзяржаўныя стэрэатыпы і вельмі моцная псыхалёгія фартэцыі ў аблозе. Таму стварыць вобраз ворага і сказаць, што вось гэтыя людзі хочуць зла нашай вялікай дзяржаве, — гэта аказваецца вельмі проста. Як і мабілізаваць на „сьвятую барацьбу“, на прасоўваньне ідэалаў „русского мира“.

Тым болей што ўва ўсіх такіх артыкулах падтэкстам заўжды прысутнічае непрызнаньне, па сутнасьці, Беларусі як асобнай нацыі. То бок гэтыя людзі дэ-факта адмаўляюць беларусам у праве на нацыянальную ідэнтычнасьць. Таму і надаюць такое кансьпіралягічнае значэньне, напрыклад, сьвятам вышыванкі», — кажа экспэрт.

У сувязі з гэтым Класкоўскі зьвяртае ўвагу на тое, што хоць сытуацыя з анэксіяй Крыму і напалохала беларускае кіраўніцтва, але рэтрансьляцыя расейскіх тэлеканалаў ніяк не абмяжоўваецца.

Гэта вялікая небясьпека, гэта тая зброя масавага зьнішчэньня, якая пры пэўных палітычных умовах можа быць павернута супраць незалежнасьці Беларусі.

«Расейскія тэлеканалы адчуваюць сябе на беларускай тэрыторыі вольна і ўпэўнена. А гэта вялікая небясьпека, гэта тая зброя масавага зьнішчэньня, якая пры пэўных палітычных умовах можа быць павернута супраць незалежнасьці Беларусі», — мяркуе аналітык.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG