Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошні вязень «Плошчы-2010» спыніў галадоўку, яго справу накіравалі на дарасьсьледаваньне


Меркавана, Уладзімер Кондрусь бʼе шкло Дома ўраду падчас акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году
Меркавана, Уладзімер Кондрусь бʼе шкло Дома ўраду падчас акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году

Пракуратура Менску вярнула на дадатковае расьсьледаваньне ў Сьледчы камітэт крымінальную справу жыхара Рудзенску Ўладзімера Кондруся, якога праваабаронцы Беларусі прызналі палітвязьнем.

Пра гэта паведаміў праваабарончы цэнтар «Вясна», дзе аказваюць сваякам Уладзімера Кондруся прававую дапамогу. Цягам верасьня сьледчыя павінны правесьці дадатковае расьсьледаваньне і вызначыцца, ці накіроўваць справу ў суд, ці закрываць. Праваабаронца Валянцін Стэфановіч не выключае, што суд усё ж адбудзецца.

«Мяркую, гэтую справу проста адклалі з прычыны маючых адбыцца выбараў, каб не даваць міжнародным назіральнікам прычын казаць, што ў Беларусі зноў зьявіліся палітычныя вязьні. Пройдуць выбары, і такім справам, як справа Ўладзімера Кондруся, а таксама актывіста Зьмітра Паліенкі ды блогера Эдуарда Пальчыса, зноў дадуць рух», — мяркуе намесьнік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч.

Уладзімера Кондруся ўзялі пад варту 14 чэрвеня 2016 году ў межах папярэдняга расьсьледаваньня за меркаваны ўдзел у масавых беспарадках каля Дому ўраду падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году. На знак пратэсту супроць арышту Ўладзімер Кондрусь трымаў у менскім сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага галадоўку пратэсту і вельмі схуднеў.

«Вядома, што галадоўку ён спыніў, цяпер яму крыху лепш, паступова папраўляецца. Але выхад з галадоўкі — гэта заўсёды цяжкая працэдура, тым больш ва ўмовах зьняволеньня. Таму казаць, што са здароўем ужо ўсё добра, — зарана. Стаў больш кантактаваць зь людзьмі. Пакуль гэта ўсё, што мы пра яго ведаем ад сваякоў», — сказала карэспандэнту Свабоды праваабаронца Наста Лойка.

У 2011 годзе за ўдзел у мітынгу пратэсту каля Дому ўраду 19 сьнежня 2010 году, які суды прызналі «масавымі беспарадкамі», да зьняволеньня на розныя тэрміны былі асуджаныя больш за 40 чалавек, у тым ліку кандыдаты на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч і Дзьмітры Вус. Пасьля 2011 году паводле тых падзеяў нікога да адказнасьці не прыцягвалі. Апошнім з асуджаных у другой палове 2015 году выйшаў на волю Мікалай Статкевіч, які адбыў за кратамі больш за 5,5 з прызначаных судом 6 гадоў. Крымінальная справа за ўдзел у «масавых беспарадках» 19 сьнежня 2010 году на кандыдата ў прэзыдэнты Алеся Міхалевіча дагэтуль не закрытая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG