Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кінафэстываль Smartfilm прысьвецяць трэйлерам кніг


У «мастліт» фэсту ўвойдуць пісьменьнікі Арлоў і Марціновіч, паэт Хадановіч, рэжысэр і драматург Курэйчык.

У аўторак, 10 лістапада стартаваў пяты фэстываль мабільнага кіно velcom Smartfilm, арганізаваны мабільным апэратарам і падтрыманы Міністэрствам культуры і карпарацыяй Microsoft. Кінафэстываль праходзіць пад дэвізам «Па прачытаньні зьняць», яго тэма — трэйлеры да кніг, як беларускіх, так і замежных. Працы прымаюцца да 31 студзеня 2016 году, цырымонія ўзнагароджаньня пройдзе 12 лютага.

Галоўная ўмова конкурсу — зьняць ролік-трэйлер кнігі працягласьцю да 3 хвілін на камэру мабільнага тэлефона. Як адзначаюць сябры журы, бук-трэйлер не павінен быць экранізацыяй кнігі, «уціснутай» у тры хвіліны, яго заданьне — паказаць уражаньне рэжысэра ад кнігі, быць яе прома-ролікам, зацікавіць, каб глядачу захацелася яе прачытаць. Відэа будуць падзеленыя на 13 намінацыяў, адна зь іх — «Найлепшы бук-трэйлер беларускай літаратуры». Уладальнік гран-пры конкурсу атрымае 30 млн рублёў (1700 даляраў на момант публікацыі) на здымкі ўласнага кіно, пераможцы ў намінацыях — смартфоны Microsoft Lumia 550 і 950.

У журы конкурсу сёлета ўвайшлі праграмны дырэктар кінафэстывалю «Лістапад» Ігар Сукманаў, кінааналітык Максім Жбанкоў, дакумэнталіст Андрэй Куціла і рэжысэр Сяргей Лебедзеў. Разам зь імі будзе працаваць дадатковае журы, так званы «мастліт» — пісьменьнікі Ўладзімер Арлоў і Віктар Марціновіч, паэт Андрэй Хадановіч, рэжысэр і драматург Андрэй Курэйчык.

Паэт Андрэй Хадановіч і рэжысэр Сяргей Лебедзеў
Паэт Андрэй Хадановіч і рэжысэр Сяргей Лебедзеў

Яны дапамогуць «зноў паяднаць беларускую літаратуру і беларускае кіно», складуць топ беларускіх твораў, што заслугоўваюць экранізацыі. Адзін зь сяброў «мастліта» Віктар Марціновіч анансаваў на цырымоніі адкрыцьця сваю новую кнігу.

Дакумэнталіст Андрэй Куціла, кінааналітык Максім Жбанкоў і праграмны дырэктар кінафэстывалю «Лістапад» Ігар Сукманаў
Дакумэнталіст Андрэй Куціла, кінааналітык Максім Жбанкоў і праграмны дырэктар кінафэстывалю «Лістапад» Ігар Сукманаў

Пад патранатам «мастліта» ў сьнежні пройдзе «Ноч бібліятэк», дзе вядомыя беларускія пісьменьнікі і мэдыяпэрсоны прачытаюць урыўкі з улюбёных мастацкіх твораў ды абмяркуюць «адзінства і супрацьлегласьць» літаратуры і кіно. Разам з тым на Smartfilm пройдзе шэраг майстар-клясаў і ворк-шопаў. Іхні расклад зьявіцца на наступным тыдні на сайце фэстывалю.

Пісьменьнік Віктар Марціновіч і начальнік упраўленьня маркетынгу velcom Юлія Данейка
Пісьменьнік Віктар Марціновіч і начальнік упраўленьня маркетынгу velcom Юлія Данейка

Дырэкцыя фэстывалю мяркуе, што Smartfilm «дарос» да таго, каб пачацца ў час вялікага кінафэстывалю «Лістапад». Пэўная мяжа была пераадоленая летась, калі сярод 120 працаў на тэму трэйлераў выдуманых фільмаў было багата такіх, якія можна прыняць за прафэсійнае «вялікае» кіно, а сам фэст выйшаў «у офлайн» і стаў утвараць вакол сябе супольнасьць аматараў і прафэсіяналаў. У прыклад прыводзяць рэжысэра Мітрыя Сямёнава-Алейнікава, які летась перамог на конкурсе Smartfilm-2014, а сёлета стаў канкурсантам «Лістапада» з прафэсійнай стужкай «Адной крыві», якая ўжо пасьпела сабраць шэраг узнагародаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG