Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка Расеі: Мы ж не шчанюкі, каб нас за шкірку вадзіць


Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў аб тым, што засмучаны пазыцыяй расейскіх уладаў, якія абмяжоўваюць пастаўкі беларускай прадукцыі ў РФ. Пра гэта паведамляе Інтэрфакс.

«Мяне сёньня паводзіны расейскіх уладаў ня проста зьдзіўляюць, а засмучаюць. Калі бліжэйшым часам ня будзе нармалізаваны гандаль паміж дзьвюма краінамі, мы вымушаны будзем рэагаваць. Што гэта за паводзіны такія» — сказаў Аляксандар Лукашэнка, сустракаючыся сёньня ў Менску з губэрнатарам Санкт-Пецярбургу Георгіем Палтаўчанкам.

«У мяне складваецца ўражаньне, што на прыкладзе Беларусі чарговым разам, узяўшыся то за газавую трубу, то за нафтавую, а цяпер за харчовыя пытаньні, хочуць паказаць каму-небудзь ці ўсяму сьвету, правучыць некага. Але мы ж не шчанюкі, каб нас за шкірку вадзіць, прабачце, за гэтую грубасьць,» - працягнуў кіраўнік Беларусі.

Пасол Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў, які прысутнічаў на сустрэчы Лукашэнкі з Палтаўчанкам, заўважыў, што ў гэтай сытуацыі трэба сесьці і дамовіцца.

«Гэта спрэс адкідаецца расейскім бокам — адказаў Лукашэнка. — У нас ёсьць закон, мытныя пагадненьні, мы заўтра пачынаем працу ў Эўразійскім эканамічным саюзе. Якія могуць быць перашкоды ў пастаўках тавараў?»

мы ніколі не кідалі Расею. Ня кінем і ў цяперашняй сытуацыі. Гэта наша Расея, і мы яе будзем абараняць, як сваю тэрыторыю

Ён нагадаў, што бакі дамовіліся, што павінна быць наўпроставае бесперашкоднае перасоўваньне тавараў, грузаў, працоўнай сілы. «Мы фактычна адна краіна. Навошта вы гэта робіце? Тры месяцы мы на гэта не рэагавалі — бачу, што пытаньні не вырашаюцца. Не трэба нас прэсаваць. Мы былі вам надзейнымі сябрамі і будзем, але калі вы нас пачнеце шчаміць, вы ведаеце, што я цярпець не буду» — сказаў Лукашэнка.

Ён таксама нагадаў, што Беларусь мае права набываць імпартную сыравіну для вытворчасьці прадукцыі з наступнай пастаўкай яе ў РФ. Такая схема не зьяўляецца парушэньнем расейскага «прадуктовага эмбарга».

«Пуцін кажа: „Вам ніхто не перашкаджае, перапрацоўвайце сыравіну, але наўпроставага транзыту не павінна быць“. Дайшлі да таго, што паставілі ў Манголію партыю тавару, а недзе ў Бураціі вярнулі тавар назад. Але гэта ж пастаўкі ў Манголію. Ці робяцца пастаўкі ў Казахстан. Расейцы кажуць: у нас перасьцярогі, што з Казахстану завязуць у Расею. Дык вы кантралюйце казахаў, каб не завезьлі » - адзначыў Лукашэнка.

«Нам трэба ліквідаваць усялякія бар’еры. Сяброў у нас у сьвеце вы ведаеце колькі. І вы ведаеце, якая пазыцыя ў іншых дзяржаваў. Таму давайце не губляць плячо адзін аднаго», — прапанаваў кіраўнік Беларусі.

«Ня трэба думаць, што Беларусь меней, чым Расея, і яна ні на што ня здольная. Мы вельмі многае можам. І мы ніколі не кідалі Расею. Ня кінем і ў цяперашняй сытуацыі. Мы на гэтым сваю карысьць шукаць ня маем намеру. Гэта наша Расея, і мы яе будзем абараняць, як сваю тэрыторыю» - падкрэсьліў Лукашэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG