Зь 1 верасьня на адным і тым самым аўтамабілі можна выяжджаць у Польшчу і Літву кожны дзень. Абмежаваньне «1 раз на 8 дзён» дзейнічала пяць гадоў, і ў будныя дні часта можна было праехаць мяжу без чаргі, цяпер жа яны штодзённыя і асабліва вялікія ў выходныя, калі ў Польшчу едуць ня толькі з Гарадзеншчыны, але і жыхары іншых рэгіёнаў.
На сайце Памежнага камітэту на 10 гадзін раніцы чарга падаецца з 70-ці машын, але на самой мяжы выглядае, што іх трохі болей.
— Чарга ня рухаецца ўжо каля гадзіны — патлумачыў малады кіроўца, — і невядома, калі тут і што зрушыцца.
Ці часта ён езьдзіць у Польшчу і як доўга звычайна даводзіцца стаяць на мяжы? Хлопец спачатку адмаўляецца гаварыць на гэтую тэму з журналістам, але потым ставіць умову, каб яго не здымалі і не называлі імя і прозьвішча. Кажа, што пасьля першага верасьня, калі адмянілі абмежаваньні на ўезд, яшчэ ні разу не праехаў без чаргі.
— Я сам з Мастоў. Працаваў на будоўлі — заробак 180 рублёў. За гэтыя грошы немагчыма пражыць, а працаваць трэба цэлы дзень, прычым на холадзе і пад дажджом. Дык навошта такая праца? Раней тата езьдзіў, бо ён на пэнсіі, цяпер езьдзім па чарзе.
На пытаньне, ці можна пражыць з паездак за мяжу, нават калі робіш гэта штодня, кіроўца адказвае, што вялікіх грошай ня мае, але ўсё ж выходзіць болей, чым на будоўлі.
— Палічыце самі: я запраўляю бак саляркі і на розьніцы цэнаў маю 100 злотых (гэта амаль 30 даляраў); вязу цыгарэты — з аднаго блёку выходзіць заробак прыкладна 15 даляраў. Часам удаецца правезьці некалькі блёкаў, а часам могуць усё забраць і штраф уляпіць, таму тут вельмі асьцярожна. Дабаўце яшчэ літар алькаголю, на якім таксама маю некалькі даляраў заробку. Праўда, тут яшчэ трэба ўлічыць расходы на страхоўку машыны, а на месяц яна складае 50 эўра.
Паколькі чарга так і не рухаецца, размовай зацікавіліся і іншыя кіроўцы. Адзін з іх пачынае казаць, што мае працу, зарабляе ў месяц трыста рублёў, але ўтрымаць сям’ю з дваімі дзецьмі яму на гэты заробак не пад сілу.
— Ежджу, вядома, ня кожны дзень, а калі вольны ад працы, але толькі дзякуючы гэтым паездкам дзеці не галодныя. На тое, каб заплаціць камунальныя, выправіць дзяцей у школу, аплаціць там іхныя абеды і розныя зборы, праезд, тэлефоны, інтэрнэт і антэну за месяц выходзіць амаль два мільёны. І што тады рабіць? Вось адзінае выйсьце: калі ня хочаш ісьці красьці, то садзіся ў машыну і вязі паліва і цыгарэты ў Польшчу.
Мужчына кажа, што па-ранейшаму адтуль прывозіць большасьць харчоў, у тым ліку мяса, кураціну, масла, сыр, бо там гэта таньнейшае, чым у Беларусі. Як такое можа быць, калі ўвоз у Беларусь мясных вырабаў забаронены?
— Ведаеце, мяне б жонка дахаты не пусьціла, каб я без мяса прыехаў. У нас выразка каштуе ўжо звыш 80 тысяч, а ў Польшчы на распродажы можна купіць часам і за два даляры. А ў мяне ў сям’і два хлопцы, яны хочуць добра паесьці, і сам я працую фізычна, таксама мяса трэба. Таму ўсё даводзіцца хаваць недзе ў машыне...
А спадарыня дадае, што па-ранейшаму купляюць у Польшчы пральныя парашкі, усю бытавую хімію, якая па якасьці значна лепшая, чым у беларускіх крамах і на рынках.
— Ды і адзеньне ўсё купляем — і дзецям, і сабе. Там распродажы ў крамах, дык зьніжкі 70-80%, а ў нас пішуць, што 15%, а каштуе гэта даражэй, чым у палякаў нават бяз зьніжак. Ды што казаць, мы нават дзяцей не змаглі б у школу адправіць, каб ня гэтая Польшча.
Праўда, спадар удакладняе, што ня ўсё так ружова на мяжы, паколькі з поўнымі бакамі паліва яны могуць праехаць не часьцей, чым дзевяць разоў на месяц.
— Нас правяраюць польскія мытнікі, і цяпер уведзеныя новыя правілы: калі ты едзеш на адным і тым самым аўтамабілі часьцей за дазволеную колькасьць разоў, то паляк налічвае падатак на паліва, якое ўвозіцца. Гэта для нас ніяк не падыходзіць, таму і тут трэба неяк круціцца.
А вось пад’яжджае раварыст, ён таксама накіроўваецца ў Польшчу. Яму ў чарзе стаяць ня трэба. Мужчына пэнсійнага веку, пытаюся ў яго, чаго едзе ў Польшчу.
— А я вунь жыву тут на лецішчы, то завязу туды два пачкі цыгарэт, як дазваляецца, літар алькаголю — і маю сабе на харчы. А што, калі ў мяне пэнсія два мільёны? На іх асабліва не разгонісься, а тут кожны дзень сеў, паехаў і, глядзіш, з жонкай ужо не галодныя. А харчы ў Польшчы таньнейшыя за нашы. У Беларусі няма канкурэнцыі, таму і харчы дарагія.
Яшчэ адзін мужчына пэнсійнага веку распавядае, што жыве ў вёсцы, якая побач з мяжой. Прадаў у Расеі кватэру і прыехаў жыць сюды, а ў Польшчу яго прымушае ехаць тая самая праблема.
— Я атрымліваю расейскую пэнсію, трохі больш за сто даляраў, а падзарабіць у нас няма дзе, таму і ежджу, важу паліва, цыгарэты, а адтуль харчы ды ўсё астатняе, што патрэбна нам з жонкай. Зразумела, надакучвае тут стаяць, у гэтай чарзе, але іншага выйсьця няма. Часам дзьве-тры гадзіны чакаеш, а можна і дзесяць тут прастаяць.
Што ж яго прымусіла пераехаць з Расеі ў Беларусь? Кажа, што там жыць яшчэ цяжэй, чым тут:
— Гэта толькі ў Маскве і Пецярбургу трохі жывуць, а вось заедзьце ў Разань, Тамбоў (а я адтуль)... Вось там пабачыце як сапраўдная Расея жыве. Гэта добра, што ў жонкі яшчэ тут радня ёсьць, то хоць перабраліся, бо ў нас на пэнсію наогул выжыць немагчыма...
Спадар сярэдняга веку гаворыць, што ўжо надакучыла такое жыцьцё і, маўляў, нават на гарызонце зьменаў не відаць. Кажа, што каб быў хоць трохі маладзейшы, то кінуў бы ўсё і паехаў хаця б у тую самую Польшчу, бо там чалавеку дыхаецца лягчэй.
— Мы езьдзім і бачым, як там да чалавека ставяцца, як плацяць за працу — у нас і блізка нічога падобнага няма. Там нейкая свабода адчуваецца, а тут усё забаронена і заціснута, нідзе нават не паварушысься, а ня дай Бог трапіш у чорны сьпіс, то задзяўбуць і цябе, і дзяцей тваіх. У выходныя шмат менчукоў едзе, пытаемся ў іх, калі там улада памяняецца. А яны нам адказваюць, што і там народ расчараваны, рукі апусьцілі і ніхто нічога ня робіць.
Мужчына кажа, што людзі папросту ня маюць іншага выйсьця, таму мусяць вазіць паліва і цыгарэты. Усё гэта, маўляў, рызыкоўна, але іншых спосабаў зарабіць грошы яны ня бачаць.
— Вось і цягнем гэтыя цыгарэты і паліва, на якія толькі хітрыкі ня йдзём, каб іх правезьці. І ніхто ніколі не падлічыць, колькі здароўя гэта каштуе. Вось учора прачытаў, што на літоўскай мяжы затрымалі жанчыну з цыгарэтамі ў торце — 190 пачак. Можаце сабе такое ўявіць?..