Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канец сьвету з адтэрміноўкай да Новага году


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Дзеля чаго Лукашэнка паехаў у «Экспабел» на размову з індывідуальнымі прадпрымальнікамі (ІП)? Каб даведацца іхную думку? Дык яна даўно вядомая, сфармуляваная, агучаная, даведзеная да ўраду.

Калі б улады хацелі правесьці сапраўдны дыялёг з ІП, то запрасілі б на сустрэчу ў «Экспабел» лідэраў прадпрымальніцкага руху, напрыклад, кіраўніцтва аб’яднаньня «Пэрспэктыва». Але насамрэч кіроўнай камандзе паўнавартасны дыялёг не патрэбен. Яна цалкам задаволеная імітацыяй дыялёгу, якая і адбылася ў аўторак. Да таго ж рашэньне па ІП было падрыхтаванае ўладамі загадзя.

Тады навошта Лукашэнку патрэбная была гэтая сустрэча? Адказ просты: таму што хутка прэзыдэнцкія выбары. Трэба заангажаваць ІП у сваю падтрымку. Вы скажаце, што гэта немагчыма пасьля многіх гадоў вайны ўладаў супраць ІП? Яшчэ як магчыма. Лёгіка беларусаў парадаксальная. Вось сустрэлі ж яго ў «Экспабеле» аплядысмэнтамі! Лукашэнка паабяцаў адтэрмінаваць іх ліквідацыю да Новага году, і яны задаволеныя. Людзі жывуць сёньняшнім днём.

Другім матывам прыезду Лукашэнкі ў «Экспабел» было імкненьне не дапусьціць арганізаванага адстойваньня ІП сваіх інтарэсаў, публічнага пратэсту. У беларускай палітычнай тэрміналёгіі гэта называецца «ня лезьце ў палітыку». («Крый божа прадпрымальнікаў зьвязаць свае інтарэсы з палітыкай».) Бо перад выбарамі масавыя акцыі, кшталту страйку на рынках і ў гандлёвых цэнтрах, уладам абсалютна непатрэбныя: яны разбураюць ідэалягічны канструкт пра беларускую стабільнасьць. А да Новага году выбары пройдуць, тады ўжо можна і расслабіцца.

Тут цікава іншае. Афіцыйныя асобы і дзяржаўныя мэдыі зрабілі шмат намаганьняў, каб даказаць, што ўся кампанія прымушэньня ІП працаваць з дакумэнтамі і сэртыфікатамі на тавары прадыктаваная клопатам пра спажыўцоў. Маўляў, пакупнікі павінны мець гарантыю якасьці.

Дзеля захаваньня дзяржаўнага сэктару ў прамысловасьці ўлады гатовыя давесьці да галечы прыватных прадпрымальнікаў

Але Лукашэнка — чалавек шчыры. Ад самага пачатку ён разбурыў усю гэтую прапагандысцкую піраміду, заявіўшы, што ІП «забілі беларускую лёгкую прамысловасьць». Вось з-за чаго ўвесь сыр-бор. Насамрэч гэта барацьба з канкурэнтамі, зь імпартам. Дзеля захаваньня дзяржаўнага сэктару ў прамысловасьці ўлады гатовыя давесьці да галечы прыватных прадпрымальнікаў. Бо тыя — незалежныя ад дзяржавы і разбураюць патэрналісцкую сацыяльную мадэль, паводле якой усё насельніцтва павінна залежаць ад дзяржавы, увесь час нешта прасіць, а вярхоўны ўладар — вялікай лыжкай дзяліць «па справядлівасьці». Залежны народ — паслухмяны. Калі ўжо і дапускаць прыватнікаў, то буйных, напрыклад, уласьнікаў гандлёвых сетак, бо зь імі лягчэй мець справу, лёгка заангажаваць, прымусіць, запужаць, трымаць на кручку. Даўняя ідэя пра стварэньне ўрадам дзяржаўных аптовых базаў, празь якія ІП атрымлівалі б тавар — гэта спроба абдзяржаўленьня індывідуальных прадпрымальнікаў, каб можна было раздаваць ім баланду з уладных рук.

І апошняе. Журналіст Эўрарадыё Зьміцер Лукашук пасьля сустрэчы Лукашэнкі з ІП у «Экспабеле» пагутарыў з удзельнікамі гэтага мерапрыемства. І высьветліліся цікавыя акалічнасьці. ІП шмат скардзіліся журналісту на свае праблемы. Зьміцер Лукашук піша: «Праўда, гэтыя свае аргумэнты мае суразмоўцы да кіраўніка дзяржавы так і не данесьлі падчас сустрэчы. Чаму? Кажуць, што часу ў Лукашэнкі было няшмат, а ахвотных нешта сказаць — вялікая колькасьць. Тыя ж, хто слова атрымаў, „гаварылі не зусім тое, што трэба“... Дарэчы, пытаньне высокай арэнднай платы падчас сустрэчы наагул чамусьці не прагучала».

Гэта ўсё вельмі дзіўна. Людзі за дзень ведалі, што да іх прыйдзе Лукашэнка. І чамусьці не сабраліся, не абмеркавалі, якія пытаньні трэба ўзьнімаць, ня вылучылі прадстаўнікоў, якія б агучылі патрабаваньні. Лепш было б увогуле сфармуляваць іх у пісьмовым выглядзе і ўручыць кіраўніку дзяржавы. То бок нават апынуўшыся на мяжы эканамічнага выжываньня, людзі выявіліся няздольныя на элемэнтарную самаарганізацыю. Гэта — беларускае грамадзтва ў мініятуры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG