Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На сустрэчу з Лукашэнкам абралі толькі «ляяльных» прадпрымальнікаў


Гандлёвы цэнтар "Экспабел" за дзень да візыту Лукашэнкі
Гандлёвы цэнтар "Экспабел" за дзень да візыту Лукашэнкі

Сёньня ў сталічным гандлёвым цэнтры «Экспабел» адбудзецца першая за 10 апошніх гадоў сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з індывідуальнымі прадпрымальнікамі.

Прапанова неадкладнага дыялёгу з уладамі была агучаная падчас форуму, арганізаванага ў Менску 16 лютага грамадзкім аб’яднаньнем «Пэрспэктыва».

Адметна, што прадстаўнікоў прадпрымальніцкай арганізацыі на сустрэчу з кіраўніком краіны так і не запрасілі. Відавочна, што шляхі выхаду з праблемнай сытуацыі, якая паўстала пасьля зьяўленьня прэзыдэнцкага ўказу № 222 аб абавязковай сэртыфікацыі тавару, у кожнага з бакоў прынцыпова розныя.

Фармаваньнем сьпісу ўдзельнікаў нарады займаліся адміністрацыя прэзыдэнта і гарадзкія ўлады, таму да апошняга не зразумела, паводле якой формулы адбіралі кандыдатаў. Як кажуць у прадпрымальніцкім асяродку, перадусім арганізатары зыходзілі з паказьніку ляяльнасьці ці прынамсі нэўтральнасьці, таму самым актыўным шлях быў адрэзаны ад пачатку. Вядома, што на сустрэчы будуць прысутнічаць кіраўнікі прадпрымальніцкіх саюзаў, якія збольшага абараняюць інтарэсы буйнога і сярэдняга бізнэсу, а вось хто стане на варце інтарэсаў «іпэшнікаў» — невядома.

Да прыезду Лукашэнкі пляцоўку вакол «Экспабелу» пачалі прыводзіць да ладу яшчэ ўчора. На прылеглых вуліцах утварыліся вялізныя аўтамабільныя коркі з-за таго, што камунальныя службы ўзяліся наносіць сьвежую дарожную разьметку, рабочыя аўральна фарбавалі агароджы і вычышчалі ад сьмецьця пад’езную тэрыторыю. Прадпрымальнікам было загадана прыйсьці ў павільёны а 7-й раніцы, каб не замінаць службе бясьпекі. Акрэдытаваным журналістам зрабілі палёгку — збор прызначылі на дзьве гадзіны пазьней.

Мяркуецца, што адным з галоўных пытаньняў падчас абмеркаваньня стане праект указу аб унясеньні зьменаў у рэзанансны ўказ № 222, які выклікаў незадаволенасьць у індывідуальных прадпрымальнікаў, — тысячам гандляроў пагражае банкруцтва.

У адпаведнасьці з дакумэнтам, ад 1 сакавіка скончыўся пэрыяд, цягам якога ІП маглі рэалізоўваць рэшткі прадукцыі лёгкай прамысловасьці, увезенай з краінаў Мытнага саюзу без сэртыфікатаў. Прадпрымальнікі неаднаразова спрабавалі растлумачыць уладам, што з аб’ектыўных прычынаў ня могуць працаваць у новых умовах, але іх голас так і ня быў пачуты. У выніку 1 сакавіка больш за 80% ІП па ўсёй краіне ня выйшлі на працу на рынкі і ў гандлёвыя цэнтры.

Пасьля гэтага прадстаўнікі зацікаўленых ведамстваў нарэшце згадалі пра існаваньне вялікай колькасьці «іпэшнікаў» і цяпер намагаюцца адкарэктаваць некаторыя пункты ўказу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG