На пытаньне, чаму ў выбарчых камісіях амаль няма апазыцыі, беларускія улады звычайна даюць аднолькавы адказ: у іх няма досьведу такой працы, а таму яны могуць нарабіць шмат памылак. Аднак цяперашняя кампанія па абраньні дэпутатаў мясцовых саветаў паказвае, што памылкі робяць «дасьведчаныя і правераныя таварышы».
Памыляецца нават Ярмошына
На сайце ЦВК Беларусі была зьмешчаная інфармацыя, якая ўводзіла ў зман патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты, сьцьвярджае прэсавая служба Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі.
Наяўнасьць памылкі выявіла каардынатарка кампаніі «Права выбару» ад БХД Вольга Кавалькова.
«У Цэнтравыбаркаме, як звычайна, „высокакваліфікаваны“ пэрсанал. Паводле інфармацыі на іх сайце, рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў ажыцьцяўляецца адпаведнай тэрытарыяльнай, акруговай камісіяй з 9 па 18 сьнежня 2017 году ўключна. На самой жа справе згодна з заканадаўствам рэгістрацыя кандыдатаў праходзіць з 9 па 18 студзеня 2018 году», — сказала Вольга Кавалькова.
У сувязі з гэтым яна вымушана была напісаць зварот у ЦВК. Пазначыўшы памылку, каардынатарка «Права выбару» падкрэсьліла: «Прашу выправіць памылку і прыцягнуць да адказнасьці супрацоўнікаў, адказных за распаўсюд інфармацыі, якая дэзінфармуе кандыдатаў і выбарнікаў».
Неўзабаве інфармацыю выправілі. А празь дзень старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына нават падзякавала «за апэратыўнае рэагаваньне на недакладную інфармацыю, якая мела месца».
«Апэратыўнасьць ЦВК мяне радуе, а вось прафэсіяналізм пакідае жадаць лепшага», — кажа актывістка БХД.
У Магілёве блытаніна зь межамі тэрыторыяў выбарчых акругаў
У Магілёве міжпартыйная кампанія «Права выбару-2018» ня можа разабрацца зь межамі выбарчых акругаў. Паводле рэгіянальнага каардынатара Алега Аксёнава, яны вызначаныя недакладна, а гэта стварае прэтэндэнту на дэпутацкі мандат небясьпеку.
Калі прэтэндэнт на дэпутацтва, кажа спадар Аксёнаў, наважыцца зьбіраць подпісы ў сваю падтрымку на пэрыфэрыі акругі, то можа памылкова падпісаць тых, хто не жыве на яе тэрыторыі. А гэта дасьць падставы выбарчай камісіі прызнаць падпісныя лісты несапраўднымі і адмовіць яму ў рэгістрацыі.
«Гэтую сытуацыю можна разглядаць як хібы ў падрыхтоўцы выбараў чыноўнікамі, якія адказваюць за іх правядзеньне. Але я дапускаю і яшчэ горшае: няпэўнасьць у апісаньні тэрыторыі акругаў зроблена наўмысна, каб мець яшчэ адну падставу адсейваць непажаданых прэтэндэнтаў на дэпутацтва», — лічыць Алег Аксёнаў.
Ён кажа, што ў гарадзкіх акругах хібаў зь недакладна вызначанымі межамі нямала. Афіцыйнае апісаньне тэрыторыі акругі, паводле актывіста, не дазваляе пазначыць яе межы нават на мапе.
У абласной выбарчай камісіі кажуць, што адказнасьць за апісаньне тэрыторыі акругі ляжыць на выканкамах. Але з крытыкай з боку Алега Аксёнава тут не пагадзіліся.
«У нас ёсьць мапа з пазначанымі на ёй тэрыторыямі акруг. Я праглядала сёлетняе апісаньне і не сказала б, што ў ім блытаніна. Проста апісаньне трэба правільна чытаць і ўдумвацца ў тое, што чытаеш», — сказала Аксёнаву супрацоўніца камісіі.
Каб цалкам разабрацца ў заблытанай сытуацыі, кампанія «Права выбару-2018» накіравала зварот у абласную выбарчую камісію.
Крыўдны старт Сяргея Вакуленкі
Сябра руху «За свабоду» Сяргей Вакуленка, які вылучаецца кандыдатам у дэпутаты ў Берасьці, паскардзіўся ў абласную выбарчую камісію на дзеяньні акруговай камісіі. Актывіст ня змог зарэгістраваць сваю ініцыятыўную групу, бо не было журналу ўліку, паведамляецца на сайце руху.
Празь нейкі час Вакуленку патэлефанавалі з акруговай камісіі. Яе старшыня пачала тлумачыць, што адбылося непаразуменьне. Затрымка з рэгістрацыяй у выніку склала некалькі гадзін.
«Сытуацыя, зразумела, некрытычная. І тым ня менш крыўдная, бо ў кожнага чалавека ёсьць свае пляны. Дый пачынаць так кепска выбарчую кампанію не хацелася», — сказаў Сяргей Вакуленка Свабодзе.