Валеры Мінец зь Ліды пакараны штрафам у 105 рублёў (5 базавых), Вітольд Ашурак зь Бярозаўкі Лідзкага раёну аштрафаваны на 630 рублёў (30 базавых), Вадзім Лявон з Наваградку — папярэджаны. Іх зьвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 30 кастрычніка ў Сьвіслачы. Ніхто з актывістаў сваёй віны не прызнаў.
Паводле актывіста Вітольда Ашурка, суд над імі ў Лідзе адбываўся паводле знаёмага сцэнара. Супраць удзельнікаў ушанаваньня памяці паўстанцаў Каліноўскага сьведчылі сьвіслацкія міліцыянты, якія акрамя таго як пацьвердзіць, што Ашурак і Лявон былі 30-га ў Сьвіслачы і ўскладалі кветкі да помнікаў Каліноўскаму і Траўгуту, а таксама наведалі Якушоўку і там фатаграфаваліся, нічога больш сказаць не маглі.
Ніхто з актывістаў не адмаўляў, што быў у Сьвіслачы, што ўскладалі кветкі і запальвалі зьнічы ля помнікаў нацыянальным героям. Лявон нават распавёў, што зьвяртаўся да пераапранутых міліцыянтаў, называўся ім і пытаўся – ці гэта ня ёсьць несанкцыянаванай акцыяй, ці не парушаюць яны заканадаўства, але яму нічога не адказалі.
Што да прысутнасьці ў Сьвіслачы Валерыя Мінца, то міліцыянты засьведчылі, што ён прыехаў толькі ў Якушоўку, але ўсё роўна, маўляў, браў удзел у акцыі. Мінец сказаў Свабодзе, што падаў суду сваю вэрсію падзеяў.
— Рэч у тым, што спачатку пратакол на мяне быў складзены такім чынам, што я разам з усімі быў у Сьвіслачы, удзельнічаў у нібыта несанкцыянаваных мітынгах і шэсьці. А ўжо потым, у судзе, міліцыянты пачалі сьведчыць, што я прыехаў толькі ў Якушоўку. Мае сьведкі паказалі, што я прыехаў у той момант, калі зь Якушоўкі ўжо пачалі разьяжджацца, і там я таксама ні ў чым ня ўдзельнічаў.
Валеры Мінец сказаў Свабодзе, што нават на відэастужцы, якую міліцыянты перадалі суду і праглядалі разам з судзьдзём, яго няма ні на водным з кадраў. Ён лічыць, што міліцыянты ў судзе лжэсьведчылі, і мерыцца падаць скаргу на іх у пракуратуру.
— Абсалютны абсурд. Я прыехаў, калі ўсё было скончана, судзьдзя бачыў, што мяне не было на здымках, але вынес такі прысуд. Гэта сьведчыць пра тое, што справа палітычная, працягваецца палітыка запалохваньня грамадзянаў.
Вадзім Лявон кажа, што яго толькі папярэдзілі, а не аштрафавалі, відаць, з прычыны таго, што ў яго шматдзетная сям’я і цяжарная жонка. Але, паводле яго, рашэньне суду – поўны абсурд, бо падобнага кшталту захады ўшанаваньня памяці нацыянальных герояў улады маюць самі арганізоўваць і праводзіць.
— А яшчэ — навошта мы плацім падаткі і ўтрымліваем такую міліцыю, якая наўмысна падводзіць нас да штрафаў і пакараньняў? Я падыходзіў да многіх міліцыянтаў у Сьвіслачы, называўся на камэру і пытаўся – ці я нешта парушаю, ці ўзгодненая акцыя? А мне ніякіх адказаў – усё гэта зафіксавана на відэа. І ў выніку яшчэ склалі пратакол. Лічу, што справы наагул не павінны былі разглядаць у судзе, бо нас асудзілі за ўшанаваньне нашых жа нацыянальных герояў.
Вітольд Ашурак заўважае, што яго пакаралі як рэцыдывіста, маўляў, асуджаны за падобнае ня першы раз. Паводле яго, з моманту, як на іх склалі пратакол, было зразумела, што будзе і прысуд.
— Я ў гэтым не сумняваўся, бо гэта справа палітычная. Нас судзяць за ўшанаваньне нашых герояў, каб мы забыліся на іх. Я ўжо ня першы раз з гэтым сутыкаюся і думаю, што нічога ў іх не атрымаецца.
Паводле маніторынгу гарадзенскіх правабаронцаў, за ўшанаваньне паўстанцаў Каліноўскага ў Сьвіслачы да сёньняшняга дня былі засуджаныя ўжо дзесяць актывістаў з розных гарадоў Беларусі. Сьвіслацкі актывіст Юры Глебік аштрафаваны на 40 базавых велічыняў, на 10 базавых асуджаныя гарадзенец Мікола Лемяноўскі, а таксама слонімцы Віктар Марчык і Павал Севасьцян.
Васіль Клімовіч з Мастоў асуджаны на 9 базавых велічынь. Гарадзенцы Ўладзімер Хільмановіч — на 40 базавых, Віктар Сазонаў — на 35 базавых, Сяргей Верамеенка — на 15 базавых; кобрынскі суд асудзіў Алеся Меха на 50 базавых. Ваўкавыскі раённы суд аштрафаваў Віталя Гуляка на 25 базавых велічыняў.
Да гэтага сьпісу дадаліся і трое асуджаных у Лідзе.