Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошыну прыраўнялі да старшыні рэспубліканскага камітэту і дадалі да заробку мільён рублёў на месяц


Лідзія Ярмошына, архіўнае фота
Лідзія Ярмошына, архіўнае фота

Старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзіі Ярмошынай прысвоена вышэйшая кляса дзяржаўнага служачага. Адпаведны ўказ падпісаў Аляксандар Лукашэнка. Сёньня гэты дакумэнт апуб на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Вышэйшую клясу дзяржаўнага служачага, згодна зь беларускім заканадаўствам, аўтаматычна атрымліваюць так званыя найвышэйшыя дзяржаўныя службоўцы. Гэта — прэм’ер-міністар (Кабякоў), старшыні абедзьвюх палат Нацыянальнага сходу (Мясьніковіч і Андрэйчанка), кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі (Косінец), дзяржсакратар Рады бясьпекі (Зыль), старшыня Камітэту дзяржкантролю (Алфімаў), старшыня праўленьня Нацбанку (Калаўр), кіраўнік справамі прэзыдэнта (Шэйман), а таксама намесьнікі ўсіх пералічаных асобаў. Акрамя іх, аўтаматычна вышэйшая кляса распаўсюджваецца на пасады старшыняў усіх аблвыканкамаў і Менскага гарвыканкаму.

У гэтую касту могуць трапіць таксама міністры ды некаторыя іншыя высокія службовыя асобы, якіх прызначае на пасады непасрэдна прэзыдэнт. Але для гэтага неабходны спэцыяльны ўказ кіраўніка дзяржавы. Такі ўказ адносна Ярмошынай і падпісаў Аляксандар Лукашэнка.

— Адразу скажу, што права на вышэйшую клясу я атрымала яшчэ год таму, — сказала сёньня старшыня Цэнтравыбаркаму ў размове са Свабодай. — Проста ўсе, уключаючы і наш апарат, прамаргалі гэты момант, каб своечасова пачаць афармленьне дакумэнтаў. Год таму зьявілася распараджэньне прэзыдэнта, у якім быў пералічаны шэраг пасадаў. І людзі, якія іх займаюць, могуць прэтэндаваць на атрыманьне вышэйшай альбо першай клясы дзяржаўнага службоўца. У нас цяпер амаль усе міністры маюць вышэйшую клясу. А ў сьпісе ёсьць яшчэ пералік некалькіх рэспубліканскіх камітэтаў, сярод якіх упісалі і ЦВК. А паколькі гэта было год таму, то не патрэбна гэта ніякім чынам зьвязваць з прэзыдэнцкімі выбарамі, якія адбыліся сёлета.

— А можа, гэта быў аванс, каб вас заахвоціць лепей працаваць на дзейнага кіраўніка дзяржавы?

— Пра што вы кажаце? З выбарамі гэта ніяк не зьвязана. Лічыце, што гэта падвышэньне ў клясе па пасадзе. І ня больш за тое.

— Гэтае падвышэньне неяк адаб’ецца на вашым заробку?

— Так, я буду дзесьці на мільён болей атрымліваць кожны месяц.

— І ўсё ж вернемся да выбараў. Ці прыйшла ўжо ў ЦВК канчатковая справаздача місіі Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЭ, якая працавала на прэзыдэнцкай кампаніі?

— Пакуль няма. Але мы чакаем. Ад’яжджаючы, кіраўнікі місіі казалі нам, што справаздачу трэба чакаць напрыканцы лістапада. Мабыць, ужо хутка і прыйдзе».

— А што з падрыхтоўкай да парлямэнцкіх выбараў, якія маюць адбыцца ўжо ў наступным годзе? Зараз апазыцыя кажа, што да іх пачатку трэба абавязкова мяняць выбарчае заканадаўства.

— Я ня ведаю пра гэтыя размовы. У нас у Цэнтравыбаркаме няма ніводнай паперы на гэты конт, ніводнай прапановы. Карацей, ніякай ініцыятывы ад апазыцыі няма. І ад грамадзкіх арганізацыяў — таксама. Наколькі я ведаю, толькі экс-кандыдат у прэзыдэнты Караткевіч нібыта падала нейкія прапановы ў парлямэнцкую камісію. Таму, можа, адтуль і будуць паперы з мэтай высьветліць нашу пазыцыю.

— Эўразьвяз на чатыры месяцы замарозіў санкцыі супраць амаль усіх чыноўнікаў, якія знаходзяцца ў «чорным сьпісе». Ці ня думаеце скарыстацца гэтым і пабыць дзесьці ў Эўропе?

— Думаю, думаю. Ужо нават падала дакумэнты на візу. Калі ўсё будзе добра, хачу зьлятаць 14 сьнежня ў Рым. Проста паглядзець на Вечны горад.

— А вас не палохаюць тэракты?

— Калі гэтага баяцца, то тады трэба сядзець дома і нікуды ня езьдзіць. Сядзець як мыш пад венікам.

— Кіраўнікі беларускіх турфірмаў кажуць, што зараз на эўрапейскіх кірунках купляюць толькі маршруты ў Літву і Польшчу. А рухацца далей на Захад беларусы пасьля падзеяў у Парыжы баяцца.

А з той жа Літвы я, як жыхарка Калінінградзкай вобласьці, у савецкія часы, можна сказаць, не вылазіла. Па харчы туды амаль штотыдзень езьдзіла

— Мне Польшча і Літва нецікавыя. Трэба скарыстацца магчымасьцю і паглядзець тое, што я раней не магла паглядзець. А з той жа Літвы я, як жыхарка Калінінградзкай вобласьці, у савецкія часы, можна сказаць, не вылазіла. Па харчы туды амаль штотыдзень езьдзіла. Я ж там 18 гадоў пражыла.

— Вось так год за годам і ідуць. А вы ня думаеце, што ўжо пара некаму перадаваць свае выбарчыя справы?

— Ну, я, прабачце, не манарх, каб некаму перадаваць справы. Калі такі час наступіць, то знойдуць каму перадаць. Але, шчыра кажучы, Цэнтральная камісія састарэлася. Больш за палову камісіі сыдзе на заслужаны адпачынак. Таму, я думаю, на месца старшыні будзе падбірацца нейкі чалавек збоку.

— Мабыць, гэта будзе ўжо пасьля парлямэнцкіх выбараў?

— Ну канечне, нашы паўнамоцтвы яшчэ да сьнежня наступнага году.

Лідзію Ярмошыну прызначыў на старшыню Цэнтральнай выбарчай камісіі Аляксандар Лукашэнка пасьля так званага лістападаўскага рэфэрэндуму 1996 году. Перад гэтым кіраўнік дзяржавы ў парушэньне дзейнай тады Канстытуцыі сваім указам зьняў з пасады старшыні ЦВК Віктара Ганчара.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG