Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іван Крук не дазна́ецца праўды пра вынікі выбараў на Астравеччыне


Прэзыдэнцкія выбары: на выбарчым участку ў Горадні, 11 кастрычніка 2015 году. Ілюстрацыйнае фота
Прэзыдэнцкія выбары: на выбарчым участку ў Горадні, 11 кастрычніка 2015 году. Ілюстрацыйнае фота

На даручэньне групы жыхароў Астравецкага раёну, сярод якіх тры дэпутаты раённага савету ранейшых скліканьняў, актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Іван Крук зьвярнуўся з заявай да старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіі Ярмошынай.

Мясцовыя жыхары патрабуюць, каб раённая газэта «Астравецкая праўда» надрукавала вынікі галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году па ўсіх 33 участках, якія былі створаныя на тэрыторыі раёну. Яны незадаволеныя тым, што раённая выбарчая камісія «засакрэціла вынікі выбараў на карысьць зацікаўленых асобаў».

Старшыня ЦВК сёньня ў размове са Свабодай так пракамэнтавала гэты зварот:

Лідзія Ярмошына
Лідзія Ярмошына

«Дадзеныя ў цэлым па раёне можна паглядзець на сайце Цэнтральнай выбарчай камісіі. Там ёсьць усе табліцы. Адзінае, чаго там няма, гэта табліц па ўчастках. І ён іх нідзе ня знойдзе.

Што тычыцца раённай газэты, то яна друкуе толькі тое, што ёй перадаюць. Калі раённая выбарчая камісія ёй нічога не перадала, то адкуль рэдакцыя возьме гэтыя дадзеныя? А раённая камісія ўжо не працуе. Выбары скончыліся».

«Зьдзеклівымі» называе такія тлумачэньні адзін з каардынатараў грамадзянскай кампаніі «За справядлівыя выбары — 2015» Сяргей Калякін. Ён кажа, што ведае яшчэ пра некалькі падобных зваротаў, на якія дадзены фактычна гэткі самы адказ:

Сяргей Калякін
Сяргей Калякін

«Чаму выбарчыя камісіі так хаваюць вынікі выбараў? У нас ёсьць абсалютна правераныя дадзеныя па некаторых канкрэтных участках. Так, напрыклад, у Слонімскім раёне на васьмі ўчастках за Караткевіч прагаласавала 1200 чалавек. А ў цэлым па раёне, паводле афіцыйных публікацыяў, за яе прагаласавалі... 600 чалавек. То бок мы маем яўнае заніжэньне дадзеных, яўную фальсыфікацыю. І вось гэтае хаваньне вынікаў галасаваньня на ўчастках зьяўляецца часткай крымінальнага злачынства — скажэньня вынікаў выбараў».

Сяргей Калякін падкрэсьлівае, што ў цывілізаваных краінах абвяшчаюць дадзеныя выбараў па ўсіх участках:

«І Беларусь мае абсалютна ўсе тэхнічныя магчымасьці, каб друкаваць дадзеныя па кожным выбарчым участку. Тут няма ніякай праблемы. Але паколькі гэта ня робіцца, то, значыць, за гэтым хаваюцца нейкія дзеяньні, якія скіраваныя на фальсыфікацыю вынікаў выбараў. Гэта робіцца для таго, каб людзі ня ведалі, як рэальна прагаласавалі іх суседзі, якія ёсьць сапраўдныя вынікі.

Усе дадзеныя па ўчастках ва ўлады ёсьць. Але яна іх хавае. А значыць, хавае і сапраўдныя вынікі. Значыць, на мой погляд, улада фальсыфікуе вынікі выбараў».

Згодна з дадзенымі ЦВК, у Астравецкім раёне за Аляксандра Лукашэнку аддалі свае галасы 93,05% выбарцаў, якія ўдзельнічалі ў галасаваньні. За Тацяну Караткевіч прагаласавалі 1,77%, за Сяргея Гайдукевіча — 1,43%, за Мікалая Ўлаховіча — 0,62%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG