Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якую музыку слухаюць і ствараюць у беларускіх турмах?

абноўлена

Фота ©Shutterstock
Фота ©Shutterstock

Паводле дасьледчыкаў ды знаўцаў турэмнага фальклёру, савецкая лягерная песьня адыходзіць у гісторыю. Створаная ва ўмовах ГУЛАГу людзьмі, безумоўна таленавітымі як літаратурна, так і музычна (тады за кратамі сядзела шмат артыстаў, музыкаў, паэтаў), яна выступала як процілегласьць савецкай патрыятычнай песьні. Афіцыйна лягерная песьня была практычна забароненая, затое мела вялікую папулярнасьць у найбольш прасунутых грамадзкіх колах.

Нішу гулагаўскай песеннай творчасьці ў турмах ды калёніях заняў расейкі шансон, які часта называюць блатняцкім. Сёньня мы будзем гаварыць пра розьніцу паміж гэтымі жанрамі, пра музыку, якую слухаюць ды самі ствараюць сучасныя беларускія ЗК.

Кеша Гомельскі: «Вінаваты толькі джаз»

Удзельнік нашай сёньняшняй праграмы, журналіст Зьміцер Падбярэскі кажа, што нязгодны з тым, што лягерная культура цалкам зьнікла, бо за кратамі ўсё яшчэ ёсьць яе сапраўдныя носьбіты.

Зьміцер Падбярэскі
Зьміцер Падбярэскі

«Гэта таленавітыя людзі, — працягвае Зьміцер, — якіх моцна пакруціў лёс, і яны, знаходзячыся ў вязьніцах, ствараюць сапраўдную аўтэнтыку. Яна істотна адрозьніваецца ад такой, створанай на запатрабаваньне публікі, штучнай зьявы, як расейскі шансон. У параўнаньні з сапраўднай лягернай песьняй шансон нагадвае нейкі анэкдот».

У канцы 1990-х, калі Зьміцер працаваў у газэце «Имя», лёс зьвёў яго з маладым хлопцам Кешам Гомельскім, які ўжо на той час адседзеў за кратамі не адзін тэрмін. (Сапраўднае імя Кешы Гомельскага, як напісана сёньня на яго акаўнце «Ўкантакце», — Генадзь Ціханаў. Нарадзіўся ён у 1967 годзе ў Гомелі, упершыню за кратамі апынуўся ў 17 гадоў, апошні турэмны прыстанак — Ваўкавыская калёнія, куды трапіў за крадзеж у вялікіх памерах.)

— Кеша прыйшоў тады ў рэдакцыю з сваёй касэтай і сказаў, што музыканты параілі зьвярнуцца да мяне... Я яе паслухаў і ў мяне проста дрыжыкі па целе пабеглі. Настолькі гэта было натуральна зроблена, найперш тэксты. Відавочна, музыканты прыклалі сваю руку да аранжаваньня, але, тым ня менш, музыка ішла ад яго. А таму ўражаньне ад той праграмы было вельмі моцнае... Гэта сапраўднае было. Напрыклад, блюз „На магілках у сяброў“.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:44 0:00
Наўпроставы лінк


Кеша зьбіраўся запісаць яшчэ і другі альбом ды паказаць яго мне, аднак надоўга-надоўга зьнік, цяпер мне ня цяжка здагадацца, дзе... Сёньня я рэдагую і рыхтую да выданьня кнігу гэтага чалавека „Вінаваты толькі джаз“. Гэта ўжо яго дэбют як празаіка».

— Але такія носьбіты аўтэнтыкі, як Кеша Гомельскі, сёньня калі і вядомыя, то ў вельмі-вельмі абмежаваных колах. З чым зьвязанае такое магутнае панаваньне штучна створанага песеннага блатняцкага прадукту, як турэмны шансон? Здавалася б, пасьля зьнікненьня ГУЛАГу, СССР, скончылася і манаполія савецкай песьні. У тых жа турмах вязьням пачалі дазваляць розныя плэеры, розныя дыскі — слухай-глядзі, абы толькі ня порна. На чым грунтуецца папулярнасьць такога «левага» шансону?

— На мой погляд, тут істотную ролю адыграў такі складнік, як генэтычная памяць народу. У пэрыяд існаваньня СССР за кратамі сядзелі мільёны. І тут запатрабаванай аказалася вось такая падробка, створаная паводле наступных крытэраў: максымальна проста і каб гэта як мага хутчэй даходзіла да публікі. Тэксты зьведзеныя да прымітыву, гэтак жа спрошчаная музычная мова, Па сутнасьці, гэта галоўны трэнд папулярнай музыкі ў Расеі. Гэта тычыцца нават і тых песень, у якіх пра турму не гаворыцца. У такім бізнэсе па-сапраўднаму адораных людзей няма. Гэта масавая навала тых, хто нюхам пачуў, куды вецер гоніць. Яны далучыліся да гэтага працэсу толькі з адной мэтай — зрабіць грошы.

— Наколькі вядома зь некаторых рэпартажаў украінскіх тэлеканалаў, там спрабуюць змагацца з манаполіяй расейскага блатняцкага шансону тым, што прадусары шукаюць непасрэдна за кратамі музычна адораных выканаўцаў. Свайго роду спроба стварыць свой уласны трэнд, падтрымаць уласную аўтэнтыку... Ці беларускія прадусары маглі б заняцца падобнымі пошукамі?

— Чаму не? За кратамі нямала адораных людзей. Той жа Кеша Гомельскі. Ягоны раман, які я цяпер рэдагую, — гэта, безумоўна, вельмі таленавіты празаічны твор. Ён цалкам вытрыманы ў стылістыцы зладзейскага раману. Акрамя таго, у Кешы два альбомы, запісаныя з кляснымі менскімі музыкамі. У сілу пэўных прычынаў ён пакуль яшчэ ня можа даваць канцэрты, аднак празь невялікі час ён-такі зьявіцца на сцэне.

«Цяпер аддаю перавагу якаснай музыцы»

«Што можа быць апазыцыяй гэтаму блатняцкаму шансону?» — пытаюся ў Зьмітра Падбярэскага.

Падбярэскі: «Якасная музыка... Тыя ж выступы перад зэкамі добрых артыстаў, як гэта практыкавалася ў савецкія часы... Гэтымі днямі я браў інтэрвію ў сьвятара Ігара Карастылёва, які ў маладосьці быў барабаншчыкам у розных рок-гуртах. Ён сказаў мне, што цяпер, як і раней, слухае самую розную музыку, але з умовай, каб яна была якасная. І потым дадаў: за адзіным выключэньнем: я ня слухаю расейскую папсу. Я думаю, што гэта залежыць ад таго, ці ёсьць у чалавека ўнутраная культура, няважна, сядзеў ён ці не. Чым больш унутранай культуры, тым далей чалавек ад гэтай музыкі».

Практычна гэтаксама, як і айцец Ігар, свае музычныя прыхільнасьці ацаніў і колішні зьняволены, наш актыўны аўтар Зьміцер Вольны. Як Зьміцер напісаў нам у праграму, сёньня ён аддае перавагу выключна добрай, якаснай музыцы:

«Музыка там розная гучыць. У асноўным — блатняк. Я настолькі ім сыты, што ў цяперашнім маім жыцьці, як толькі яго чую, мяне проста раздражняе. У тыя мае турэмныя гады падабалася слухаць Разэнбаўма. Старыя яго песьні па-ранейшаму знаходжу нармальнымі. Але новыя?.. Лічу, што пасьля таго, як ён прагнуўся пад уладу, усё тое, што ён піша, слухаць немагчыма...

Пры мне ў зоны, дзе я сядзеў, прыяжджалі розныя артысты. Напрыклад, выканаўца блатняцкага шансону Віктар Каліна выступаў у Івацэвічах пасьля сваёй адседкі. Цяпер ён дае канцэрты байцам ДНР. Я тады ў Івацэвічах зазірнуў дзеля прыколу ў клюб — і пайшоў. Для мяне гэта не сьпявак, а «чорт». (На турэмным жаргоне «чорт» — той, хто не карыстаецца аўтарытэтам сярод ЗК, ня мае маральных прынцыпаў, не адказвае за свае паводзіны і выглядае неахайна.) Тым ня менш публіка на тым канцэрце была, пляскалі.

Калі я сядзеў у Навасадах, то туды прыяжджаў Ухцінскі. Гэта таксама ня мой сьпявак, але ўзровень зусім іншы. З тых, хто даваў канцэрты, спадабаўся гурт «Тяни-Толкай». Яны добра праграму адпрацавалі.

Але цяпер бы на такія канцэрты не пайшоў бы, бо сёньня аддаю перавагу якаснай музыцы. Ад народнай да клясыкі. Зь беларускіх гуртоў з прыемнасьцю слухаю «Ляпісаў», «Старога Ольсу», «Тройцу», «Дзецюкоў». Магу і папсу дзявочую паслухаць, бо я чалавек сэнтымэнтальны і рамантычны. Адзначу, што пасьля некалькіх гадоў вольнага жыцьця за межамі радзімы мае музычныя густы памяняліся радыкальна. Цяпер з задавальненьнем хаджу ў опэру. Апошняе, што слухаў, — «Вільгельм Тэль» Расіні ў Турынскай опэры.

Ці патрэбныя канцэрты за кратамі?

Традыцыя выступаў вядомых і прызнаных артыстаў у турэмных установах існавала ў часы СССР і працягвае існаваць у самых розных краінах. Калісьці з канцэртамі перад беларускімі зьняволенымі выступалі ня толькі эстрадныя сьпевакі ці выканаўцы шансону, але і рок-гурты.

Сяргей Міхалок
Сяргей Міхалок

Цяперашні вакаліст гурту Brutto, а да мінулага году лідэр групы «Ляпіс Трубяцкі» Сяргей Міхалок кажа, што ў нулявыя ў складзе «Ляпісаў» яны выступалі двойчы — у колішняй менскай калёніі на Кальварыйскай (Апанскага), а таксама ў папраўчай установе ў Бабруйску. У сваіх інтэрвію музыка расказваў:

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:00 0:00
Наўпроставы лінк

«У бабруйскай калёніі ў той час сядзеў адзін наш сябар, банкір і мэцэнат, а цяпер нябожчык Яўген Краўцоў. Ён фінансаваў нашы першыя запісы ў прафэсійнай студыі. Аднойчы ён патэлефанаваў нам, і мы прыехалі туды з канцэртам. Заля калёніі, прынамсі тады, была самая вялікая ў горадзе, на 1200 месцаў. На канцэрце першыя тры ці чатыры рады заняло кіраўніцтва, з усёй раднёй ды жонкамі з прычоскамі-вежамі. А ў наступных радах сядзелі ўжо «аўтарытэты», потым тыя, хто па дзесяць гадоў і болей ужо адседзеў. Пасьля канцэрту яны падыходзілі і прасілі аўтографы. Адзін казаў: «Ну што ты, с...ка, накаракаў!? Напішы прыгожа ды вялікімі літарамі, гэта гадоў дзесяць вісець на сьцяне будзе!».

«А вось цяпер нам на радзіме нідзе не дазваляюць выступаць, — сказаў музыка пару гадоў таму нашаму карэспандэнту падчас выступу ў Вільні. — Нам усё роўна, перад кім выступаць — перад рабочымі з маторнага заводу ці перад эўрапейскай прафэсурай. Наша задача — узьняць усім настрой. З гэтага мы пачынаем, і толькі потым ужо кажам пра праблемы. Таму для нас ня надта цяжка знаходзіць кантакт зь любой істотай. Нават калі б гэта былі іншаплянэтнікі ці вішнёвы сад або хвойныя дрэвы».

Як сьведчаць многія былыя асуджаныя, сёньня на зонах па-ранейшаму віталі б канцэрты Міхалка. Аднак «сапраўдныя культурніцкія дэсанты за краты ўжо не пасылаюць».

Ці трэба ладзіць канцэрты для беларускіх зьняволеных, і калі так, то якія? Або, раз ужо яны трапілі за краты, то павінны мець суровы расклад, быць пазбаўленыя магчымасьцяў, якія ёсьць на свабодзе? На пытаньні «Свабоды ў турмах» адказваюць гарадзенскія мінакі, адзін зь якіх цяпер сам адбывае пакараньне на гарадзкой «хіміі» (ва ўстанове адкрытага тыпу), працуючы дворнікам. Большасьць апытаных лічыць, што вязьням якасныя культурныя праграмы проста неабходныя. Некаторыя мяркуюць, што выступы сур’ёзных артыстаў немагчымыя, бо сёньня ўсё вырашаюць грошы

Наўпроставы лінк

«Рок-гурт калёніі запомніўся больш чым вольныя артысты»

Пытаньні, ці патрэбныя зэкам канцэрты і якую музыку хочацца слухаць у няволі, мы задалі таксама і колішняму двойчы палітвязьню Міколу Аўтуховічу.

Мікола Аўтуховіч
Мікола Аўтуховіч

«Я заўсёды люблю слухаць песьні з сэнсам. І скажу так, што нямала добрых песень у шансоне, якія як кніга: паслухаў песьню — і адчуў, што ты паслухаў нейкую гісторыю. Дарэчы, як мне падалося на прыкладзе нашага атраду, бо пра іншыя сказаць не магу, шансон ужо няшмат слухаюць там. Часьцей слухаюць іншую музыку. Гэта прайшло ўжо. Хоць нейкія добрыя песьні з шансону могуць круціць, але так, каб цэлы дзень шансон, такога няма. У асноўным — звычайная папса».

У турме, дзе Мікалай Аўтуховіч утрымліваўся апошнія два гады, паслухаць добрую музыку было амаль немагчыма.

«Я казаў: дайце магчымасьць, каб мне перадалі прымач ці штосьці іншае, каб слухаць. Яны: не-не-не, мы цяпер усім купілі, паставім і будзеце слухаць. Але не дазвалялі прынесьці і самі ня ставілі. А гэта парушэньне: у кодэксе запісана, што ў кожнай камэры павінен быць. А зь іншага боку, калі ставіць прымач у камэры ў турме, то вельмі часта яго падключаюць, каб слухаць чытку законаў з кодэксу. Адміністрацыя можа ўключыць і гадзіну ці дзьве будзе ісьці: „Асуджаны абавязаны... Асуджанаму можна, асуджанаму нельга...“ Вось гэта ўсё слухаць па сто разоў. Прычым усё так гучна. Ведаю, што некаторыя зэкі проста псавалі апаратуру, стараліся пашкодзіць дынамік, каб вушы не закладала».

«Саша і Сярожа» ( музыкі з івацэвіцкага рок-гурту)
«Саша і Сярожа» ( музыкі з івацэвіцкага рок-гурту)

Наколькі патрэбныя ў папраўчых установах канцэрты артыстаў з волі? Ці памятае іх Мікола Аўтуховіч? Былы палітвязень кажа, што добрая музыка заўсёды патрэбная. Аднак падчас ягонага зьняволеньня толькі аднойчы нехта заехаў у менскую калёнію, дзе ён адбываў свой першы тэрмін. Гэта быў нейкі досыць вядомы артыст, але хто менавіта і што сьпяваў, у памяці не захавалася. Памятае толькі, што досыць часта прыяжджалі выступаць перад зэкамі «баптысты»:

«Яны даволі часта бывалі ў менскай калёніі. А вось у Івацэвічах, дзе строгі рэжым, — не, там я ня бачыў такога. Там самі зэкі робяць канцэрты...Дарэчы, той рок-гурт запомніўся нашмат больш, чым вольныя артысты. Асуджаныя заўсёды чакалі ягоных выступаў... Я сам часта прыходзіў на рэпэтыцыі. Справа ў тым, што ў клюбе знаходзіцца бібліятэка. Калі ходзіш у бібліятэку, бачыш, як яны граюць, там ніхто не забараняе паслухаць крыху. Паколькі я сам граю на барабане ды гітары, то іншым разам дапамагаў падбіраць ноты. Я добра ведаў з музыкаў Сашу з Горадні ды Сяргея зь Пінску. Яны стваралі розныя праграмы, прысьвечаныя барацьбе са СНІДам, 130-годзьдзю Купалы і Коласа. На такіх мерапрыемствах гучалі песьні Цоя, ДДТ, „Ляпісаў“, А так яны маглі граць любую музыку, якая падабаецца людзям».

Канцэрт у калёніі (фрагмэнт)
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:05:23 0:00

У архіве «Свабоды ў турмах» захоўваюцца лісты Сяргея зь яго мінулай адседкі. У іх ён расказваў пра падрыхтоўку да канцэртаў, нават даслаў сцэнары і гатовы дыск. Маецца таксама інтэрвію, якое ён даў амаль адразу пасьля вызваленьня, восеньню 2012. Сяргей расказаў пра сваю апошнюю канцэртную праграму да 130-годзьдзя Купалы і Коласа, пра вышыванкі, у якіх былі музыкі. Гэтая праграма, як і папярэдняя — «Рок супраць наркотыкаў», запісвалася на відэа, яе добра прынялі і зэкі, і турэмнае начальства. Аднак потым на загад кіраўніцтва дыск быў зьнішчаны. Сяргей патлумачыў, чаму.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:46 0:00
Наўпроставы лінк

Недзе праз год з нечым Сяргей ізноў апынуўся ў Івацэвіцкай калёніі з-за наркотыкаў. Туды ж ізноў трапіў і другі знаёмы Аўтуховіча — Саша.

«Цяпер там у ПК падабралася добрая музычная каманда, — працягвае Аўтуховіч.

Ведаю, што хочуць граць, рыхтаваць чарговыя праграмы. Іншае пытаньне — там дрэнная апаратура, няма добрых інструмэнтаў, усё старое. Але калі ўлічыць, што там мноства народных умельцаў, яны ўсё што можна, тыя ж сынтэзатары, самі рамантуюць. Мы лістуемся зь Сяргеем. Перад Новым годам я размаўляў зь некаторымі музыкамі з волі. Хацелася б дапамагчы хлопцам нейкай лепшай апаратурай. Будзем вырашаць пытаньне, яны завязуць туды, калі дамовяцца з адміністрацыяй, каб прынялі інструмэнты».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG