Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта зэку мастацкая самадзейнасьць?


У часы ГУЛАГу разам з прымусовай працай асновай «перавыхаваньня» зьняволеных лічылася прапаганда «усіх пераваг савецкага ладу жыцьця». У гэтых мэтах на зонах пад маркай неабходнасьці і важнасьці агітацыі была ўзаконеная мастацкая самадзейнасьць. Традыцыі захаваліся і па сёньняшні дзень у вязьніцах самых розных краін былога СССР. Для зэкаў, якія прэтэндуюць на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне, удзел у розных канцэртах, самадзейных тэатральных пастаноўках ёсьць справай хутчэй абавязковай, чым добраахвотнай... Бываюць, праўда, і выключэньні.


У адным хоры з маньякамі, забойцамі, гвалтаўнікамі, тэрарыстамі


Пра вымушаны ўдзел у хоры адной з расейскіх калёній расказвае ў сваёй аўтабіяграфічнай кнізе «Закладнік: Гісторыя мэнэджэра ЮКОСа» былы асуджаны Ўладзімер Пераверзін. За кратамі Пераверзін адседзеў 7 гадоў. Уся ягоная гісторыя, такая неверагодная для жыхароў многіх эўрапейскіх краін, цалкам рэальная ва ўмовах Беларусі.

Сёньня мы пазнаёмім вас з чарговым урыўкам з кнігі, дзе аўтар расказвае, як дзеля УДВ быў вымушаны сьпяваць у кампаніі маньякаў, забойцаў, гвалтаўнікоў, рабаўнікоў, тэрарыстаў.

«Аднойчы днявальны атраду кідае кліч: „У калёніі праводзіцца конкурс харавой песьні. Ахвотныя ўзяць удзел могуць запісацца ў мяне. За ўдзел — прыз!“ Пад прызам маецца на ўвазе заахвочваньне. Да таго часу я ўжо шмат чуў пра судовую практыку прадстаўленьня ўмоўна-датэрміновага. Судзьдзя можа папросту спытацца ў асуджанага, які ўдарна працаваў многія гады: „А чаму ў мастацкай самадзейнасьці ня ўдзельнічаеш? Не пяеш? Не танцуеш? Ну ідзі, пасядзі яшчэ“».

Мужыкі, якія працуюць дзьве зьмены і бязь сілаў вяртаюцца ў барак, справядліва шлюць праклёны на адрас судзьдзяў. Асабіста я сьпяваць ня ўмею, дый жаданьня на гэта ў мяне няма. У іншых асуджаных, мабыць, таксама. Ахвотных набіраецца няшмат. Пад пагрозай гонар мундзіру вертухаяў! Як жа, асуджаныя сьпяваць не жадаюць! Начальнік атраду выклікае па адным да сябе ў кабінэт тых, хто адмаўляецца...
Пад пагрозай гонар мундзіру вертухаяў! Як жа, асуджаныя сьпяваць не жадаюць!

«Чаму вы, Пераверзін, адмаўляецеся прымаць удзел у выхаваўчых мерапрыемствах?» — пытаецца ён у мяне.

«Я сьпяваць ня ўмею», — шчыра адказваю я.

«Зразумейце, гэта ў вашых жа інтарэсах. Ня пойдзеце — я ў асабістую справу рапарт напішу, маўляў, адмовіліся выконваць патрабаваньні адміністрацыі, характарыстыка будзе ў вас дрэнная, на ўмоўна-датэрміновае ня пойдзеце», — працягвае пераконваць мяне начальнік.

Разумеючы, з кім маю справу, я згаджаюся. «Добра, — кажу я, — сьпяю»...

...Наш запявала — асуджаны за нанясеньне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў Антон. Як на мой розум, сьпявае нядрэнна. Астатнім дастаецца прыпеў. Пасьля некалькіх рэпэтыцыяў наш атрад у поўным складзе выходзіць на сцэну клюбу, на вочы зборышча людзей у пагонах.

Антон зацягвае :

И пускай наше детство не кончится,
Хоть мы взрослыми стали людьми.

Хор, які складаецца з маньякаў, забойцаў, гвалтаўнікоў, рабаўнікоў, тэрарыстаў, блытаючы словы, падхоплівае:

Родительский дом, начало начал,
Ты в жизни моей надежный причал.

Песьню па чарзе сьпявае ўся зона. Мы займаем другое месца. Начальства калёніі радасна дае справаздачу аб перавыхаваньні асуджаных. З нас заахвочваньне атрымлівае толькі атрадны запявала Антон, а мне ўдаецца пазьбегнуць рапарту аб парушэньні...

Калі я распавёў жонцы, што сьпяваю ў хоры, яна спачатку мне не паверыла. Потым, узгадаўшы пра адсутнасьць у мяне слыху ды голасу, доўга сьмяялася. Сьмяяўся і я, калі глядзеў на сур’ёзныя твары супрацоўнікаў калёніі, якія ўважліва слухалі нас і ацэньвалі выступленьне.

«Божа, куды я трапіў? — думаў я ў тыя хвіліны. — Гэта ж сапраўдны дурдом!»

Адміністрацыя калёніі з усёй сур’ёзнасьцю падыходзіць да падобных мерапрыемстваў. Для іх асьвятленьня (ды праслаўленьня начальства) запрашаецца мясцовая прэса».


«Удзел у грамадзкім жыцьці — гэта абавязалаўка»


Паводле былых беларускіх асуджаных, агляды-конкурсы мастацкай самадзейнасьці праводзяцца штогод. Кожная ПК рыхтуе прадстаўленьне, на прэм’еру якога прыяжджае камісія з адказных прадстаўнікоў пэнітэнцыярнай сыстэмы. Яны ацэньваюць акторскія, сьпеўныя ды харэаграфічныя здольнасьці ЗК і выяўляюць пераможцаў.

Праваабаронца Алёна Красоўская-Касьпяровіч, якая ў 2000-я працавала ў менскай калёніі на Кальварыйскай, расказвае, што ў беларускай зоне многае ў сэнсе мастацкай творчасьці асуджаных нагадвае тое, пра што піша Ўладзімер Пераверзін. Аднак ёсьць і адрозьненьні:

Алёна Красоўская-Касьпяровіч
Алёна Красоўская-Касьпяровіч
«У нас усё, па сутнасьці, гэтаксама. Аднак у расейскіх вязьняў, якія пяюць ды скачуць, у іх усё ж ёсьць і нейкая іншая матывацыя для ўдзелу, акрамя УДВ. Гэта магчымасьць удзельнічаць у міжзанальных, абласных, краявых і розных іншых конкурсах... У Беларусі такое не практыкуецца, каб вязьняў вывозілі за межы зоны з мэтай удзелу ў больш буйных конкурсах.

Але, як і ў Расеі, найчасьцей удзел у грамадзкім жыцьці калёніі — гэта абавязалаўка. Усё робіцца дзеля розных плюсікаў, каб была бачнасьць, што зэкі канкрэтнай папраўчай установы становяцца на шлях выпраўленьня. Самае цікавае, што ўдзельнічаць у мастацкай самадзейнасьці абавязаныя ня толькі зэкі, але і супрацоўнікі. На той час, калі я працавала ў менскай ПК-1 на Кальварыйскай, раз на год на Дзень барацьбы са СНІДам канцэрт мусілі рыхтаваць мэдыкі. Пра ўсё гэта дакладалася ў ДВП — вось такое намі праведзенае мерапрыемства. Такая наша сыстэма, што без паказухі ня можам. Трэба ўдзельнічаць, рабіць выгляд. Даходзіць да абсурду...»

Як дадае праваабаронца сустракаюцца, аднак, сядзельцы, якія атрымліваюць сапраўдны кайф ад заняткаў самадзейнасьцю. Гэта пераважна творчыя людзі, музыканты. Нямала зь іх сядзіць за наркотыкі (арт.328). Такія вязьні нярэдка становяцца літаральна апантанымі рознымі музычнымі або мастацкімі турэмнымі праектамі. Канцэрты з удзелам гэтых самадзейных артыстаў звычайна карыстаюцца папулярнасьцю сярод іншых ЗК.

Паводле аповедаў саміх прадстаўнікоў названай часткі «творчай турэмнай інтэлігенцыі», вязьніца, якая блякуе ўсе шляхі да наркаты ды прымушае вязьня шукаць сублімацыю наркатычнаму тарчку, становіцца для многіх сапраўдным жыцьцёвым паратункам.


«Я сказаў: пацаны, граем „Ляпісаў“ як і раней»


«Калі б не турма, гэтая наша размова проста б не адбылася. Я б проста аднойчы сканаў ад перадозу», — шчыра дзяліўся з нашай праграмай неўзабаве пасьля вызваленьня з Івацэвіцкай калёніі 40-гадовы Сяргей.

Былы вязень пра наркотыкі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:45 0:00


Свайго кшталту «перазагрузкай» для гэтага чалавека з больш як 20-гадовым наркатычным стажам сталася сур’ёзнае захапленьне музыкай за кратамі. Разам зь іншымі турэмнымі музыкамі, большасьць зь якіх таксама сядзела паводле арт. 328, Сяргей стварыў рок-гурт. Гэты гурт нязьменна ўдзельнічаў у аглядах-конкурсах лягернай мастацкай самадзейнасьці і нават запісаў два дыскі. На першым дыску — праграма «Рок супраць наркотыкаў» зь песьнямі Цоя, Шаўчука ды самога Сяргея, а таксама разыграныя самімі асуджанымі розныя сцэнкі пра гісторыі іхніх сяброў і блізкіх, якія загінулі ад наркотыкаў. Другая музычная праграма была прымеркаваная да 130-годзьдзя Янкі Купалы і Якуба Коласа. Удзельнікі гурту ў народных кашулях чыталі са сцэны творы беларускіх клясыкаў, расказвалі гледачам пра жыцьцё беларускіх песьняроў, выконвалі кампазыцыі на іхнія вершы, а таксама песьні з рэпэртуару Лявона Вольскага ды «Ляпісаў».
Тэатр у калёніі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:10 0:00

Сяргей: «Першы дыск у нас захаваўся, а другі, зь беларускім канцэртам, адміністрацыя вырашыла сьцерці з-за «Ляпісаў». Спачатку ўсім вельмі спадабалася, і нас начальства нават папрасіла паўтарыць канцэрт. А потым пачалася кампанія супраць Міхалка, з адміністрацыі падышлі да мяне і сказалі: «Сяргей, толькі бязь „Ляпісаў“, бязь песень „Ня быць скотам“ ды „Шэрых быкоў“. Калі пачаўся канцэрт, я сказаў хлопцам: „Пацаны, граем, як і раней было“... У выніку начальства вырашыла перастрахавацца, і дыск сьцерлі. Шкада, гэта быў найлепшы канцэрт».

Расказваючы пра свой гурт, Сяргей будаваў пляны на далейшыя заняткі музыкай. Пры гэтым рэфрэнам гучалі словы: «Толькі б да наркаты не вярнуцца — так хочацца заняцца любімай справай». Ня склалася...


«Мы абяцалі ўзьняць узровень зоны ў культурным пляне. Удалося»


І яшчэ адзін лёс...21 кастрычніка ва ўзросьце 27 гадоў памёр беларускі гангста-рэпэр Міця Аўчыньнікаў, чый хіп-хоп праект Jah#ponica некалькі гадоў таму ўзарваў інтэрнэт. Свае трэкі — такі далёкі ад лягернага шансону турэмны рэп, дзе, паводле музычных аглядальнікаў, «творчасьць і жыцьцё неаддзельныя адно ад аднаго», Міця запісаў у магілёўскай ПК-19. Туды трапіў у 2007-м за ўжываньне, распаўсюд ды вытворчасьць наркотыкаў. Два гады таму (праз пару месяцаў пасьля вызваленьня) ён даў інтэрвію СМІ.

(Увага! Відэа ўтрымлівае нецэнзурную лаянку)


Міця Аўчыньнікаў: «Гераін я паспытаў у 15 гадоў. Проста на той пэрыяд усё было добра, жыцьцё ішло ўверх. А з гераіну ўсё пайшло капітальна ўніз. Незалежна ад надвор’я любая раніца падаецца табе шэрай, цьмянай ды вельмі страшнай... А калі да таго ж і позьняя восень, то гэта ўвогуле жах. Пачынаецца дэпрэсія. Ты апынаесься ў нейкім замкнёным коле, па якім нясесься, пакуль вытрымлівае тваё цела...Калі б ня наша міліцыя, я б, напэўна, памёр... Не было б музыкі — нічога... Калі б не турма, ня ведаю, да чаго б я дакаціўся... Бо нават тым апэратыўнікам, якія мяне распрацоўвалі, я хачу сказаць вялікі дзякуй! Я не магу цяпер казаць „мянты — казлы“ , бо ведаю, што мент мянту ня роўны. Сярод іх сустракаюцца і м...кі, і выдатныя людзі, якія ўмеюць думаць, у якіх ёсьць душа і сэрца».

Міця Аўчыньнікаў правёў у Магілёўскай ПК-19 каля 5 гадоў з 8,5. Умоўна-датэрміновае атрымаў за актыўны ўдзел у грамадзкім жыцьці зоны. За кратамі ён запісаў свае два першыя альбомы: «Турэмныя рагі» (2008) ды «Асобы» (2009). Свой музычны праект, у якім шмат нецэнзурных выразаў, аўтар характарызаваў як «гангстэрскі». «Ну як можна адыйсьці ад брутальнага рэпу пры такім брутальным жыцьці?» — гаварыў Міця.

Тыя, хто яго добра ведаў, кажуць, што малады чалавек не рабіў уражаньня пачвары, а наадварот, быў здольны на глыбокія разважаньні і пачуцьці.

Міця Аўчыньнікаў: «Тыя два альбомы па лягеры прайшлі нармальна. Усе былі задаволеныя. Канцэрты праходзілі ў перапоўненай залі. Бачыў людзей усіх узростаў, якія гэта зь цікавасьцю слухалі...Было вельмі прыкольна».

Наўпроставы лінк


Паводле Міці, усё пачалося пасьля таго, як у калёнію трапіў добра падкаваны ў гукарэжысуры менскі дыджэй Міша Жукаў. На зоне ўжо былі свае музыкі:

«Для таго каб набыць комп, мы ўводзілі ў вушы адміністрацыі пра неабходнасьць стварэньня радыёкропкі на зоне, пра тое, што гэта істотна ўздыме ўзровень зоны ў культурным пляне. Тое і адбылося. Нам выдалі памяшканьне — былую рубку, зь якой перадавалі кіно на залю. Абклеілі ўсё кардонкамі з-пад яек. Гэта самы танны варыянт гукаізаляцыі».

Турэмнае радыё з дыджэямі Міцем ды Мішам вяшчала кожны дзень... Пры тым, што большасьці ЗК даспадобы былі шансон ці расейская папса, рабіць упор на нейкую сэнсавую музыку было цяжка. Рэп, аднак, звычайна слухалі. Гурт Jah#ponica падабаўся, але ж для радыё гэта быў «нефармат». Тым ня менш сваю лінію хлопцы спрабавалі праводзіць...


«Пакуль вытрымлівае тваё цела...»


Міця Аўчыньнікаў: «А наагул там вельмі шмат талковых людзей. Я ў калёніі атрымаў такое разьвіцьцё, як у інстытуце. Шмат літаратуры, ёсьць чым займацца. Ёсьць час падумаць. Зона стала для мяне храмам ведаў. Зусім іншае ўражаньне, чым тое, якое ствараецца, калі нагледзісься розных фільмаў. Праўда, у першыя месяцаў шэсьць эмацыйна вельмі моцна ціснулі сьцены. Цяпер я разумею, што свабода — вельмі дарагая рэч, якую часам трэба адваёўваць, што трэба ўвесь час сачыць за сваім целам, сваім мозгам, што распаўсюд наркотыкаў — гэта сапраўды вельмі кепска».

Гаворачы пра пазыцыю гурту Jah#ponica, Міця адзначаў, што гэта найперш падтрымка антынаркаманскага руху: «Мы супраць СНІДу, мы за спорт. Мы падтрымліваем здаровы лад жыцьця і здаровы сэнс...».

Міця спадзяваўся, што турма, якая мяняе людзей, зьмяніла яго ў лепшы бок. Пасьля вызваленьня ён хадзіў у спартовую залю і займаўся з жалезам. Выступаў з канцэртамі ў клюбах «Графіці», у CoffeOn ды іншых, пасьпеў папрацаваць у розных жанрах ад рэгі да фанку, стварыць гурты Moon Baby і The RACEMENT.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:48 0:00
Наўпроставы лінк


Але і ў гэтым выпадку ня склалася. Кажуць, што рэпэр памёр ад перадозу. У адзін зь дзён позьняй восені, калі да нарказалежных прыходзіць дэпрэсія.

Чаму не складаецца ў тых, каму ў няволі ўдавалася ня толькі працяглы час абыходзіцца без наркаты, але больш за тое — самарэалізоўвацца? Паводле адмыслоўцаў-псыхолягаў, гэта было вымушаным вызваленьнем ад фізіялягічнай нарказалежнасьці, а таму ёсьць толькі паловай, а можа, нават і чвэрцю кроку. Бо існуе таксама залежнасьць псыхалягічная. Гэтая закладзеная ў памяці звычка — зьвяртацца да наркотыку, каб зьняць напружаньне, павысіць самаацэнку, самасьцьвердзіцца і г. д. — фармуецца гадамі. Адмовіцца ад яе куды больш складана. Нейкіх адмысловых праграмаў падтрымкі тых вязьняў, якія пераадолелі ў турме фізіялягічную абстынэнцыю, знайшлі сябе ў нейкай творчай справе і хацелі б пачаць зусім новае жыцьцё, на волі няма. Выйшаўшы з інтэгральнай, так бы мовіць, турэмнай супольнасьці, дзе кожны павінен узаемадзейнічаць зь іншымі і не парушаць прынятых правілаў, чалавек трапляе ў вольную эгаістычную супольнасьць, дзе кожны дазваляе сабе рабіць усё што заўгодна, не зважаючы на існаваньне дзейных законаў... Як некалі казаў Міця Аўчыньнікаў, «ты нясесься па нейкім замкнёным коле, пакуль вытрымлівае тваё цела...»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG