Яны народжаныя ў няволі і самыя першыя гады свайго жыцьця праводзяць за кратамі, у адзіным ва ўмовах беларускай пэнітэнцыярнай сыстэмы Доме дзіцяці. Месьціцца ён на тэрыторыі адной зь дзьвюх беларускіх жаночых калёніяў — гомельскай «чацьвёрцы». Установа разьлічаная на 40 месцаў, аднак цяпер зь іх занятыя крыху больш за палову — 23. Гэта дзеткі ад нуля да трох гадоў. Двое зь іх нарадзіліся зусім нядаўна... Бліжэйшым часам зьявяцца шасьцёра. Сярод 1400 насельніц ПК шмат маладых жанчын, а таму цяжарнасьць — зьява нярэдкая. Ёсьць некаторыя асуджаныя, якія кожны новы раз трапляюць у калёнію выключна ў цяжарным стане.
За 53 гады існаваньня гэтага Дома дзіцяці празь яго прайшлі прыкладна дзьве тысячы дзетак. Далей многія зь іх апыналіся ў вольных дзіцячых дамах. Здараліся таксама выпадкі, калі колішнія дзеткі вярталіся ў «чацьвёрку» ізноў, але ўжо як дарослыя ЗК...
Ці варта дзяцей асуджаных мацярок ад самога пачатку жыцьця кідаць за краты? Як можа адбіцца знаходжаньне ў гэтай яшчэ неўсьвядомленай імі няволі на іх далейшым лёсе? На гэтую тэму разважаюць мінакі на гомельскіх вуліцах, былая асуджаная гомельскай «чацьвёркі», бізнэсоўка, якая ў свой час удзельнічала ў гуманітарнай падтрымцы калёніі і Дому дзіцяці, праваабаронца «Плятформы», аўтарытэтны дзіцячы псыхоляг з Чэхіі.
Навошта нараджаць дзяцей ў няволі?
...Жыхарка Гомеля 25-гадовая Марына, якая вызвалілася з калёніі летась пасьля паўтарагадовай адседкі за наркотыкі, адмоўна ставіцца да ўтрыманьня дзетак за кратамі. Яна добра памятае малых, якія ў два-тры гады пачыналі пераймаць матчыны звычкі і ў якасьці першых словаў вымаўляць «шмон», «мянты».
«Большасьць мам інакш як „мамкамі“ на зоне ня клічуць, — кажа дзяўчына. — Калі каго можна назваць „мамамі“, дык гэта пэрсанал Дому дзіцяці. Дай Бог, каб на працягу свайго далейшага жыцьця гэтыя дзеткі сустрэлі хаця б палову атрыманага тут цяпла. А біялягічныя маці... Яны нараджаюць дзетак, каб у далейшым „палегчыць сабе ўмовы ўтрыманьня“».
Марына расказвае пра выпадак, сьведкам якога была сама: вызваліўшыся з калёніі, мамка, аднак, пакінула немаўлятку на вакзале, у камэры захоўваньня.
«Найчасьцей дзяўчаты, ідучы на нейкія злачынствы, не здагадваюцца пра сваю цяжарнасьць, — працягвае Марына. — Пра тое, што ў іх будзе дзіця, яны даведваюцца толькі ў СІЗА. Як правіла, яны абсалютна ня радыя гэтаму. Нярэдка седзячы з таксыкозам у перапоўненых камэрах, адчуваючы пастаянны недакорм і недахоп сьвежага паветра, перажываючы розныя стрэсы, яны пачынаюць літаральна ненавідзець дзіця яшчэ да зьяўленьня яго на сьвет. Дарэчы, калі быць дакладным, нараджаюць так званыя „зэчкі“ ў вольнай радзільні, аднак увесь час побач з парадзіхай і яе немаўляткам знаходзіцца канвой».
Сярод турэмных маці ёсьць, аднак, і тыя, хто зацяжарвае сьвядома.
Паводле Марыны, зачацьце адбываецца ў турэмным гатэлі, калі на працяглае спатканьне ў калёнію прыяжджае муж асуджанай. Ёсьць сужэнцы, якія шчыра вераць: дзіця толькі сцэмэнтуе сям’ю, дапаможа ёй пераадолець усе цяжкасьці... Найчасьцей жа ўсё куды больш прагматычна. Пара спадзяецца, што празь цяжарнасьць і нараджэньне зьняволеная атрымае нямала прэфэрэнцыяў, уключна з датэрміновым вызваленьнем. Ёсьць пары, дзе рашэньне адносна дзіцяці прымае выключна жанчына. Яна спадзяецца, што такім чынам здолее прывязаць да сябе нявернага мужа. Аднак найчасьцей, праз год-два зьняволеньня жонкі, такія мужы падаюць на развод.
Як кажа Марына, маюць шанец зацяжарыць і самотныя «зэчкі» — ад выпадковых сувязяў за кратамі. Пра такія выпадкі ёй расказвалі на зоне. Напрыклад, да самотнай асуджанай на працяглае спатканьне прыяжджае маці. Да нейкай іншай зьняволенай — сын або муж. Кароткая сувязь адбываецца дзе-небудзь у прыбіральні ці душавой кабінцы. Нарадзіўшы дзіця, такія жанчыны на кожным кроку расказваюць пра сваю любоў, а потым ужо на волі адмаўляюцца ад яго, як ад непатрэбнай цацкі.
«Хіба на волі не зацяжарваюць у карысьлівых мэтах?»
Бізнэсоўка Тацяна, якая цягам пяці гадоў брала ўдзел у праекце «Жаночыя калёніі ў Беларусі», толькі часткова пагаджаецца са словамі былой асуджанай Марыны:
«Сапраўды, ёсьць і такая катэгорыя жанчын, ёсьць і такія выпадкі, — кажа яна. — А што на волі? Хіба некаторыя мамашы не нараджаюць, каб атрымаць сацыяльную дапамогу? А потым адмаўляюцца ад гэтых дзяцей, прадаюць іх. За алькаголь, наркотыкі. Хіба мы ня ведаем выпадкаў, калі яны зацяжарваюць толькі дзеля таго, каб утрымаць мужа? А потым муж кідае яе, а яна кідае дзіця. Бо непатрэбнае...»
У калёніі яны дрыжэлі над сваімі дзецьмі, а выходзілі — і спакойна прапівалі ўсе дзіцячыя рэчы
Тацяна ўзгадвае пару выпадкаў з жыцьця колішніх асуджаных маці:
«У калёніі яны дрыжэлі над сваімі дзецьмі, а выходзілі — і спакойна прапівалі ўсе дзіцячыя рэчы. Бо калі маці зь дзіцем вызваляюць з калёніі, то дзіця забясьпечваюць і вазком, і адзеньнем, і харчаваньнем на першыя тыдні. Бываюць такія маці, якія адразу прапіваюць гэта. Ёсьць такія выпадкі. Аднак у асноўным гэты дзіцячы дом стымулюе жанчыну. Каб стаць адказнай за яго лёс, вызваліцца, працягваць жыцьцё разам зь ім, бо іншага добрага, акрамя як гэтае малое, у яе няма».
Калі б не турэмны Дом дзіцяці, некаторыя немаўляткі не выжылі б...
Паводле праваабаронцаў «Плятформы», якія сёлета напрыканцы лістапада праводзілі маніторынг у гомельскай «чацьвёрцы», лёс малых склаўся бы куды горш, калі б яны ня трапілі ў турэмны Дом дзіцяці.
«Дарэчы, гэта адна зь нямногіх забудоваў на тэрыторыі зоны, дзе няма кратаў на вокнах, — удакладняе кіраўніца арганізацыі Алёна Красоўская-Касьпяровіч. — Ад самой зоны, дзе адбываюць пакараньні маці малых, дзіцячая ўстанова аддзеленая ўласным плотам ды брамкай».
«Калі мы прыехалі, дзеткі спалі на адкрытай тэрасе, добра ахінутыя ў пледы ды коўдры. Побач знаходзіліся мэдычная сястра, а таксама выхавацелька. Дзеткі сьпяць так да самых маразоў. Увогуле Дом дзіцяці падобны на стары дзіцячы садок. Вакол яго розныя пляцоўкі для гульняў. Калі выпадае сьнег, то супрацоўніцы катаюць дзетак на санках. Летам малых вывозяць у Гомельскі парк, вядуць у дзіцячую кавярню, дзе частуюць іх рознымі прысмакамі...
У Доме дзіцяці шмат цацак, асобная дзіцячая пральня. Усё адзеньне і бялізна чысьцюткія. У мяне склалася ўражаньне, што стаўленьне з боку пэрсаналу — а гэта пераважна жанчыны — вельмі трапяткое, я б сказала, матчына...
Некаторыя немаўляткі, напэўна б, ня выжылі, калі б ня мелі такога дагляду, як тут у калёніі, — працягвае праваабаронца. — Усе яны ад нараджэньня маюць самыя розныя мэдычныя праблемы, найперш — нэўралягічныя, бо мамы падчас цяжарнасьці не клапоцяцца аб іх здароўі. Усіх гэтых малых мэдыкі ды выхавацелі выходжваюць, падлечваюць, ставяць на ногі...
Мамы маюць магчымасьць прыходзіць да дзетак на некалькі гадзінаў у той час, калі яны не занятыя на працы. Маці, якія кормяць, маюць асобны графік. Тут ёсьць асобнае памяшканьне для кармленьня грудзямі. Паводле пэрсаналу, ім даводзіцца праводзіць сапраўдную агітацыйную працу сярод мацярок, каб тыя кармілі грудзямі. Аднак ня ўсе маці занепакоеныя здароўем сваіх немаўлятак, таму пераканаць гэтых маладых жанчын удаецца ня часта. Тут ёсьць праблемы».
Ёсьць маці, якія грэбуюць мяняць дзецям пампэрсы, падмываць іх. Таксама ёсьць такія, хто ад самага пачатку адмаўляецца наведваць малое.
Сюжэт тэлеканалу СТВ з жаночай калёніі
«Знаходжаньне мамы зь дзіцём — усё ж пазытыў».
Тое, што ў многіх «зэчак» адсутнічаюць матчыны пачуцьці, мае сваё тлумачэньне. Яны ж не праводзяць зь дзіцём бяссонныя ночы, ня кормяць яго, не купляюць яму цацкі. Усё гэта робяць нянечкі, выхавацелькі, мэдыкі. Наведваючы дзіця ўсяго па некалькі гадзінак на дзень, жанчыны проста не пасьпяваюць прывыкнуць да яго, палюбіць яго.
Красоўская-Касьпяровіч: «Найчасьцей, пасьля вызваленьня многія асуджаныя забываюцца пра сваіх дзетак. Як з жалем адзначыла начальніца гомельскай калёніі, ня ўсе хочуць памятаць, што ў іх ёсьць дзеткі. „Мамкі“ — ня мамы. Дзеці ім проста нецікавыя».
Яшчэ адзін момант, у выніку якога бурыцца сувязь «маці-дзіця», — гэта калі трохгадовае дзіця адлучаюць ад маці, а самой жанчыне яшчэ сядзець шмат гадоў. Нярэдка ў такой жанчыны няма ані мужа, ані сямейнікаў, і таму дзіця накіроўваюць у дзіцячы дом. З гэтай установы малое на спатканьне з мамай у калёнію ніхто ня возіць. Хоць, паводле закону, маленькія сын ці дачка маюць права на такія сустрэчы — як кароткія, так і працяглыя. Але ж дзіцячыя ўстановы з-за недахопу пэрсаналу такога ня робяць. Маючы пасьля вызваленьня вялікія праблемы з працаўладкаваньнем, усьведамляючы, што яны — людзі другога гатунку, жанчыны не знаходзяць у сабе мужнасьці, каб забраць сына ці дачку зь дзіцячага дому.
Красоўская-Касьпяровіч: «Большасьць дзяцей „зэчак“ у выніку застаюцца самотнымі і нікому не патрэбнымі. Тым ня менш, ёсьць нейкі адсотак, для якіх дзіця становіцца сапраўдным якарам, які не дае далей апусьціцца на дно. Такі адсотак жанчын пераконвае, што знаходжаньне мамы зь дзіцём — усё ж пазытыў».
Кіраўніца «Плятформы» перакананая, што тэрмін знаходжаньня дзіцяці разам з мамай за кратамі павінен быць падоўжаны недзе да шасьці гадоў, пакуль хлопчык ці дзяўчынка ня пойдуць у пачатковую школу, як гэта робіцца ў шэрагу заходнеэўрапейскіх краінаў, напрыклад, у Нямеччыне.
Чэхія: міністар за павелічэньне тэрміну, псыхолягі — супраць
Тым часам у шэрагу ўсходнеэўрапейскіх краінаў — сябраў ЭЗ, дзе паводле закону асуджаныя маці могуць знаходзіцца зь дзецьмі да спаўненьня ім трох гадоў, ініцыятывы адносна гэтага тэрміну шырока абмяркоўваюцца на ўзроўні самых розных адмыслоўцаў і маюць сваіх прыхільнікаў ды праціўнікаў. Напрыклад, у Чэхіі, дзе як і ў Беларусі, трохгадовае дзіця, якое разлучаюць з мамай, у залежнасьці ад сытуацыі могуць аддаць бацьку, бабулям-дзядулям, апекунам, а таксама накіраваць у дзіцячы дом. У гэтай краіне існуе толькі адна жаночая турма (у горадзе Сьветла-над-Сазавай). Зразумела, што ў вязьніцы ёсьць аддзяленьне для маці зь дзецьмі.
За апошнія 12 гадоў праз гэтую турму «прайшлі» 130 жанчын зь дзецьмі. Цікава тое, што большая іх частка потым назад не вярнуліся. Жанчыны ня сталі рэцыдывісткамі, перасталі ўчыняць злачынствы, вярнуліся да нармальнага жыцьця. Большая частка, але, вядома, не ўсе. Атрымліваецца, што калі дзіця побач, і жанчына-злачынца клапоціцца пра яго, дорыць яму сваю любоў і атрымлівае любоў у адказ — яна ўвесь час памятае пра тое, што засталося за сьценамі турмы, пра нармальнае жыцьцё. І хоча туды вярнуцца.
Ня так даўно міністар працы і сацыяльных пытаньняў Чэхіі Міхаэла Марксава выступіла з наступнай ініцыятывай: дзеці асуджаных жанчын, якія жывуць разам зь імі ў турмах, павінны заставацца з маці больш часу, чым прадугледжана цяперашнім заканадаўствам.
Вось што сказала міністар Марксава ў інтэрвію Чэскаму радыё:
«Я думаю, што дзіця павінна заставацца з мамай хоць бы на працягу ўсяго дашкольнага ўзросту. Потым яно ўжо пойдзе куды-небудзь у пачатковую школу, і будзе складана кожны дзень вяртацца са школы, так бы мовіць, „дадому“ — да мамы ў турму. Так што я лічу, што дзіця павінна быць з маці ў турме хаця б да шасьцігадовага ўзросту. Таксама я ўпэўненая, што неабходна стварыць розныя праграмы, якія б дазволілі маці і дзіцяці, якое ўжо зь ёй не жыве, мець зносіны і бачыцца як мага часьцей».
Я думаю, што дзіця павінна заставацца з мамай хоць бы на працягу ўсяго дашкольнага ўзросту
Вельмі многія людзі, у тым ліку і праваабаронцы, падтрымліваюць міністра. Аднак дзіцячыя псыхолягі пачалі цэлую кампанію, каб ня даць міністру ажыцьцявіць жаданае. Сярод апанэнтаў міністра Марксавай — адзін з самых аўтарытэтных у Чэхіі дзіцячых псыхолягаў Петэр Пэге. Чаму ён выступае супраць таго, каб пэрыяд, калі дзіця жыве разам з маці ў турме, павялічыўся хоць бы ў два разы — з трох да шасьці гадоў?
Пэге: «Я лічу, што тры гады — гэта самы разумны і аптымальны ўзрост. Потым ужо ўзьнікае эмацыйны кантакт дзіцяці з мамай. А яго ні ў якім разе нельга перапыняць, бо тады ўсё жыцьцё гэтага дзіцяці і яго адносіны з грамадзтвам могуць быць сапсаваныя. Да двух-трох гадоў асоба дзіцяці яшчэ не пачынае паўнавартасна разьвівацца. А вось потым адносіны з аднагодкамі, дарослымі, атмасфэра, у якой жыве дзіця, — усё гэта адыгрывае вялікую ролю. Таму я і не падтрымліваю прапанову міністра».
Нягледзячы на тое, што практыка, калі дзеці застаюцца з асуджанымі бацькамі да таго моманту, як пойдуць у школу, пасьпяхова ажыцьцяўляецца ў Нямеччыне, Петэр Пэге, настойліва раіць устрымацца ад яе ў Чэхіі:
«Адназначна можна сказаць, што самым важным для дзіцяці зьяўляюцца адносіны. Калі ёсьць „паўнавартасная“ мама — гэта адносіны з мамай. Але адносіны могуць быць і зь іншай важнай для дзіцяці асобай. Бацька, бабулі, сацыяльныя работнікі. Гэта ня так, што калі маму разлучаць з сынам ці дачкой, то ў жыцьці дзіцяці ўзьнікае поўная пустэча. Не. Да таго ж большасьць такіх дзяцей, акрамя адносінаў зь іншымі людзьмі, усё ж маюць кантакт з маці».
Дзіця — такі сабе напамін маме, што недзе існуе нармальнае жыцьцё. Але ж... На першым месцы павінна быць дзіця, а не яго злачынца-маці
Не пераконвае дзіцячага псыхоляга і той аргумэнт, што побач зь якімі знаходзяцца дзеці, пасьля вызваленьня ўжо вельмі рэдка вяртаюцца да злачынстваў:
«Вядома, гэты момант, гэтая прычына адыгрывае сваю ролю. Жанчыны, калі побач дзеці, не адчуваюць сябе цалкам выкінутымі з грамадзтва. Яны хочуць у яго вярнуцца. Дзіця — такі сабе напамін маме, што недзе існуе нармальнае жыцьцё. Але ж... На першым месцы павінна быць дзіця, а не яго злачынца-маці. Што будзе зь ёй на волі — адна справа. А вось другая — што першыя гады жыцьця дзіцяці ўплываюць на ўсю яго будучыню. І важнасьць таго, каб дзіця вырасла нармальным, — гэта павінна быць вышэй за ўсё астатняе...»
У сваю чаргу, і Петэр Пэге, і многія іншыя эўрапейскія псыхолягі усё больш схіляюцца да скандынаўскага досьведу з так званымі фостэрнымі сям’ямі ( ад ангельскага слова «foster» — апека).
Фостэрныя сем’і
Да ўдзелу ў праграме запрашаюцца валантэры ці сем’і валантэраў, якія хочуць узяць дзіця на нейкі час і аказваць яму часовую апеку. Да фостэрных сем’яў ці фостэрных маці галоўнае — не дапусьціць, каб дзіця не забылася пра сваю сапраўдную маму. Дзіцяці тлумачаць, што мама яго трапіла ў цяжкую сытуацыю, але яна вельмі любіць яго. Нярэдка дзіця называе часовую апякунку таксама «мамай», аднак пры гэтым ведае, што ў яго недзе ёсьць і другая маці. Здараецца, што ўмовы, у якія вяртаюцца дзеці пасьля вызваленьня іх маці з-за кратаў, куды больш кепскія, ды і маці, пра якую ім шмат расказвалі не настолькі іх любіць. У такім выпадку фостэрная сям’я дапамагае ім далей. Ва ўсялякім выпадку арганізатары праекту упэўненыя, што час, праведзены ў сям’і, якая па-добраму ставіцца да самотных дзяцей, куды лепшы чым ў дзіцячым доме.