Каб уступіў у сілу закон аб альтэрнатыўнай службе, які Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу прыняла ў другім чытаньні 13 траўня, засталося дачакацца зацьвярджэньня Савету Рэспублікі і подпісу Аляксандра Лукашэнкі. Якой колькасьці альтэрнатыўшчыкаў варта чакаць штогод гэтага закону?
Паводле зацьверджанага дэпутатамі законапраекту, падстава для замены тэрміновай вайсковай службы на альтэрнатыўную для прызыўніка будзе толькі адна — рэлігійныя перакананьні. Якія канфэсіі, што дзейнічаюць у Беларусі, забараняюць ці абмяжоўваюць службу ў войску? Ад якой колькасьці вернікаў можна адштурхоўвацца, каб «прыкінуць» магчымы памер «арміі альтэрнатыўшчыкаў»?
Міністар абароны Беларусі Андрэй Раўкоў ужо заявіў сябрам Палаты, што колькасьць альтэрнатыўшчыкаў «будзе мізэрная». Ці згодныя з гэтай ацэнкай прадстаўнікі канфэсіяў, дзе да службы ў войску ставяцца насьцярожана?
Найбольшыя ў Беларусі праваслаўная і каталіцкая канфэсіі не патрабуюць ад сваіх вернікаў адмовы ад вайсковай службы. Такога хутчэй варта чакаць ад шматлікіх пратэстанцкіх цэркваў, якія агулам ахопліваюць да 100 тысяч вернікаў. Зь іх толькі гэтак званыя «пяцідзясятнікі», да якіх адносяцца 40–50 тысяч беларускіх хрысьціянаў, ставяцца да вайсковай службы збольшага адмоўна. Менавіта адсюль адмыслоўцы чакаюць асноўны прыток «альтэрнатыўшчыкаў» — гэта ад некалькіх дзясяткаў да сотні маладых людзей прызыўнога ўзросту. Што да астатніх беларускіх пратэстантаў, тут дамінуюць такія настроі: хто як для сябе вырашыць, гэтак і будзе.
Прыкладам, царква «Новае жыцьцё» адносіцца да хрысьціян поўнага Эвангельля, у Беларусі яна мае 4 прыходы, якія аб’ядноўваюць 5–6 тысяч чалавек. Прадстаўнік менскага прыходу царквы «Новае жыцьцё» Сяргей Луканін гэтак вызначае магчымую колькасьць «альтэрнатыўшчыкаў»-адзінаверцаў:
«Ад нас, мяркую, такіх увогуле ня будзе. Пакуль, ва ўсякім разе, не было ахвотных. Па-першае, што да забароны браць у рукі зброю. Так, ёсьць пратэстанцкія цэрквы, дзе стаўленьне да прысягі і зброі вельмі жорсткае, там гэта не вітаецца. Ад такіх цэркваў, магчыма, і будуць гэтак званыя альтэрнатыўшчыкі. Але ў нас няма такой жорсткасьці, няма такога вучэньня, што нельга браць у рукі зброю. Наадварот, мы лічым, што калі вораг уварваўся на нашу тэрыторыю, дык ад яго трэба бараніцца з дапамогай зброі. Мы ў гэта верым і ведаем, што ў Бібліі ёсьць гэтаму пацьверджаньне. А другое, калі ёсьць выбар паміж трыма гадамі і паўтара, дык на тры ў нас ніхто не пагодзіцца».
Некалькі дзясяткаў «альтэрнатыўшчыкаў» штогод — сама больш гэтулькі «альтэрнатыўных» службоўцаў ад супольнасьці цэркваў эвангельскіх хрысьціян-баптыстаў чакае старшыня Саюзу гэтых цэркваў Віктар Круцько.
А моладзь жа глядзіць, як на тым жа Захадзе, дзе і баптысты шмат дзе ў войску служаць
«Мы гэтае пытаньне не „праціскаем“, нічога раіць моладзі ня будзем. А моладзь жа глядзіць, як на тым жа Захадзе, дзе і баптысты шмат дзе ў войску служаць. Вось вы амэрыканскае радыё, дык мусіце ведаць, што ў ЗША войска па кантракце і ў ім шмат служаць і баптыстаў. Там няма вайсковай павіннасьці, але ўсё роўна хтосьці служыць і з нашых адзінаверцаў. Таму, мяркую, некалькі дзясяткаў ад нас на альтэрнатыўную службу пойдуць, але сотні пэўна ня будзе. Тры гады таму быў такі малады чалавек, які не хацеў служыць у войску, у выніку яго забралі ў будаўнічы батальён, як рабілі і ў савецкія часы, ды гэтак вырашылі праблему. А цяпер такіх і ня ведаю».
Усяго ў Беларусі, паводле Віктара Круцько, баптысцкіх прыходаў разам зь незалежнымі ад Саюзу прыходамі — каля 350, яны аб’ядноўваюць да 15 тысяч чалавек. «У нас шмат моладзі, некалькі тысяч, будуць сотні прызыўнікоў», — пацьвердзіў старшыня Саюзу эвангельскіх хрысьціян-баптыстаў.
Паводле Віктара Круцько, іхняя арганізацыя накіроўвала ў Палату прадстаўнікоў свае прапановы па зьменах у закон аб альтэрнатыўнай службе. У тым ліку яны выказваліся за меншы тэрмін гэтай службы. Тое, што да іх не прыслухаліся, Віктар Круцько не камэнтуе.
Спадар Круцько сказаў, што яны гатовыя прадстаўляць пэўныя даведкі ў структуры, якія будуць займацца наборам на альтэрнатыўную службу, каб даказаць прыналежнасьць пэўных прызыўнікоў да іхніх цэркваў. Але якая ў рэчаіснасьці будзе працэдура такога пацьверджаньня, прадстаўнік беларускіх баптыстаў ня ведае.
Праваабаронца «Вясны» Валянцін Стэфановіч мяркуе, што прыняты законапраект аб альтэрнатыўнай службе спародзіць хвалю новых канфліктаў паміж законам і прадстаўнікамі тых цэркваў, якія афіцыйна не зарэгістраваныя ў Беларусі. У каго вернікам гэтых цэркваў браць даведкі і хто іх прызнае? Адказаў на гэтыя пытаньні праваабаронца ў законапраекце не знайшоў. Валянцін Стэфановіч мяркуе, што закон парушае правы і тых, хто не жадае служыць у войску зь іншых, ня толькі рэлігійных прычын.
Прыкладам, чалавек — пацыфіст. Але як гэта праверыць?
«Мы з такім вузкім тлумачэньнем „перакананьняў сумленьня“ толькі рэлігійнасьцю катэгарычна ня згодныя. Перакананьні сумленьня могуць быць значна шырэйшыя, пра гэта кажа і Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ў сваім 8-м артыкуле прадугледжвае, што альтэрнатыўная служба можа быць прадстаўленая і зь іншых „палітычных і маральна-этычных меркаваньняў“. Прыкладам, калі чалавек — пацыфіст. Але як гэта праверыць? Шмат у якіх краінах гэта і не правяраюць, гэта вызначаецца на заяўнай падставе».
На пачатку 2000-х гадоў адразу некалькі крымінальных спраў было заведзена на прызыўнікоў, якія ўхіляліся ад вайсковай службы, матывуючы гэта правам на альтэрнатыўную службу. Справа дайшла нават да некалькіх абвінаваўчых прысудаў, у тым ліку аднаго з ухілістаў асудзілі да арышту на некалькі месяцаў. «Пазьней гэтыя прысуды былі адмененыя судамі вышэйшай інстанцыі, а Лукашэнка загадаў міністру абароны Мальцаву, што трэба рыхтаваць такі закон аб альтэрнатыўнай службе. Вось нарэшце справа дайшла і да Палаты прадстаўнікоў», — згадаў праваабаронца Валянцін Стэфановіч.
Падчас другога чытаньня ў праект закону «Аб альтэрнатыўнай службе» былі ўнесеныя пэўныя праўкі. У прыватнасьці, для альтэрнатыўшчыкаў прадугледзелі захаваньне чаргі на кватэру, таксама ім гарантуецца аплата лячэньня ў выпадку хваробы. Грашовае ўтрыманьне для альтэрнатыўшчыкаў будзе большае, чым для ваеннаслужачых тэрміновай службы, бо наймаць жытло і харчавацца альтэрнатыўшчыкі будуць за свой кошт.