Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Альтэрнатыўная служба — гэта права, якое павінна быць у кожнага», — праваабаронца «Гей-Беларусь»


Палата прадстаўнікоў у першым чытаньні прыняла 10 лістапада закон «Аб альтэрнатыўнай службе ў Беларусі». І хоць магчымасьць замены вайсковай службы на альтэрнатыўную прапісаная ў 57-м артыкуле Канстытуцыі, для прыняцьця гэтага закону спатрэбілася больш за 20 гадоў. Як да новага закону ставяцца праваабаронцы, вайскоўцы, былыя палітпрызыўнікі.

Распрацоўкай праекту закону «Аб альтэрнатыўнай службе ў Беларусі» займалася адмыслова створаная пры Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны ўрадавая камісія. Прадстаўляючы закон, міністар працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна падкрэсьліла, што права на альтэрнатыўную службу распаўсюджваецца толькі на тых маладых людзей, якія маюць рэлігійныя перакананьні, прычым наяўнасьць такіх перакананьняў трэба будзе даводзіць прызыўной камісіі. А камісія будзе вырашаць, наколькі важкія аргумэнты прызыўніка.

Былы палітпрызыўнік Андрэй Цянюта назваў цяперашні законапраект недэмакратычным:

Андрусь Цянюта
Андрусь Цянюта

«Яны спэкулююць самім паняткам альтэрнатыўнай службы. Ідэя нармальная, але беларускія дэпутаты прынялі не такі закон, як у іншых краінах. Зрабілі на сваю карысьць. Але я гэтым ня зьдзіўлены. Ёсьць жа людзі, якія не з рэлігійных перакананьняў ня хочуць у войска, а, напрыклад, ня хочуць трымаць зброю ў руках, тыя ж пацыфісты. У кожнага свая прычына. Так што закон не дэмакратычны».

За прыняцьце закону аб альтэрнатыўнай службе актыўна выступалі так званыя пацыфісты, прадстаўнікі сэксуальных меншасьцяў. На думку праваабаронцы праекту «Гей-Беларусь» Натальлі Манькоўскай, іншыя перакананьні таксама павінны ўлічвацца. І ня трэба іх даводзіць перад адмысловай камісіяй, лічыць праваабаронца:

«Што тычыцца маёй спэцыфічнай прафэсійнай дзейнасьці, вядома,

Альтэрнатыўная служба — гэта права, якое павінна быць у кожнага

мы сутыкаемся з тымі сытуацыямі, калі, напрыклад, гомасэксуалы вымушаныя служыць у войску, бо ў іх няма шанцу служыць альтэрнатыўна, і гэта дрэнна адбіваецца на іхнім псыхалягічным стане. Таму што вельмі часта яны сутыкаюцца з цкаваньнем з боку іншых службоўцаў. На мой погляд, падставы, дзеля якіх чалавек можа прэтэндаваць на альтэрнатыўную службу, павінны быць максымальна шырокія. Альтэрнатыўная служба — гэта права, якое павінна быць у кожнага».

Каардынатар кампаніі «За альтэрнатыўную службу» Міхась Пашкевіч распавёў, што распрацоўшчыкі законапраекту, паводле іхніх уласных словаў, арыентаваліся на падобныя законы ў Нямеччыне і Расеі. Але нідзе няма такіх вялікіх тэрмінаў.

(У іншых краінах тэрміны вайсковай і альтэрнатыўнай службы аднолькавыя. У Расеі, дарэчы, — адзін год, а ў Беларусі тэрмін вайсковай службы — паўтара года, а альтэрнатыўшчыкам прапануецца служыць 3 гады.)

Па-другое, перакананьні могуць быць ня толькі рэлігійныя, але і любыя іншыя. Да таго ж ні ў Нямеччыне, ні ў Расеі ня трэба ніякую камісію пераконваць. А 48-гадзінны працоўны тыдзень — гэта парушэньне Працоўнага кодэксу. Што да фіксаванага заробку на ўзроўні 2 мільёнаў, Міхась Пашкевіч кажа:

Міхась Пашкевіч
Міхась Пашкевіч

«Мы яшчэ ўзімку, прааналізаваўшы сайт Міністэрства працы, падлічылі, колькі не хапае ў Менску санітараў, малодшага мэдычнага пэрсаналу, якому не патрэбная сярэдняя мэдычная адукацыя. Толькі ў Менску іх было некалькі соцень. Агулам па краіне мы налічылі больш за тысячу вакантных месцаў, дзе б маглі служыць альтэрнатыўшчыкі, дзе дзяржава ня можа знайсьці ахвотных працаваць за 3–3,5 мільёна. Яны хочуць знайсьці ахвотных на 3 гады за 2 мільёны. Я сумняюся, што ў іх гэта атрымаецца. Пакуль Тозік змагаецца з дармаедзтвам, Міністэрства працы, як мне падаецца, робіць усё, каб сапсаваць свайму непасрэднаму начальніку яго кадравую палітыку. Альтэрнатыўшчыкі маглі б закрыць гэтыя працоўныя «дзіркі».

Начальнік вайсковага інфармацыйнага агенцтва «Ваяр» палкоўнік Андрэй Шубадзёраў, артыкул якога «Ну што, сынок, у армію хочаш?» на партале onliner.by набраў амаль 63 тысячы праглядаў, камэнтаваць законапраект аб альтэрнатыўнай службе адмовіўся. Маўляў, альтэрнатыўная служба ніякага дачыненьня ня мае да вайсковай. На пытаньне, ці патрэбная яна наагул, адказаў так:

«Патрэбная, не патрэбная — гэта прапісана ў Канстытуцыі. Гэта

Альтэрнатыўная служба да нас ніякага дачыненьня ня мае, таму што яна альтэрнатыўная вайсковай

апрыёры: прапісана — значыць, павінна выконвацца. Якія могуць быць пытаньні да мяне як да чалавека, які мае дачыненьне да Ўзброеных Сілаў? Альтэрнатыўная служба да нас ніякага дачыненьня ня мае, таму што яна альтэрнатыўная вайсковай. Мне, наадварот, было б важней, каб яны прыйшлі ў войска і адслужылі».

З гісторыі пытаньня

Першыя захады, каб стварыць законапраект аб альтэрнатыўнай службе, рабілі яшчэ дэпутаты Вярхоўнага Савету 12 скліканьня — тагачасны старшыня камісіі па моладзевай палітыцы Валер Курдзюкоў і яго намесьнік Анатоль Лябедзька на пачатку 1990-х.

У 2004 годзе ў Палату прадстаўнікоў уносілі законапраект «Аб альтэрнатыўнай службе». Аднак законапраект адхілілі: генэралы пабойваліся, што параўнальна спрыяльныя ўмовы, створаныя для альтэрнатыўнай службы, дапамогуць так званым «ухілістам» знайсьці магчымасьць «адкасіць» па рэлігійных матывах ці празь іншыя перакананьні.

На пачатку 2010 году Аляксандар Лукашэнка даручыў дэпутатам зноў заняцца законапраектам аб альтэрнатыўнай службе. Для яго распрацоўкі пры Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны была створана ўрадавая камісія.

У канцы 2013 году праект закону ўносіўся на разгляд у парлямэнт, але быў накіраваны на дапрацоўку. І вось нарэшце 10 лістапада ён быў прыняты ў першым чытаньні Палатай прадстаўнікоў.

Як у іншых краінах?

Адной зь першых закон аб грамадзянскай службе ўвяла Нямеччына — яшчэ ў 1960 годзе. Асаблівасьць нямецкага закону — службу, альтэрнатыўную вайсковай, можна праходзіць нават за мяжой.

У Расеі фэдэральны закон «Аб альтэрнатыўнай грамадзянскай службе» ўступіў у сілу ў 2004 годзе, і з таго часу зазнаў мноства зьменаў. У прыватнасьці, некалькі разоў мяняліся тэрміны праходжаньня альтэрнатыўнай службы, цяпер гэта 21 месяц (усяго на 3 месяцы даўжэй, чым тэрміновая служба ў Беларусі). Права на альтэрнатыўную службу маюць расейцы, для якіх праходжаньне вайсковай службы супярэчыць іхнім перакананьням або веравызнаньню. То бок «альтэрнатыўшчыкам» можа стаць абсалютна кожны. Для гэтага неабходна проста падаць заяву ў вызначаны тэрмін. Месца праходжаньня альтэрнатыўнай службы вызначае Фэдэральная служба працы і занятасьці, прычым служыць далёка ад дома зусім не абавязкова.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG