Упраўленьне ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкаму адрэагавала на публікацыі ў незалежных СМІ пра сьмерць актывіста грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Томаса Якавіцкага.
На сайце ўпраўленьня гаворыцца:
«Яшчэ да высьвятленьня сапраўдных прычын здарэньня дэструктыўна настроеныя асобы беспадстаўна надаюць здарэньню палітычную афарбоўку. Разам з тым дадзеная інфармацыя не адпавядае рэчаіснасьці».
Як сьцьвярджаецца, выяўлены труп мужчыны 1966 году нараджэньня быў знойдзены ва ўласным доме без прыкметаў гвалтоўнай сьмерці.
«Праведзены агляд месца здарэньня, апытаныя мясцовыя жыхары, вынятыя некаторыя сьляды. Паводле папярэдняй інфармацыі, загінулы нідзе не працаваў, быў схільны да злоўжываньня сьпіртовымі напоямі.
Дзеля высьвятленьня абставінаў здарэньня ў адміністратыўным парадку быў затрыманы знаёмец нябожчыка, які знаходзіўся на месцы здарэньня ў стане алькагольнага апʼяненьня», — напісана на сайце Ўпраўленьня ўнутраных спраў.
Магілёўскі міжраённы аддзел Сьледчага камітэту Беларусі праводзіць праверку, якая «і высьветліць акалічнасьці і прычыны сьмерці 49-гадовага магілёўца».
«Пра канчатковыя вынікі праверкі будзе паведамлена дадаткова», — сказана ў камэнтары Ўпраўленьня.
Томаса Якавіцкага пахавалі 25 верасьня ў Магілёве. Да свайго пяцідзесяцігодзьдзя ён не дажыў месяц.
Томас быў адным з арганізатараў салютаў дзеля падтрымкі нявольнікаў магілёўскай калёніі Андрэя Саньнікава ды Зьмітра Бандарэнкі. Быў удзельнікам акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці 19 верасьня 2010 году.