Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заробак — 60 рублёў, доўг — мільён даляраў: як заняпала Ружанская мэблевая фабрыка


Ружанская мэблевая фабрыкаa
Ружанская мэблевая фабрыкаa

Яшчэ дзесяць год таму Ружанская мэблевая фабрыка лічылася адной з лепшых ў канцэрне «Белляспаперпрам», атрымлівала ўзнагароды, да 80% сваёй мэблі адгружала на экспарт у Казахстан, Кіргізстан, Таджыкістан і Расею. А цяпер апынулася ў глыбокім заняпадзе: страціла многія замежныя рынкі, пачала працаваць на склад, завінавацілася «Івацэвічдрэву» больш за мільён даляраў і цяпер яе спрабуюць прадаць.

«Як дажыць да верасьня?»

Работніцы фабрыкі, зь якімі сустрэўся карэспандэнт Свабоды, ахвотна скардзяцца журналісту на вымушаны адпачынак, але просяць не запісваць на камэру, маўляў, «каб не было праблемаў, калі нас выкупіць прыватнік».

«Зь першага траўня мы прастойваем. Кантора працуе, а мы сядзім дома. Дзесьці 110 чалавек працуе на фабрыцы, працэнтаў 30 — канторскія», — кажа спадарыня.

«Дык яшчэ гэтыя месяцы нам па 150 рублёў плацілі, але цяпер увогуле ў чэрвені па 60 рублёў будуць даваць. Быў кірмаш вакансіяў 31 траўня, праводзіў райвыканкам, то прапанавалі на фэрму аднаму чалавеку, на другую фэрму, у санаторый, а астатнім усім трэба месцаў чакаць. У верасьні, кастрычніку ў пэнсіянэраў кантракты пасканчаюцца, дык нас пабяруць на працу. А за што нам дажыць да верасьня?» — дадае яшчэ адна працаўніца фабрыкі.

400 мільёнаў на замежныя выправы дырэктару

Праз дрэнны дах на складзе гатовай прадукцыі стаялі лужыны. Фота былога загадчыка складу Ўладзімера Кушнарова
Праз дрэнны дах на складзе гатовай прадукцыі стаялі лужыны. Фота былога загадчыка складу Ўладзімера Кушнарова

Заняпад фабрыкі цягнуўся некалькі гадоў. Яшчэ ў 2011 годзе канстатавалася, што з прычыны страты рынкаў збыту за мяжой аб’ём вытворчасьці стаў падаць, прадпрыемства несла страты і шмат прадукцыі трапляла на склады.

У лютым 2016 году на прадпрыемстве праводзіўся сход з удзелам чыноўнікаў райвыканкаму і тагачаснага генэральнага дырэктару «Івацэвічдрэву» Ўладзімера Шульгі. Апошні выказаў незадаволенасьць працай фабрыкі, у прыватнасьці тым, што «на пяць рабочых — адзін начальнік», а таксама заявіў аб намеры падпісаць заяву аб звальненьні дырэктара Валерыя Сідоранкі.

Тым ня менш сытуацыя на прадпрыемстве ня выправілася, а доўг павялічваўся — да цяперашніх 1,3 млн даляраў.

У чэрвені 2016 году Камітэт дзяржкантролю апублікава справаздачу па выніках праверкі фабрыкі. Канстатавалася, што прадпрыемства працуе ў мінус, а складзкія запасы дасягалі 10-месячнага аб’ёму вытворчасьці.

На зварот да начальства аб неабходнасьці рамонту даху, які працякае, былому загадчыку складу параілі накрыць прадукцыю плёнкай
На зварот да начальства аб неабходнасьці рамонту даху, які працякае, былому загадчыку складу параілі накрыць прадукцыю плёнкай

Дзяржкантроль выявіў шмат парушэньняў, сярод якіх тое, што «дырэктар фабрыкі (ранейшы. — РС) і яго намесьнік зь дзіўнай рэгулярнасьцю езьдзяць у замежныя камандзіроўкі на перамовы і выставы, на якія затрачана без малога 400 млн руб. (недэнамінаванымі, — РС)».

Загадчыка складу зьвінавацілі ў прапажы прадукцыі на 30 тысяч рублёў

У часе праведзенай інвэнтарызацыі на складах фабрыкі не далічыліся прадукцыі больш як на 60 тысяч рублёў (600 мільёнаў недэнамінаванымі), расказалі ў адміністрацыі. Прадпрыемства выставіла пазоў былому загадчыку складу Ўладзімеру Кушнарову і ягонай жонцы Натальлі, якая была другой кладаўшчыцай.

У выніку судовага разбору Кушнаровым прысудзілі разам 30 тысяч рублёў на карысьць іх былога прадпрыемства.

У гутарцы з журналістам Свабоды Ўладзімер Кушнароў заявіў, што ён не вінаваты ў прапажы прадукцыі.

«У сьнежні 2013 году я быў пераведзены на пасаду загадчыка складу Ружанскай мэблевай фабрыкі. Пазьней была прынятая на працу мая жонка ў якасьці кладаўшчыцы. Гадавая інвэнтарызацыя за 2013 год не паказала ніякай нястачы на складзе, як і інвэнтарызацыя 2014 году. Нястачу выявілі за 2014 год. Было выстаўленае абвінавачваньне, і суд прысудзіў мне 270 мільёнаў і жонцы 30 мільёнаў на карысьць фабрыкі», — падзяліўся Ўладзімер.

Уладзімер Кушнароў
Уладзімер Кушнароў

Былы загадчык складу кажа, што ён фізычна ня мог вынесьці прадукцыі на такую суму, і мяркуе, што яго «падставілі», а папярэднія інвэнтарызацыі праводзіліся не як мае быць.

Спадар Кушнароў гаворыць, што ў 2013 годзе яго ўгаворвалі перавесьціся на працу загадчыкам складу, хоць ён і ня меў вопыту такой працы («абяцалі дапамагаць, абы ўзяўся за працу»).

Ня вераць у віну Кушнарова і многія іншыя рабочыя прадпрыемства:

«А што Ўладзімер? Вось паляць да чэрвеня кацельню гэтымі спальнямі, дый усё. Яны ўжо згарэлі, вы ўжо там нічога ня знойдзеце», — кажа спадарыня пра тое, што, маўляў, на прадпрыемстве палілі прадукцыю.

Дырэктар прадпрыемства Васіль Борыс на просьбу пракамэнтаваць інфармацыю пра гэтыя спальваньні назваў яе хлусьнёй.

Таксама адміністрацыя прадпрыемства сьцьвярджае, што загадчык складу як матэрыяльна адказная асоба павінен несьці адказнасьць за нястачу. Фабрыку ў судах супраць Уладзімера Кушнарова прадстаўляў начальнік аддзелу кадраў Віктар Турыч. Спадар перакананы ў безумоўнай віне былога загадчыка складу:

«Я цалкам давяраю суду. Суд разгледзеў матэрыялы нашага пазову, правёў судовыя разборы і прызнаў нашы патрабаваньні правільнымі, законнымі. А вось пытаньне да Кушнарова, куды падзелася маёмасьць прадпрыемства на такую суму, павінны былі задаць праваахоўныя органы. Яны дзьве праверкі праводзілі, але чамусьці ў завядзеньні справы адмаўлялі».

На тэрыторыі Ружанскай мэблевай фабрыкі
На тэрыторыі Ружанскай мэблевай фабрыкі

Ўладзімер Кушнароў жа кажа, што ён у адчаі, бо цяпер і бяз працы, і зь вялікім доўгам:

«Скуль мне ўзяць тыя 30 тысяч? У мяне ні машыны нават, нічога няма. Сяджу вось і чакаю, як прыйдуць судовыя выканаўцы апісваць маёмасьць».

«Івацэвічдрэў» збывае ружанскую фабрыку прыватніку

Ружанская мэблевая фабрыка не адзінае прадпрыемства флягмана дрэваапрацоўкі «Івацэвічдрэў», якое збанкрутавала. У 2014 годзе была ліквідаваная Берасьцейская мэблевая фабрыка.

Нягледзячы на праведзеную мадэрнізацыю, як паведамляла Свабода, гэты гігант дрэваапрацоўкі мае істотныя праблемы. Праблемы ж даччынай Ружанскай фабрыкі заставаліся на другім пляне. Летась у сваёй справаздачы Дзяржкантроль зьвяртаў увагу, што «мерапрыемствы ў зьніжэньні сабекошту існуюць толькі на паперы: ні кіраўніцтва прадпрыемства (Ружанскай мэблевай фабрыкі. — РС), ні ААТ „Івацэвічдрэў“, ні канцэрн („Белляспаперпрам“. — РС) фактычная іх рэалізацыя, як і дасягненьне пэўнай рэальнай эканоміі, не цікавіць».

Цяперашні дырэктар Ружанскай мэблевай фабрыкі Васіль Борыс працуе толькі год. Ён ня ўтойвае перад журналістамі гаротнага стану прадпрыемства:

«У прадпрыемства сытуацыя ня вельмі. Таму што больш за 25 мільярдаў (недэнамінаванымі, новымі — 250 тысяч руб. — РС) у нас запазычанасьць. Асноўная запазычанасьць перад „Івацэвічдрэў“ і дзесьці 1,5-2 мільярды — астатнім».

Дырэктар кажа, што цяпер спадзяваньні толькі на прыватніка са Слоніму, які зьбіраецца выкупляць фабрыку:

«Калі прыйдзе прыватнік, людзі застануцца. Ён даў абяцаньне канцэрну, даў абяцаньне райвыканкаму, што створыць тут асобную юрыдычную асобу, якая будзе выпускаць мэблю. Мэбля зьменіцца пад яго продажы. Гэта юрыдычна практычна зьдзейсьнена, бо ўнесены 10-працэнтны ўнёсак на набыцьцё гэтага прадпрыемства».

Ружанская мэблевая фабрыка чакае, што прыватнік разьвяжа яе праблемы
Ружанская мэблевая фабрыка чакае, што прыватнік разьвяжа яе праблемы

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG