Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларуская эканамічная мадэль спараджае карупцыю


Якія асаблівасьці беларускай карупцыі высьвеціў арышт старшыні Салігорскага райвыканкаму? Чаму кіраўнік раёну займаецца камэрцыйнымі пытаньнямі суб’ектаў гаспадараньня? Ці эфэктыўны працэс змаганьня з карупцыяй у Беларусі? Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Віталь Цыганкоў, Валер Карбалевіч.

Карбалевіч: Сьледчы камітэт паведаміў, што старшыня Салігорскага райвыканкаму Аляксандар Рымашэўскі затрыманы 30 траўня ў момант атрыманьня хабару. Значнасьць гэтай падзеі надае той факт, што Салігорскі раён — самы багаты ў Беларусі. Бо там Беларуськалій. І Рымашэўскі працуе там даўно, з 2006 году. Так доўга ўзначальваць раён у Беларусі не практыкуецца. Звычайна Лукашэнка любіць тасаваць кадры. І той факт, што Рымашэўскі так доўга ўзначальвае раён, сьведчыць пра давер да яго з боку кіраўніка дзяржавы.

Вельмі паказальныя падрабязнасьці атрыманьня хабару. «Як паведамілі ва Ўправе па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС, Рымашэўскі А. Б. сыстэматычна атрымліваў хабар ад прадстаўнікоў камэрцыйных структур за вырашэньне пытаньняў аб першачарговым пагашэньні запазычанасьці мясцовых аграрных прадпрыемстваў за пастаўленую прадукцыю», — напісана на сайце МУС.

То бок беларуская эканамічная злачыннасьць мае свае асаблівасьці, якіх няма ў іншых краінах. Яны вынікаюць з асаблівасьцяў беларускай сацыяльнай мадэлі. Эканамічная дзейнасьць адбываецца не як нармальная камэрцыя паміж суб’ектамі гаспадараньня. Каму, што і за якую цану пастаўляць, вырашае старшыня райвыканкаму.

Другі момант. Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы ў крызісе, яны ня могуць расплаціцца за пастаўленую прадукцыю, у іх даўгі. І каму ў першую чаргу вяртаць даўгі, вырашае старшыня райвыканкаму за хабар. Гэта такая вычварэнская эканамічная мадэль, дзе галоўны суб’ект — чыноўнік. Зразумела, гэта спараджае карупцыю.

Калі перайсьці на рынкавую сыстэму, то шмат якія тыпы эканамічных злачынстваў проста зьнікнуць. І ня трэба будзе такіх вялізных кантрольных органаў, як цяпер.

Цыганкоў: Карупцыя існуе ва ўсім сьвеце, але, бадай, толькі ў Беларусі кіраўнікоў рэгіёну арыштоўваюць за падобнае злачынства — пагашэньне запазычанасьці за адпраўленую прадукцыю. У Беларусі эканамічная сыстэма і законы спрыяюць таму, што, паводле некаторых зьвестак, каля 30% людзей за кратамі сядзяць за эканамічныя злачынствы. Неаднаразова экспэрты ў гэтай сфэры адзначалі, што ў іншых краінах значная частка гэтых людзей знаходзілася б на волі, больш за тое, яны лічыліся б даволі пасьпяховымі прадпрымальнікамі, бо шмат якія эканамічныя злачынствы ў Беларусі якраз ня лічацца злачынствамі ў іншых краінах. У Беларусі сытуацыя падобная да савецкіх часоў, калі змагаліся са спэкулянтамі, зь перакупшчыкамі — з тым, што ў краінах з рынкавай эканомікай лічыцца звычайным бізнэсам. У СССР за гэта саджалі, і ў пэўнай ступені так і ў Беларусі.

Усё гэта адбываецца, нягледзячы на заявы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што ў Беларусі карупцыі амаль няма, бо кіраўнік дзяржавы за ўсім сочыць і ня можа быць буйных карупцыйных схемаў. Рэчаіснасьць жа абвяргае гэтыя словы, бо не праходзіць і тыдня, каб мы ня сустракаліся зь нейкай гучнай справай, калі чыноўніка — бывае, нават высокага рангу — затрымліваюць за карупцыйныя дзеяньні.

У 2016 годзе Беларусь трохі паднялася ў рэйтынгу ўспрыняцьця карупцыі паводле вядомай міжнароднай арганізацыі Transparency International. Але па-ранейшаму займае месца ў хвасьце. У 2016 годзе яна набрала 40 балаў і займае 79-е месца, а па выніках 2015 году месца было 107-е. Такім чынам — нягледзячы на нейкую барацьбу з карупцыяй, якую можна зьвязаць з пэўнай лібэралізацыяй у эканоміцы, — паводле ўзроўню ўспрыняцьця карупцыі Беларусь па-ранейшаму далёка ў хвасьце ў параўнаньні з разьвітымі краінамі.

Глод: Арышт старшыні Салігорскага райвыканкаму падаецца як сьведчаньне барацьбы з карупцыяй, якая ў Беларусі ідзе з таго самага моманту, калі да ўлады прыйшоў Аляксандар Лукашэнка. На гэтай хвалі ён стаў прэзыдэнтам. Імідж нястомнага барацьбіта з карупцыяй і сам Лукашэнка, і дзяржаўныя мэдыі падтрымліваюць да сёньняшняга дня.

Аднак апошнім часам усё больш беларусаў задаюцца пытаньнем: а чаму карупцыйныя злачынствы ў краіне не спыняюцца? Наадварот, здаецца, з году ў год іх колькасьць не зьмяншаецца, а павялічваецца. Чаму? Людзі цікавяцца: за якія грошы будуюць сабе палацы так званыя «драздуны», то бок жыхары Драздоў? Бо калі падлічыць іхныя выдаткі, то ім трэба ня есьці і ня піць, а толькі 200 гадоў працаваць безь перапынку. І калі Лукашэнка кажа, што ён не дазволіў разбазарыць дзяржаўную маёмасьць, то што, Дразды — гэта толькі выключэньне?

Адмоўна ставяцца людзі і да таго, што Лукашэнка дае амністыю хабарнікам вышэйшага роўню. Тых зловяць за руку, як, напрыклад, былую кіраўніцу спраў прэзыдэнта спадарыню Жураўкову, а яны адкупляюцца ад турмы. Нібыта вяртаюць скрадзенае, і даволі вялікія сумы. Але адкуль узяліся такія грошы, што можна адкупіцца і захаваць сабе на далейшае жыцьцё? Гэтае пытаньне таксама хвалюе.

Таму так часта і ў сацыяльных сетках, і ў размовах звычайных людзей чуваць, што пакараньне за карупцыю трэба павялічваць. Некаторыя кажуць, што надышоў час нават увесьці сьмяротнае пакараньне за такі від злачынстваў. Аднак досьвед Кітаю паказвае, што і гэта ня вельмі дапамагае.

Аднак амаль кожны тыдзень да насельніцтва даносяць інфармацыю пра затрыманьне чарговых карупцыянэраў. Яшчэ ў часы Рымскай імпэрыі казалі, што людзям трэба даць хлеб і відовішчы. І, калі, вобразна кажучы, з хлебам цяпер цяжкавата, то народу даюць відовішчы, каб паказаць, што сіла ў дзяржавы ёсьць. І заўсёды можна затым сказаць, што ў цяжкім эканамічным становішчы вінаватыя ў першую чаргу такія вось карупцыянэры. Гэта яны перашкаджаюць уладам. Таму я ня бачу ў арышце чарговага чыноўніка сапраўднай барацьбы з карупцыяй.

А вось рэальна перамагчы карупцыю ў Беларусі, на мой погляд, цяпер немагчыма. Немагчыма таму, што сыстэма кіраваньня ў краіне якраз і палягае ў рэчышчы карупцыі. Таму што празь яе лёгка кіраваць чыноўнікамі. І лёгка заваёўваць іх ляяльнасьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG