Юры і Вольга Бакуменкі з Ружанаў, што на Берасьцейшчыне, выхоўваюць 23 дзяцей. Яны — бацькі дзіцячага дому сямейнага тыпу. Каб уратаваць нацыю, трэба ўсім браць дзяцей з прытулкаў, перакананыя Бакуменкі.
Юры і Вольга пераехалі ў Беларусь у канцы 80-х гадоў з Украіны. Юры быў армейскім афіцэрам, прайшоў вайну ў Аўганістане. У Беларусь яго накіравалі ў вайсковую частку ў Пружанскім раёне. Пасьля войска Юры працаваў юрыстам у райвыканкаме, а Вольга была намесьніцай дырэктара прадпрыемства з галіны паслугаў.
У Юрыя і Вольгі двое сваіх дзяцей — старэйшая дачка ўжо стварыла сваю сям’ю і жыве асобна, а сын — вучань старэйшай клясы.
Апроч сваіх, Юры і Вольга выхоўваюць шмат прыёмных дзяцей. Разам з тымі, што ўжо павыросталі і паразьяжджаліся на вучобу, у гэтай вялікай сям’і 23 прыёмных дзяцей. Меншаму толькі 3 гады, а старэйшаму — 25.
Вольга правяла журналістаў па ўтульным доме. Кажа, што сям’і шмат хто дапамагае, нават замежнікі — купілі дзецям трэнажор, пральную машыну на 15 кіляграмаў загрузкі, а на кухню — вялікую маразільную камэру.
«Гэтак нас браты блаславілі», — так кажуць Бакуменкі пра дапамогу ад розных сяброў і арганізацыяў.
Сям’і Бакуменкаў дапамагаў нават вядомы бізнэсовец Юры Чыж, які «блаславіў» іх будаўнічымі матэрыяламі.
«Шмат дапамагаюць веруючыя — з Высокага, Альшанаў, Давыд-Гарадка, Менску... У Бібліі сказана, што той, хто апякуецца сіротамі і хворымі — пазыку Богу дае», — кажа Вольга Бакуменка.
Дзякуючы дапамозе Юры і Вольга ўжо нават набылі ў Ружанах два дамы — для дзяцей, якія падрастаюць.
Юры Бакуменка — пастар ружанскай пратэстанцкай царквы. Кажа, што прыёмныя дзеткі абавязкова ў нядзелю наведваюць царкву разам з усёй сям’ёй. Пры гэтым за дзецьмі застаецца права выбару — хто хоча, можа хадзіць у праваслаўны або ў каталіцкі храм.
«Я ніколі ня думала, што будзе ў нас шмат дзяцей»
Вольга Бакуменка кажа, што ў Ружаны яны пераехалі, калі мужа накіравалі сюды пастарам:
«У Ружаны мы пераехалі ў 2004 годзе. Купілі невялікі домік, муж тады меўся пераехаць сюды пастарам царквы. Насупраць палаца Сапегаў выкупілі дом і хочам адчыніць там дзіцячую кавярню, каб там не было алькаголю, каб былі прыгожыя дзіцячыя песьні, цацкі, мыльныя бурбалкі і рыбкі плавалі. У нас гаспадарка вялікая — куры, індыкі, трусы, віетнамскія сьвіньні. Дзьве каровы былі, цяпер адна цялушка».
Спадарыня Вольга кажа, што ідэя браць дзяцей з прытулку прыйшла да іх зусім выпадкова:
«Я ніколі ня думала, што буду гэтым займацца, што будзе ў нас шмат дзяцей. Працавала ў гандлі, у бізнэсе. Калі б не сышла зь бізнэсу, то, можа, ён бы цяпер і вялікі быў, але Бог мяне павёў іншай дарогай. Аднойчы мы паглядзелі перадачу пра прытулак Берасьцейскага сацыяльна-пэдагагічнага цэнтру. З намі сядзела мая мама. Яна нам і кажа, што мы, маўляў, досыць забясьпечаныя людзі, чаго б ня ўзяць хоць адно дзіця і зрабіць шчасьлівым. Мы з мужам падумалі — сапраўды...»
Юры дадае, што ён хацеў мець шмат дзяцей, але служба ў войску зь пераездамі не давала такой магчымасьці:
«Я думаў, каб было болей дзяцей. Але служба ў войску перакрэсьліла мне гэтую мару. Калі ўжо Вольга з такімі бліскучымі вачыма прапанавала ўзяць дзяўчынку, мне гэта спадабалася. Мне падабаецца, калі шмат дзяцей. Канечне, я ня думаў, што іх будзе так шмат...
Калі мы першы раз паехалі ў прытулак па адно дзіця, нам прапанавалі дваіх, і старэйшых, чым мы меркавалі. І калі іх ужо аформілі і забіралі, я і трэцяе прыгледзеў. То бок ужо была нейкая ўнутраная гатоўнасьць. Напэўна, гэта была проста рука Бога, што ён так зрабіў.
Калі трапляеш у прытулак, у дзіцячы дом, ты заходзіш адным чалавекам, а выходзіш іншым. Там, здаецца, усё добра, сьцены, цёпла, цацкі, рыбкі, чарапашкі... Але сям’і гэта не заменіць.
І мы бралі дзяцей, пакуль нам не сказалі, што нам ужо нельга. Бо мы разумелі, што дзіцяці лепей будзе ў нас, яны зрабіліся хатнімі», — кажа Юры.
Бог і праца — аснова выхаваньня
Юры кажа, што ў цэнтры іхняга выхаваньня — вера ў Бога:
«Наша сыстэма выхаваньня дзяцей ня новая — яна старая, проста ўжо забытая. На першым месцы павінен быць Бог. Мы дзяцей сваіх не муштруем, мы закладаем ім інфармацыю пра Бога. Што адказваць яны будуць не перад дзяржавай, не перад бацькамі, а перад Богам. А далей, калі яны вырастаюць, яны самі выбіраюць, у якую царкву ці малітоўны дом ісьці.
На другім месцы ў нас праца. Падчас працы чалавек разумее цану хлеба. Тыя людзі, якія працуюць, яны ня будуць піць. Ім проста няма калі, у іх іншыя каштоўнасьці. Для нашых дзяцей праца — гэта вучоба».
Дапамагаюць дзеці і на вялікай гаспадарцы. Спадарыня Вольга кажа, што працаваць даводзіцца шмат, каб пракарміць вялікую сям’ю. Гаспадыня кажа, што ў вялікія выходныя, калі зьяжджаюцца студэнты, на некалькі дзён хапае меха мукі, а на суткі не хапае і 30 літраў баршчу.
«Мы ўсіх дзяцей прывучаем працаваць. Мы разам у гародзе, на гаспадарцы. Але я ведаю, што калі здарыцца нейкая крызісная сытуацыя, то яны ня пойдуць у дэпрэсію, а будуць працаваць», — кажа Вольга Бакуменка.
«Калі б мы ня сталі веруючымі, напэўна, я б ніколі не зьвярнула ўвагі на пакуты дзяцей»
Вольга Бакуменка з Адэсы, з праваслаўнай сям’і. Яе продкі нават за свае грошы збудавалі некалі царкву. Веры не пакідала Вольга і ў атэістычныя камуністычныя часы:
«Калі майго мужа накіроўвалі служыць у Аўганістан, я яму ўсюды ў вопратку ўшывала малітвы. І Госпад вярнуў яго жывым, нават без раненьня», — кажа Вольга.
Ужо пасьля распаду СССР, у 90-х, кажа Вольга Бакуменка, іх сям’я стала пратэстанцкай — дзякуючы знаёмаму, які запрасіў іх на службу:
«Юрыю проста было няёмка адмовіць, сябар жа запрасіў. І мне там спадабалася. Раней я лічыла сябе вельмі станоўчым чалавекам, але мяне апусьціў Бог на калені і найперш паказаў, што вельмі ганарлівая і гэтага не заўважала... Калі б мы ня сталі веруючымі, калі б ня вера ў Бога, напэўна, я б ніколі не зьвярнула ўвагі на пакуты дзяцей».
Юры кажа, што за савецкім часам быў у камуністычнай партыі, а вера яго не цікавіла:
«Гэта цяпер я веруючы, а раней жа быў камуністам. Хоць бацька мой нават камсамольцам ня быў. Ён быў падобны да „кулака“, працаўнік, усё сваімі рукамі рабіў, вялікі дом пабудаваў. І калі я прыехаў аднойчы з гонарам паведаміць яму, што мяне прымаюць у камуністычную партыю, то мы з бацькам нават пасварыліся моцна. Цяпер я зразумеў гэта, бо ў той момант ён бачыў усю гэтую сыстэму.
У мяне ж расчараваньне прыйшло пасьля Аўганістану, а асабліва — калі ў 1991 годзе быў путч, а нам паступіў загад грузіцца і ехаць у Маскву. Але тады мой камандзір зьвяна сабраў нас ды пытае: маўляў, мужыкі, мы што, супраць свайго народу будзем ваяваць? І мы адмовіліся, некаторыя нават партбілеты здалі», — кажа Юры.
Хлеб пад падушкай
Вольга Бакуменка кажа, што алькаголь — асноўная прычына таго, што дзеці аказваюцца фактычна сіротамі пры жывых бацьках. Большасьць дзяцей у сям’і Бакуменак — з тых сямей, дзе бацькі злоўжывалі алькаголем.
Тым ня менш Бакуменкі імкнуцца падтрымліваць адносіны з роднымі бацькамі прыёмных дзяцей:
«Дзьве сястрычкі ў нас родам непадалёк ад Ружанаў. Іхная мама рабіла на фэрме. Мы іх пасадзілі ў машыну і павезьлі сустрэцца з мамай. Яна расплакалася, абняла іх, а потым узяла іх за рукі і прывяла да мяне. То бок мы адразу стараемся наладзіць адносіны, каб у нас не было канфліктнай сытуацыі з бацькамі. Ну бо як мы скажам потым дзецям пра любоў, калі мы будзем канфліктаваць з бацькамі? Калі ў іх у жыцьці здарылася падзеньне, то дзеці ўсё роўна іх любяць, хай сабе і ня так, як хацелася б... Таму ў нас з сваякамі дзяцей склаліся адносіны», — кажа Вольга.
Пасьля таго як дзеці трапляюць з прытулку да Бакуменкаў, кажа спадарыня Вольга, яны доўга адаптуюцца да сямейнага жыцьця:
«Доўгі час у дзяцей пад падушкамі знаходзілі хлеб. Хоць і стол поўны, яны ведаюць, што ў іх ёсьць што есьці і што заўтра будзе. Але тое, што раней было, вельмі складана з галавы выкінуць. Яны памяталі, што ў роднай сям’і яны былі галодныя, і адкладалі ў запас хлеб пад падушку. Ужо праз пэўны час, калі яны ўвайшлі ў сям’ю, то пазбаўляюцца гэтага».
«Пажарныя жартуюць, што, можа, ім тут у нас аддзяленьне адкрыць»
Юрый Бакуменка кажа, што дзеткі маюць розны характар, рознае разьвіцьцё, таму часам здараюцца і нэрвовыя здарэньні:
«Адразу сутыкнуліся з тым, што яны дзесьці і пасвавольнічаюць — то плякат з клясыкамі літаратуры ў школе паб’юць, ужо тэлефануюць са школы... То ўчастковы тэлефануе, запрашае прыйсьці. Аказваецца, адзін з нашых ламаў значкі з аўтамабіляў.
А пажарныя — дык гэта ўвогуле сябры нашы. Старэйшы наш, Вячаслаў, мае асаблівасьці псыхічнага разьвіцьця. І ён напачатку не разумеў увесь ланцужок дзеяньняў. Пабачыў, як зграбалі сена, склалі ў стог. А сьмецьце згрэблі і спалілі. То ён, таксама, пабачыўшы, падгроб і запаліў, а побач і стог загарэўся. Пажарныя прыляцелі, патушылі. Другі раз ужо хляўчук згарэў, трэці раз — палова летняй кухні... На чацьвёрты раз пажарныя раней прыехалі, чым мы туды дабеглі з жонкай. Пажарныя ўжо жартуюць, што, можа, ім тут у нас дзе аддзяленьне адчыніць...
Адна дзяўчынка наша патэлефанавала пажарным ды пажартавала, што гарыць хляўчук у хлопчыка, які ёй падабаўся.
Я часам жонцы сьмяюся-жартую, што наша прозьвішча раней было станоўчае, а цяпер то там, то там гучыць...»
«Бярыце дзяцей!»
Юры кажа, што мог бы з Вольгай пражыць і спакойнае жыцьцё без прыёмных дзяцей, але цяпер ён сабе гэтага нават і не ўяўляе:
«Азірнуўшыся назад, можна глянуць — у нас было двое дзяцей, я працаваў юрысконсультам у райвыканкаме, жонка — намесьнікам дырэктара. То бок — заробак, статус, усе ведалі ў раёне. Чаго ж нам не хапала? А потым пачалі дзеці прыходзіць і прыходзіць...»
Дзякуючы прыкладу Юрыя і Вольгі Бакуменкаў яшчэ 6 сямей ружанскіх пратэстанцкіх вернікаў пабралі на выхаваньне дзяцей з прытулкаў. І ружанскі пастар кажа, што не перастае ўгаворваць людзей, каб апекаваліся дзецьмі:
«10–15 дзяцей у прытулку заўсёды ёсьць. Таму я кажу — бярыце дзяцей! Я дзе ні бываю, проста пераконваю, каб бралі дзяцей. Нацыю ратаваць трэба. Калі не памыляюся, згодна з статыстыкай, кожны чацьвёрты выхаванец дзіцячага дому сканчае жыцьцё самагубствам, многія сьпіваюцца, у нязначнага працэнту больш-менш складаецца жыцьцё.
Нешта ж трэба рабіць! Трэба ратаваць нацыю, бо сьпіваюцца, паміраюць...
Таму асабліва хрысьціянаў, асабліва веруючых я пераконваю, што трэба браць дзяцей.
Гэтая праца — шмат сьлёз, шмат перажываньняў. Але пройдзе дзесяць год, і гэтае дзіцё створыць сваю сям’ю, гэта вялікая радасьць. Дарэчы, у будучыні многія мае дзеці хочуць выхоўваць прыёмных дзяцей. І гэта мяне вельмі цешыць».