Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як супрацьстаяць антыбеларускай прапагандзе? 6 парадаў ад Аляксандра Класкоўскага


Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі

Мэдыяэкспэрт і палітычны аналітык Аляксандар Класкоўскі ў інтэрвію Свабодзе прапанаваў сваё бачаньне таго, як трэба рэагаваць на антыбеларускія публікацыі, якія рэгулярна зьяўляюцца ў тых ці іншых расейскіх СМІ і сацыяльных сетках.

Ігнараваць: «На кожны чых, можа, і ня варта рэагаваць»

«Калі браць асобную публікацыю даволі маргінальнага рэсурсу, такога як «Рэгнум», то на кожны чых, можа, і ня варта рэагаваць — у тым сэнсе, каб, між іншым, не рабіць ім піяру. Усё ж гэта агенцтва не мэйнстрымнае, і ня трэба думаць, што за кожнай публікацыяй пад псэўданімам адразу стаіць нехта ў Крамлі, хто даў на гэтую публікацыю адмашку. Але натуральна, што такога кшталту мэдыйныя выпады зьверху ў Расеі заахвочваюць — магчыма, гэта такі зандаж глебы ідзе. Ва ўсялякім разе, гэта адлюстраваньне поглядаў калі ня ўсёй кіроўнай эліты, то больш радыкальнай у імпэрскім пляне часткі эліты. Але ня трэба на кожны нейкі брэх рэагаваць, а трэба проста весьці сваю лінію — абʼектыўнае інфармаваньне, узважаная аналітыка, плюралізм думак», — кажа Класкоўскі.

Распрацаваць стратэгію інфармацыйнай бясьпекі

«У Беларусі павінна быць прадуманая стратэгія інфармацыйнай бясьпекі і, у прыватнасьці, супрацьдзеяньня імпэрскай вялікадзяржаўнай прапагандзе. Самі гэтыя расейскія майстры ўсялякіх тэлевізійных шоў і камэнтароў, у прынцыпе, і не хаваюць таго, што яны прапагандысты, што яны ваяры імпэрыі. Таму беларускім уладам таксама трэба супрацьпастаўляць гэтаму сваю стратэгію», — лічыць мэдыяэкспэрт.

Класкоўскі кажа, што афіцыйны Менск ужо зразумеў, якую небясьпеку для Беларусі ўяўляе расейская імпэрская прапаганда:

«Калі паглядзець на падзеі ва Ўкраіне, анэксію Крыму і тое, што адбылося на Данбасе — у значнай ступені гэта стала магчыма праз тое, што расейская прапаганда прамывала мазгі гэтымі ідэямі так званага „русского мира“. Адчуваецца, што беларуская ўлада схамянулася пасьля Крыму і стала чухаць патыліцу, думаць, як гэта зрабіць. У прыватнасьці, так званы трэнд мяккай беларусізацыі — прамое наступства гэтых падзей. Крымска-данбаскі сцэнар самае высокае беларускае начальства прымерыла на Беларусь, і ў іх пайшоў халадок між лапатак».

Іншая справа, што магчымасьці беларускіх уладаў тут абмежаваныя, лічыць Класкоўскі.

«Беларуская ўлада трапіла ў сваю пастку так званай братняй інтэграцыі, у пастку сваёй залежнасьці ад Расеі, калі і хочацца, і колецца. То бок страшна выклікаць раздражненьне ў Крамлі, бо і так у шэрагу падобных публікацыяў Аляксандра Лукашэнку абвінавацілі ў тым, што ён патурае „беларускім бандэраўцам“ і заўтра, маўляў, Беларусь ператворыцца ў чарговую антырасейскую краіну. Таму беларускае кіраўніцтва і баіцца падставіцца, і разам з тым ціхай сапай патроху нешта робіць», — кажа ён.

Разьвіцьцё незалежных мэдыяў

Паводле слоў Класкоўскага, дзяржаўныя мэдыі ўжо трохі карэктуюць сваю палітыку — яны ўсё ж сталі дапускаць болей плюралізму ў тэлевізійных шоў. Але магчымасьці дзяржаўных СМІ ўсё ж вельмі абмежаваныя.

Трэба ўмацоўваць нацыянальную ідэнтычнасьць беларусаў, а без разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці, без разьвіцьця незалежных мэдыяў гэта немагчыма

«Без адмашкі яны лішняга слова на адрас „старэйшага брата“ ніколі ня скажуць, дый дзяржаўная прэса — яна не такая разваротлівая. Таму стаўку трэба рабіць на разьвіцьцё сэктару недзяржаўных мэдыяў. А гэта ўжо выклік для беларускай улады, бо свабоднай прэсы яна баіцца, ня любіць яе і лічыць за лепшае трымаць у маргінальным стане. І калі казаць шырэй пра выхаваньне патрыятызму, пра разьвіцьцё здаровага нацыяналізму, то гэта таксама выклік і фобія для ўлады, таму што нацыяналісты асацыююцца з апазыцыяй, зь „пятай калёнай“, хоць насамрэч гаворка ідзе пра тое, што трэба пазбаўляцца ад залішняй русыфікацыі. Трэба ўмацоўваць нацыянальную ідэнтычнасьць беларусаў, а без разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці, без разьвіцьця незалежных мэдыяў гэта немагчыма. Але тут праблема ўпіраецца ў спэцыфіку аўтарытарнага рэжыму, для якога якраз незалежная прэса і грамадзянская супольнасьць — гэта ворагі, бо яны падточваюць падмурак улады. У гэтым самая галоўная калізія», — лічыць ён.

Тактычнае ўзаемадзеяньне

На думку Класкоўскага, у мэтах супрацьстаяньня расейскай прапагандзе апазыцыя і грамадзянская супольнасьць не павінны адмаўляцца ад супрацоўніцтва зь дзяржаўнымі мэдыямі.

«Тут магчымыя нейкія тактычныя кампрамісы, тактычнае ўзаемадзеяньне. Некаторыя апазыцыянэры з гонарам заяўляюць, што яны ня пойдуць на гэтае прапагандысцкае тэлебачаньне, калі іх запрашаюць у эфір. Гэта такая грэблівая эстэцкая пазыцыя, што я буду ў белых пальчатках, на мой погляд, неапраўданая, таму што ніколі ня будзе цяплічных умоў пры цяперашняй уладзе. Трэба ісьці змагацца і даводзіць свой пункт гледжаньня, нават калі гэта перадача прапагандысцкая і няма роўных умоў для дыскусіі. Вось такая павінна быць пазыцыя ў грамадзтва — баявая і наступальная», — кажа ён.

Забарона

Забарона тых ці іншых мэдыярэсурсаў таксама магчымая, але ў гэтым выпадку трэба разглядаць кожную канкрэтную сытуацыю, лічыць Класкоўскі.

«Тут пытаньне да ўладаў: былі выпадкі, калі блякаваліся нейкія незалежныя рэсурсы — вось такі тэст на прынцыповасьць для адпаведных структур. Вядома, калі гаворка ідзе пра зусім ужо брыдкія і сыстэматычныя праявы, то такое рашэньне можа быць прынята. Але я ня думаю, што беларуская ўлада на гэта ў сёньняшніх умовах пойдзе. Бо адна рэч, калі, напрыклад, краіны Балтыі забаранялі нейкія расейскія каналы: Прыбалтыка — гэта адрэзаная луста, яны выбралі свой шлях, і Расея, груба кажучы, для іх вораг (на вайне як на вайне). Але ж Беларусь — гэта хаўрусьніца Расеі, і я думаю, што, можа, нават з дыпляматычных меркаваньняў можна зразумець беларускія ўлады, калі яны ня хочуць вось такімі дзеяньнямі дражніць рускага мядзьведзя. Іншая справа, што трэба пакрысе рэдагаваць колькасьць гэтага расейскага кантэнту і замяшчаць яго ўласным нацыянальным кантэнтам», — кажа экспэрт.

Якасьць кантэнту

Класкоўскі прызнаецца, што сам ён не прыхільнік забаронаў, «калі гаворка не ідзе пра зусім ужо брыдкія, радыкальныя праявы, пра відавочнае распальваньне міжнацыянальнай варажнечы». Стаўку, лічыць экспэрт, трэба рабіць на якасьць уласнага кантэнту:

«У мэдыйнай сфэры трэба працаваць па канонах цывілізаванай журналістыкі. Трэба, каб ішло выцясьненьне расейскага кантэнту, каб было болей якаснага беларускага кантэнту. У прынцыпе, гэта павінна быць змаганьне ідэй, якасьці кантэнту: рабіць сваё так, каб гэта было больш пераканаўча, больш цікава для айчыннай аўдыторыі. Тут мы зноў вяртаемся да пытаньня, што тут улада сама ня ўправіцца — трэба разьвіваць сэктар незалежных мэдыяў. Грамадзтва і незалежная прэса павінны спакойна рабіць сваю справу. То бок трэба проста выконваць задачы прэсы, сярод якіх — фармаваньне нацыянальнай самасьвядомасьці», — кажа экспэрт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG