Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Горад парадоксаў і нелягічнай бязглузьдзіцы. Паноптыкум». Як Севастопаль жыве пад акупацыяй


Сьвяткаваньне 23 лютага ў Севастопалі
Сьвяткаваньне 23 лютага ў Севастопалі

Праўкраінска настроеныя жыхары Крыму і Севастопаля жывуць у атмасфэры страху, а астатнія, нягледзячы на значнае пагаршэньне эканамічнай сытуацыі, працягваюць верыць расейскай прапагандзе і «абагаўляць» Пуціна.

Пра гэта ў інтэрвію Свабодзе распавёў украінскі актывіст, жыхар Севастопаля Дзьмітры. Ён скончыў Севастопальскі нацыянальны тэхнічны ўнівэрсытэт, факультэт марскіх тэхналёгіяў і суднаходзтва. Дзьмітры — адзін з адміністратараў праўкраінскай суполкі «Ўкантакце» пад назвай «Севастопаль — украінскі горад».

Дзьмітры папрасіў не называць у публікацыі ягонага прозьвішча, таму што, паводле ягоных слоў, у сёньняшнім Крыме гэта можа быць небясьпечна.

— Наша гутарка пачалася з вашых слоў пра тое, што інтэрвію для грамадзян з праўкраінскай пазыцыяй у акупаваным Крыме можа быць небясьпечным. Сапраўды ўсё настолькі сур’ёзна? Праўкраінска настроеныя грамадзяне жывуць у атмасфэры страху?

— Так, гэта можа быць вельмі небясьпечна, як для здароўя, так і для будучыні сям’і таго чалавека, які выказаў сваю праўкраінскую пазыцыю. Спэцслужбы і «цітушкі» («самаабарона») працуюць у тандэме, як гэта было пры акупацыі Крыму і Севастопаля. У 2014 годзе на форуме «Севинфо» зьбіралі інфармацыю на ўсіх праўкраінскіх жыхароў гораду з заклікам зьбіваць і нават забіваць, але гэтую тэму выдалілі празь некаторы час, каб у праваабаронцаў не было падставы злавіць прарасейскіх сэпаратыстаў на злачынствах. Маіх сяброў у гэты пэрыяд выкрадалі і зьбівалі — тыя ж беркутаўцы і супрацоўнікі ФСБ разам з калябарантамі. Прыходзілі да іх, пад любым прыклёпам і пагрозамі спрабавалі трапіць у дом, забіралі ўсе цьвёрдыя дыскі і носьбіты інфармацыі. Але, на шчасьце, некаторых адпусьцілі, пасьля чаго тыя мусілі выехаць на мацярык.

— Чым можа пагражаць чалавеку публічнае агучваньне сваіх праўкраінскіх пазыцыяў?

— Асуджэньнем, абразай, ажно да зьбіцьця, або выклікам у ФСБ. Людзей выклікаюць у ФСБ, запалохваюць, фактычна вымушаюць выехаць на мацярык. Пра сваіх сяброў ня буду пісаць, каб не падстаўляць іх і іхнія сем’і. Але можна ўзгадаць гісторыю Лізы Багуцкай (украінская блогерка, якая ўжо пасьля анэксіі разьяжджала па Крыме ў машыне, размаляванай арнамэнтам на ўзор украінскай вышыванкі. Была вымушаная пакінуць паўвостраў пасьля таго, як у яе дома прайшоў ператрус і ёй сталі пагражаць крымінальным перасьледам. — РС) і яшчэ вельмі шмат выпадкаў. Пуцінскі акупацыйны рэжым не пакідае спробаў псыхічным тэрорам вымусіць чалавека зьехаць са свайго дому. А калі не выходзіць — на яго заводзяць справу па выдуманых прычынах, як у выпадку з Кастэнкам, Кольчанкам, Сянцовым і г.д.

— Сёньня можна пачуць украінскую мову ў Крыме ў публічных месцах?

— Не, у Севастопалі я ня чуў, каб хто гаварыў па-ўкраінску. Толькі дома і каб ніхто ня чуў.

— А калі вы ў кавярні пачняце размаўляць зь сябрам па-ўкраінску — як на гэта будуць рэагаваць?

— Стануць глядзець коса. Хутчэй за ўсё, потым пойдуць абразы. Прапаганда настолькі людзям прамыла мозг, што яны ўспрымаюць гэта як пагрозу для іх жыцьця.

— У Крыме адчуваецца таварны голад? Сутыкаецеся вы зь недахопам тых ці іншых тавараў?

— Не, але кошты вельмі высокія.

— Якая сёньня сытуацыя са сьвятлом і электрычнасьцю ў Севастопалі?

— Няма вулічнага асьвятленьня. Лімітуецца падача электраэнэргіі для прадпрыемстваў. Існуе некантраляваны графік адключэньня: адны дамы могуць увесь час гарэць, бо знаходзяцца на лініі стратэгічных аб’ектаў, а іншыя ўвесь час выключацца. Дарэчы, гэта прывяло да таго, што «ватнікі» пачалі скардзіцца адзін на аднаго і даносіць на сваіх жа суседзяў, якія жывуць побач у дамах са сьвятлом. Пасьля гэтага выключаюць дамы ўручную.

— Вядома, што санкцыі ў дачыненьні да Крыму закранулі і IT-сфэру: Крым пакінулі Skype, Gmail, Windows, Apple, быў закрыты доступ да папулярнага амэрыканскага праграмнага забесьпячэньня. Наколькі гэта адбілася на шараговых інтэрнэт-карыстальніках?

— Я не сутыкаўся зь нейкімі праблемамі ў гэтым пляне. Трэба разумець, што многія санкцыі маюць намінальны характар.

— Шмат гаворыцца пра транспартныя праблемы ў Крыме ва ўмовах акупацыі і блякады: магчымасьці пакінуць паўвостраў і вярнуцца назад моцна абмежаваныя. Ці так гэта? Наколькі востра гэта адчуваюць жыхары Крыму?

— Ёсьць праблема, зьвязаная з адсутнасьцю чыгуначных зносін. Авіязносін Крыму з Украінай і іншымі краінамі, як гэта было раней зь Міжнароднага Сымфэропальскага аэрапорту і Бельбека, няма. Каб трапіць у Кіеў зь Севастопаля, трэба ехаць на аўтобусе празь Ялту зь перасадкай на адміністрацыйнай мяжы Крыму. Высокія цэны і нязручнасьці з праходам межаў. Зь вялікімі сумкамі наагул ня раіў бы езьдзіць у Крым і з Крыму, таму што трэба яшчэ прайсьці па нэўтральнай паласе 2 км, ад паста да паста.

— Які ў вас цяпер пашпарт — расейскі ці ўкраінскі?

— Два. Украінскі пашпарт і «воўчы білет» — расейскі аўсвайс.

— Ці зьмяніліся настроі жыхароў Крыму за апошні год? Вам даводзілася сустракаць людзей, які першапачаткова падтрымлівалі анэксію Крыму, а цяпер шкадуюць пра гэта?

— Большасьць ап’яненыя прапагандай. Але рэаліі, зьвязаныя з брудным і недагледжаным горадам, даюць па галаве і ацьвярэжваюць. Аднак усе жывуць у татальным страху і баяцца пра гэта казаць адкрыта. Гэта толькі пры Ўкраіне можна было свабодна праводзіць акцыі і выказваць сваю незадаволенасьць, а цяпер тут таталітарызм чыстай вады. Гайкі настолькі закручаны, што не паварухнуцца. Насычанасьць спэцслужбамі, паліцыяй і ўсякімі ваенізаванымі структурамі зашкальвае. Народ баіцца і маўчыць, толькі на кухні шэпчуцца і ў інтэрнэце часам.

— Каго людзі ў асноўным вінавацяць у эканамічных цяжкасьцях?

— У Севастопалі вінавацяць губэрнатара горада Мяняйлу. Але таго, хто яго прызначыў, абагаўляюць, у лепшых традыцыях сталінізму. Горад парадоксаў і нелягічнай бязглузьдзіцы. Паноптыкум.

— Ёсьць у вас жаданьне пакінуць Крым?

— Ёсьць, і вельмі вялікае. Шмат знаёмых і сяброў пакінулі Севастопаль і Крым. Ня ведаю, колькі яшчэ працягну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG