Пасьля пашырэньня санкцыяў ЗША супраць Расеі — цяпер ня толькі Крамля, а і зьвязаных з Крамлём прыватных кампаніяў — расейскія фондавыя рынкі рэзка ўпалі 9 красавіка.
Індэкс Маскоўскай фондавай біржы па выніках 9 красавіка ўпаў на 8,34%, індэкс RTSI — на 11,44%. Найбольш пацярпелі рынкі мэталюргічных кампаніяў, банкаў, фінансавых і транспартных кампаніяў, энэргетыкі і тэлекамунікацыяў. Найбольш рынкавага кошту страцілі на біржы «Сбербанк», «Роснефть» і «Газпром».
Паводле газэты «Ведомости», расейскі рынак страціў 2,716 трлн рублёў капіталізацыі. З улікам падзеньня расейскага рубля да даляра на 1,27% за дзень цяпер гэта больш як 46 млрд даляраў стратаў.
«Русал» абваліўся ня толькі (і ня столькі) на маскоўскай біржы, дзе страціў чвэрць капіталізацыі. На біржы ў Ганконгу акцыі кампаніі алігарха Алега Дзерыпаскі страцілі палову цаны. Як піша Reuters, страты капіталізацыяў «Русалу», ГАЗ і іншых кампаніяў Дзерыпаскі могуць пацягнуць страту найбуйнейшых контрагентаў, у ліку якіх Volkswagen, Toyota, Glencore і Rio Tinto Alcan, сыход інвэстараў. Абмежаваньні супраць яго і падкантрольных яму актываў сталіся настолькі шырокімі, што паўстае пытаньне наконт пэрспэктыў выжываньня ягонай бізнэс-імпэрыі.
Паводле ацэнак Forbes, адзін толькі Дзерыпаска страціў каля 30% капіталу, 1,6 млрд даляраў. Таксама адчувальныя страты зазналі расейскія мільярдэры Сулейман Керымаў (мінус 1,5 млрд, мінус 23,3%), Уладзімер Патанін (мінус 1,3 млрд, мінус 8,3%), Вагіт Алекпераў (мінус 1,2 млрд, мінус 6,6%) — у рэйтынгу зьменаў багацьця мільярдэраў спрэс расейцы і ўсё падзеньне, сумарныя страты, — амаль 12 млрд даляраў.
Расейскія ўлады, адзначаюць «Ведомости», цяпер хочуць стварыць «афшорныя» зоны для алігархаў, якія пацярпелі ад санкцыяў. Перавесьці свае структуры, вярнуць капітал без падаткаў і працаваць паводле асаблівых правілаў бізнэсоўцам маюць прапанаваць на востраве Акцябрскі каля Калінінграду і на востраве Рускі на Далёкім Усходзе — такія захады даручыў распрацаваць прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў.
Падзеньне на Маскоўскай біржы яшчэ ўчора ўдзень называлі самым хуткім з сакавіка 2014 году — з часоў анэксіі ўкраінскага Крыму і першай пагрозы маштабных санкцыяў за гэта. Цяперашняе падзеньне зьвязваюць зь нядаўнім «дапаўненьнем» санкцыяў ЗША супраць расейскага бізнэсу. Прынцыповае адрозьненьне новага пакету амэрыканскіх санкцый супраць Расеі ў тым, што Вашынгтон упершыню ўнёс у чорны сьпіс прыватныя кампаніі.